Вы тут

Луцк: ад Вітаўта да нашых дзён


Хтосьці любіць пляжны адпачынак, а я – пазнавальны. Луцк – невыпадковая кропка на карце, бо калісьці ён быў у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Недалёка ад горада, у пасёлку Алыка, захаваўся палац Радзівілаў. Вельмі цікава прайсціся па слядах гісторыі і адчуць гасціннасць украінцаў.


Адчуць сябе каранаванай асобай

Луцк – адзін з самых старажытных гарадоў Заходняй Украіны. У 1320 годзе горад увайшоў у склад ВКЛ і неўзабаве стаў уласнасцю Любарта Гедымінавіча, князя Луцкага, Валынскага і інш. Сын Гедыміна пабудаваў замак, які захаваўся да нашых дзён і ўваходзіць у ТОП-7 цудаў Украіны.

У Луцкім замку Любарта ў 1429 годзе сабраліся манархі Еўропы, каб абмеркаваць палітычныя і эканамічныя пытанні. Тут жа ішла гаворка пра каранацыю Вітаўта. Праўда, яна так і не адбылася, таму што ў князя былі праціўнікі. Зараз жа ў замку і каля яго можа каранавацца любы госць: дэкарацый для гэтага хапае. Уваходны квіток у замак каштуе 20 грывень (1.53 руб.). Пры гэтым у наведвальніка поўная свабода – можна знаходзіцца там хоць увесь дзень, гуляць па тэрыторыі, наведаць карціную галерэю, зазірнуць у сувенірныя крамкі. Яшчэ 20 грывень каштуе экскурсія па вежы, на кожным ярусе якой ёсць цікавыя экспазіцыі.

Пасля прагулкі самы час паабедаць. Вядома, у рэстаране “Карона Вітаўта”, дзе прытрымліваюцца правіла: “Для наc кожны з гасцей – каранаваная асоба”. Паводле легенды, менавіта на гэтым месцы Вітаўт даваў банкет у гонар еўрапейскіх манархаў. Кажуць, што і зараз стравы тут гатуюць па рэцэптах княжацкага кухара.

Паводле легенды, менавіта на гэтым месцы Вітаўт даваў банкет у гонар еўрапейскіх манархаў. Кажуць, што і зараз стравы тут гатуюць па рэцэптах княжацкага кухара.

У холе рэстарана – фотаздымкі ганаровых гасцей: ад прэзідэнтаў  Польшчы і Украіны да Святаслава Вакарчука. Нас, нягледзячы на паходны выгляд, сапраўды сустракалі як каралёў, зрэшты,  і ўсіх астатніх – таксама.

Цэны ў каралеўскім рэстаране такія: салат з запечаных буракоў з сырам (170 г) – 57 грывень, або 4.37 руб., з рукалы з грушай (175 г) – 6.06 руб., паштэт грыбны і фуа-гра (па 100 г) – па 5.29 руб. Супы каштуюць ад 3.60 да 10.58 руб., за 100 г фірмовай стравы «Княжы меч» трэба заплаціць 5.98 руб., гарнір з запечанай гародніны (150 г) – 4.52 руб. Морс з журавін – 1.99 руб., кава эспрэса – 1.92. Кошты тут сапраўды каралеўскія па ўкраінскіх мерках. У горадзе суп каштуе каля 2 руб., стравы "на другое" – ад 3 руб.

Акрамя візіткі горада, у Луцку ёсць што яшчэ паглядзець. Побач з замкам – велічны кафедральны Петрапаўлаўскі касцёл. Ды і проста прыемна пагуляць па ўтульных вулачках, дзе захаваўся дух даўніны. Зрэшты, лучане здолелі нават сучасны жылы дом скульптара Мікалая Галаваня ператварыць у турыстычны аб'ект.

Дом скульптара

У нас была складзеная праграма візіту, але ўсё ж як прыемна, калі ў інфармацыйна-турыстычным цэнтры супрацоўніца казала: «О, вы з Беларусі, вам трэба да Радзівілаў».

Да восені 1939 года Луцк уваходзіў у склад Польшчы, і да гэтага часу там папулярны зварот “пан/пані”, а польская дыяспара захавала родную мову. У цэлым горад украінамоўны, але ніякага негатыву ў адносінах да рускамоўных няма, а ў нас адразу пазнавалі беларусаў і вельмі цёпла прымалі.

 Што выгадна купляць

У Луцку жыве больш за 200 тысяч чалавек, тут шмат гандлёвых цэнтраў і прамысловых прадпрыемстваў. У прыватнасці, у горадзе выпускаюць знакамітыя аўтобусы “Багдан”.

Рынак ёсць ля чыгуначнага вакзалу і прама пад сценамі замка. Магчыма, гэта далёка не ўсе рынкі горада. Як, напрыклад, і ў Чарнігаве, яны шмат у чым падобныя да “прывітання з 90-х”. На адкрытай частцы рынкаў мінімум добраўпарадкавання, але вельмі вялікі асартымент тавараў. Цэны на нейкія рэчы ніжэй за нашы, на нейкія – цалкам супастаўныя.

Што дакладна танней у Луцку і ​​іншых вядомых мне ўкраінскіх гарадах, дык гэта мёд, арэхі, цукеркі, кава, спіртныя напоі, усялякія гаспадарчыя дробязі, а таксама  ювелірныя вырабы. “Залаты век”, “Срэбны свет”, “Сталічная ювелірная фабрыка” так і вабяць зніжкамі. Яны тут ёсць заўсёды! Мая сяброўка спачатку была ашаломленая прадаўцамі і ахоўнікамі “Залатога веку” –  маўляў, мы ў іх нічога не купілі, а нам жадаюць “гарнага дня”.

У Луцку прадстаўлены тры сеткі парфумерных крам. У маім рэйтынгу самая дарагая – Vatson, затым ідзе Prostor, у Ewa цэны здаліся самымі прывабнымі.

На пешаходнай вуліцы Лесі Украінкі багата ўсялякіх крамак, у тым ліку тых, ўто гандлююць цукеркамі. Чарнасліў, курага, дыня, фінікі (з арэхамі або без) у шакаладзе каштуюць ад 8.05 да 12.26 руб. за кілаграм. “Сталічныя” прадаюцца без звыклых нам фанцікаў, у каробках, кілаграм цукерак каштуе 8 рублёў.

На гэтай жа вуліцы граюць музыкі, прадаюць каву. Кубак эспрэса каштуе 92 капейкі на нашы грошы. У “Сямейнай пякарні” найбагацейшы выбар свежай выпечкі – аж вочы разбягаюцца! Булачка з самага мяккага слоенага цеста са шчодрай вішнёвай начынкай – усяго 57 капеек.

У сетцы супермаркетаў “Сільпо” ў аддзеле сокаў мы заўсёды здзіўляемся, чаму ўсё гэта багацце выбару не даязджае да Беларусі. У каўбасным аддзеле таксама задумаліся: чаму ў нашых крамах лёгка нарвацца на прадаўца, які прыдумае сто прычын, каб не ўключаць слайсер, а ў Луцку, як і ў Таліне ці Варшаве, сыры і мясныя дэлікатэсы нарэзаныя і спакаваныя па 4-12 кавалачкаў? У кулінарным аддзеле стравы для разагрэву кладуць у бясплатныя латкі для мікрахвалёвак.

У «Мядовай хаце» прадаўцы пераканалі нас, што ў іх прадаюцца мядовыя алкагольныя кактэйлі па рэцэптах часоў Вітаўта. Мы разумелі, што гэта гульня, але яна нам падабалася.

Паездка ва Украіну не абыходзіцца без візітаў у аптэкі. Напрыклад, усялякага роду вітамінныя прэпараты з чарніцамі каштуюць непрыстойна мала ў параўнанні з мінскімі цэнамі. Некаторыя лекі таксама танней за нашы. У нейкі момант я падумала, што ўкраінцы наладзілі выпуск аналагаў амерыканскіх вітамінаў, але ўбачыла, што ўпакоўка на ўкраінскай мове, а таблеткі зроблены ў ЗША. Ва Украіне, Прыбалтыцы, Польшчы адпускаюць па беларускіх рэцэптах лекі, калі яны не ўтрымліваюць рэчываў, забароненых да перамяшчэння праз мяжу.

Лічыцца, што ва Украіне ўсё танней. На самой справе, цэны растуць і там. З траўня, напрыклад, падаражэў праезд у цягніках і міжгародніх аўтобусах. У гарадскіх маршрутках таксама замест 3 грывень (23 кап.) трэба плаціць ужо 4 (31 кап.). Дарэчы, вельмі мне падабаецца, што ва Украіне ў кошт чыгуначнага бiлета ўключана аплата за пасцельную бялізну і два кубачка гарбаты.

Некалькі парадаў

Ва Украіне практычна ўсюды, акрамя рынкаў, невялікіх гатэляў і кватэр, можна разлічыцца карткамі. У Мінску з грыўняй працуюць не ўсе банкі, але нават у тых, дзе заяўлены абменны курс, трэба ўдакладняць наяўнасць валюты ў тым ці іншым аддзяленні. А курс такі, што прадаваць нявыдаткаваныя грыўні вельмі стратна. Таму перад паездкай трэба максімальна дакладна разлічыць неабходную колькасць наяўных. Дарэчы, на рынку прадаўцы ахвотна возьмуць долары ці еўра, але здачу дадуць грыўнямі, а ў некаторых гандляроў ёсць патрэба і ў беларускіх рублях. Афіцыйных абменнікаў таксама хапае, але курс прадаўцоў можа быць лепшы. Мы ўжо даўно адвыклі ад вулічнага абмену валют, таму такую ​​магчымасць нават не разглядалі.

 Яшчэ штосьці пра цэны. Двухмесны нумар з усімі выгодамі ў невялікім прыватным гатэлі – 34.50 руб. у суткі, то бок 17.25 за аднаго чалавека. Камера захоўвання на вакзале ў Луцку – 1.53 руб. Квіткі: Брэст – Ковель – 9.31 руб., Ковель – Луцк – 4.58 руб. Абеды ў “їдальні” – сталовай – ад  3 руб., у кафэ – ад 6 руб. Квіток  на “кола агляду” ў мясцовым парку – 1.91, марожанае – ад 70 капеек.

У Чартарыйскіх «кватаравалі» НКУС і ЛПП

Першае пісьмовае згадванне пра Клевань, цяпер пасёлак гарадскога тыпу Ровенскай вобласці, вядома з 1458 года і звязана з імем Фёдара Чартарыйскага – дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, які насіў тытул князя Клеваньскага. Тут ён пабудаваў добра ўмацаваны замак. Цікава, што будаўніцтвам кіраваў львоўскі інжынер-фартыфікатар Ян Ліс, архітэктар Львоўскага гарадскога арсеналу. І сёння арачны мост, старыя цагляныя сцены выглядаюць велічна.

За пяць стагоддзяў у сценах замка былі княская рэзідэнцыя, калегія езуітаў, польская гімназія і духоўнае вучылішча. У 1919-1925 гадах тут стварылі прытулак для ахвяр баявых дзеянняў, якія засталіся без даху над галавой, пазней – школу. У 1933 годзе замак рэканструявалі і зноў размясцілі прытулак для дзяцей-сірот.

У 1939 годзе княскі замак ператварылі ў засценкі НКУС, і ў іх апынуліся тыя, хто не прыняў савецкую ўладу. Праз два гады нямецкія акупанты трымалі тут тых, каму не падабалася іх улада. Аж да смерці Сталіна замак выкарыстоўваўся як савецкая турма.

У 1954 годзе тут зноў прапісалася навучальная ўстанова – школа механізатараў, якая з часам атрымала статус прафтэхвучэльні, а пазней – і новы будынак. А ў замку размясцілі лячэбна-працоўны прафілакторый. Усе гэтыя “кватаранты” мінулага стагоддзя пакінулі свой след: кафлю ў санвузлах і на кухні, алейную фарбу на сценах.

Пустуючы з 1988 года замак паволі разбураецца, і толькі валанцёры імкнуцца хоць неяк яго захаваць. У дзяржавы былі вялікія планы на гэты аб’ект, аднак пакуль рукі не даходзяць, а грошай на рэканструкцыю няма.

У Клевані размешчаны Благавешчанскі касцёл, у якім яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай Клеваньскай, створаны італьянскім майстрам іканапісу Карла Дольчэ. У 1945 годзе, калі пачалася рэпатрыяцыя палякаў з заходніх тэрыторый Беларусі і Украіны, вернікі пераправілі абраз у Сквежын.

У 1947 годзе касцёл зачынілі, а ў 1991-м вярнулі вернікам, і з гэтага часу пачалася яго рэстаўрацыя. Цяпер тут знаходзіцца копія цудадзейнага абраза Маці Божай Клеваньской.

Між тым, праз Клевань праходзіць ажыўленая траса Роўна-Луцк. Тут ёсць невялікі гатэль, рэстаран, шмат розных крамак. Замак і касцёл наведваюць тургрупы і індывідуальныя турысты. Дарэчы, ва Украіне вельмі развіты ўнутраны турызм, прычым асабліва б адзначыла менавіта індывідуальны. Людзі едуць з аднаго канца краіны ў другі, каб убачыць цікавы ім гістарычны аб'ект. У Клевані турысты наведваюць унікальны прыродна-тэхнічных феномен – Тунэль кахання.

Радзівіл – князь на Алыцы і Нясвіжы

Кіламетрах у дваццаці ад Клевані знаходзіцца пасёлак гарадскога тыпу Алыка. Як і Клевань, ён адносіцца да Ровенскай вобласці, а на ўездзе ў пасёлак стаяць Луцкія вароты. У 1547 годзе ўладальнікам Алыкі стаў Мікалай Радзівіл Чорны, князь на Алыцы і Нясвіжы. Праз 11 гадоў тут з'явіўся палац, у якім было 365 пакояў. Хай не ў самым лепшым стане, але ён захаваўся да нашых дзён.

За шматвяковую гісторыю палац не раз разбураўся і адраджаўся. Самая грандыёзная рэканструкцыя доўжылася 30 гадоў: з 1883 па 1913 год. А кіраваў працай архітэктар Зігмунд Гаргалеўскі, які праектаваў і Львоўскі тэатр оперы і балету. Праз год пачалася Першая сусветная вайна, і палац зноў стаў мішэнню.

Апошняя "радзівілаўская" рэканструкцыя была праведзена князем Янушам Францішкам Радзівілам, апошнім ардынатам Алыкі. У верасні 1939 года князь апынуўся на занятай савецкімі войскамі тэрыторыі. Ваенныя атабарыліся ў палацы, а князь быў арыштаваны НКУС і адпраўлены ў Маскву, ва ўнутраную турму на Лубянцы. Не буду пераказваць мемуары савецкага выведніка Паўла Судаплатава, у якіх не раз узгадваецца імя Януша Радзівіла. Ясна толькі тое, што яго біяграфія магла б стаць асновай цікавага гістарычнага серыялу. Памёр князь у 1967 годзе ў Варшаве.

З савецкіх часоў і па сённяшні дзень Алыкскі палац Радзівілаў прыстасаваны пад лякарню для людзей, якія пакутуюць на душэўныя хваробы. Аде пакуль там жывуць людзі, ёсць надзея, што палац не разбурыцца. Персанал лячэбніцы дазваляе турыстам аглядаць унутраны дворык і тэрыторыю навокал. Знаходзячыся тут, здаецца, што на машыне часу трапіў у яшчэ не адрэстаўраваную нясвіжскую рэзідэнцыю Радзівілаў.

Побач з замкам у 1635-40 гадах італьянцамі Бенедэта Молі і Джавані Маліверна быў пабудаваны цагляны касцёл, а раней на яго месцы стаяў драўляны храм. Грошы на будаўніцтва ахвяраваў Альбрэхт Станіслаў Радзівіл. Касцёл па праву лічыўся самым прыгожым храмам Валыні.  Альбрэхт Радзівіл адкрыў пры касцёле калегію – філіял духоўнай семінарыі, у якой выкладалі пяць прафесараў. Мясцовая пані распавяла, што паводле ўспамінаў старэйшых членаў сям'і, унутранае ўбранне касцёлу было сапраўдным творам мастацтва: абразы, карціны, шмат скульптур, роспіс. Што цікава: былі там і скульптуры дванаццаці апосталаў, а некалькі захавалася да нашага часу. У Алыцы легенда пра залатых апосталаў не такая папулярная, як у Нясвіжы, аднак мясцовыя жыхары не выключаюць, што калі пашукаць, то сёе-тое з княжых скарбаў можна знайсці.

У гэтым касцёле таксама была сямейная крыпта Радзівілаў, але за гады савецкай улады яе разрабавалі. Намаганнямі ксяндза і вернікаў былі сабраныя парэшткі праху некалькіх пакаленняў княскага роду.

Згодна з мясцовай легендай, пазалочаны арган разабралі на самагонныя апараты.

Касцёл зачынілі ў 1945 годзе, а ў 1991-м вярнулі парафіянам. Цяпер тут рымска-каталіцкая парафія Луцкай дыяцэзіі. З 2016 года ажыццяўляецца вялікая рэстаўрацыя святыні пры ўдзеле Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Калі ўсё пойдзе па плану, то ў 2021 годзе яна завершыцца. І зноў будзе нагода наведаць радзівілаўскія мясціны ва Украіне.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дастаўку шафы, пасажыра вярхом на памідоры і канцэрт Віктара Вуячыча.