Вы тут

Сучаснасці Беларусь і ўвесь свет: грузінскія пераклады Святланы Алексіевіч


У Тбілісі ў выдавецтвах «Артануджы» і «Інтэлекты» (супольны праект двух выдавецтваў) выйшла кніга пра грузінскія пераклады кніг Святланы Алексіевіч — «На што здольная літаратура?!».


Невялікі па аб’ёме зборнічак сабраў шэсць публікацый: «Голас, які не маўчыць: ад Фолкнера да Алексіевіч» Звіяда Кварацхелія, «Кніга, дзе адбываецца выбух мазгоў» Шата Іаташвілі, «На што здольная літаратура?!» Ніно Садгабелашвілі, «Ад Важа-Пшавела да Святланы Алексіевіч» Маі Кудава, «Вайна без герояў» Тамар Кварацхелія, «Голас Святланы Алексіевіч» Тамар Катрыкадзэ. Кніга выдадзена на дзвюх мовах — грузінскай і рускай. Публікацыі папярэдне здзейснены (як правіла, у грузінскіх інтэрнэт-рэсурсах) з 2015 па 2017 гады.

Лейтматывам, як мне падаецца, да ўсяе кнігі могуць служыць словы Шата Іаташвілі: «…у літаратуры заўсёды маюцца ў запасе тайныя сілы, і ў патрэбны момант яна іх праяўляе. Пісьменнік, пра якога ў нас пойдзе размова сёння, валодае фенаменальнай якасцю — пісаць на той рысе, за якой чытач ужо не ў стане заставацца ранейшым чытачом. Якой бы непарушнай ні была яго ўнутраная канструкцыя, пасля прачытання гэтых тэкстаў аўтара ў ёй абавязкова нешта зменіцца, перабудуецца… Часам гэта прынята называць культурным шокам…»

У адным з артыкулаў падаецца інфармацыя пра кнігі лаўрэата Нобелеўскай прэміі С. Алексіевіч, якія былі выдадзены ў Грузіі: «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд хэнд» (перакладчыца — Ніно Бекішвілі), «Цынкавыя хлопчыкі» (перакладчык — Зураб Кутатэладзэ). «Чарнобыльская малітва» выдавалася двойчы. Першы раз — яшчэ да ўганаравання беларускай пісьменніцы Нобелеўскай прэміяй.

Ніно Садгабелашвілі напрыканцы свайго тэксту як некаторую паралель са здзейсненым Святланай Алексіевіч згадвае сучасных грузінскіх пісьменнікаў — Гурама Адзішарыя і Шарэну Лебанідзэ, іх мастацка-дакументальныя раманы, «у якіх уражліва і экспрэсіўна перададзены наша нядаўняе мінулае, рэальныя гісторыі, дыскурс вайны («Прэзідэнцкі кот» і «Вяртанне ў Сухумі» Гурама Адзішарыя, «Пропуск у зону канфлікту» і «Манана Ануа — 52 дні палону» Шарэны Лебанідзэ)». Гучыць як падказка для тых, хто займаецца параўнальным літаратуразнаўствам. Відавочна, і кнігі грузінскіх пісьменнікаў — спроба «прачытання сучаснасці».

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: ПраЧЫТАННЕ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.