Вы тут

Спатканне з лесам


«Путешествие в мир природы Беларуси» — адна з найлепшых кніг, прысвечаных фаўне нашай краіны. Аўтар выдання Ігар Бышнёў — біёлаг, старшыня грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Беларусі», рэжысёр шматлікіх дакументальных фільмаў пра беларускую прыроду. Кандыдат біялагічных навук і адначасова лаўрэат шматлікіх кінафестываляў нагадвае пра ўнікальнасць навакольнага свету, галоўным чынам беларускіх лясоў, якія займаюць трэцюю частку тэрыторыі краіны.


У кнізе змешчаны артыкулы, прысвечаныя васьмідзесяці лясным жыхарам. Некаторыя тэксты нагадваюць апісанні з энцыклапедычнага даведніка, але пра многіх жывёл аўтар паведамляе цікавыя факты, вядомыя толькі добрым знаўцам беларускай прыроды. Напрыклад, рэмез звычайны, які належыць да роду сініц, — найлепшы ў Еўропе будаўнік гнёздаў. Гняздо рэмеза прыгожае, цёплае і трывалае, у некаторых краінах дзеці нават збіралі гнёзды рэмеза і насілі замест хатняга абутку. Цікава і тое, што з ласкі Крыстафора Калумба ў Беларусі амаль знікла еўрапейская норка: яе месца заняла амерыканская норка, прывезеная ў нашу краіну ў 1954 годзе. Крыху мацнейшая, большая па памеры, менш патрабавальная іншаземка заняла колішнія ўладанні еўрапейскай норкі, якая цяпер на мяжы знікнення...

Вялікая вартасць выдання — шматлікія фотаздымкі Дмітрыя Якубовіча, Наталлі Цецярэўскай, Віктара Казлоўскага, самога Ігара Бышнёва і яго сыноў Мікіты і Ільі, якія дапамагаюць бацьку ствараць новыя кінафільмы. Ласуецца парэчкамі мядзведзь, разбягаюцца маленькія чарапашкі, хаваецца ў дрэвах вуж — у сучасным урбанізаваным свеце пабачыць гэта, здаецца, немагчыма. Але ў кнізе імгненне спыняецца: аблізваецца рысь, прыслухоўваецца да чалавека заяц, утульна спіць у сваім жытле вожык. Некаторыя старонкі аздоблены графічнымі малюнкамі жывёл і птушак, а таксама выявамі іх слядоў.

Выданне будзе цікавае як для дарослых, так і для дзетак, якія толькі пачынаюць знаёмства са светам беларускіх лясоў. «Путешествие в мир природы Беларуси» — кніга нашмат больш рэалістычная, чым літаратурна-мастацкія выданні для маленькага чытача. Насельнікі лесу ў кнізе Ігара Бышнёва — не толькі мілыя і пухнатыя стварэнні, але і драпежнікі, небяспечныя для меншых суродзічаў і нават для чалавека. Разам з тым шматлікія фотаздымкі нагадваюць, як важна захаваць разнастайнасць прыроды, наколькі каштоўнае кожнае жыццё ў нашым вялікім свеце.

Марыя ШЧЫПАНАВА, Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.