Вы тут

Як Гродзеншчына прыцягвае інвестыцыі?


Развіццё рэгіёнаў немагчымае без інвестыцый. Гэта пытанне было ўзнята падчас пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, што прайшло ў Ашмянскім і Астравецкім раёнах.


Геаграфічнае становішча прываблівае грошы

Па словах старшыні Ашмянскага райвыканакама Міраслава Сарасека, у раёне ажыццяўляецца 10 інвестпраектаў. У іх ліку будаўніцтва гандлёвага цэнтра, аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, гасцініц. Некаторыя з іх завершаны. У планах — рэалізацыя праектаў на двух перапрацоўчых заводах: на сыраробчым заводзе па будаўніцтве цэха паспявання сыроў і рэканструкцыі цэха сепарыравання, на мясакамбінаце — будаўніцтва цэха першаснай перапрацоўкі. Агульны кошт плануемых інвестыцый складзе каля 26 млн рублёў.

Акрамя таго, РУП ЖКГ збіраецца мадэрнізіраваць кацельную ў райцэнтры з устаноўкай катла на мясцовых відах паліва, а таксама пабудуе гарадскія ачышчальныя збудаванні за кошт крэдыту Сусветнага банка. Шэраг праектаў плануецца рэалізаваць у сферы лагістыкі — рэканструкцыя дарогі М7 і будаўніцтва сэрвіснай зоны пункта пропуску «Каменны Лог». На гэтым аб'екце будзе створана 260 працоўных месцаў.

— Не кожны раён мае такі патэнцыял, — упэўнены Міраслаў Сарасек, — нам пашанцавала з выгадным геаграфічным становішчам, праз рэгіён ідуць вялікія транзітныя патокі. Сталі традыцыйнымі інвест-форумы «Паўночны вектар».

Зараз вядуцца перамовы па продажы былога льнозавода, які быў закрыты паўтара года таму. Расійскі інвестар мае намер не толькі арганізаваць вытворчасць па перапрацоўцы льну, але і па яго вырошчванні ў раёне.

Як рэалізаваць амбіцыйныя планы?

На думку старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, стаўку трэба рабіць на замежныя інвестыцыі.

— Інвестыцыйная дзейнасць — гэта тое, што можа забяспечыць рост валавога ўнутранага прадукту (далей — ВУП), у структуры ВУП яна павінна займаць 25 %, — падкрэсліў спікер. — Трэба на месцах ствараць усе ўмовы, каб інвестыцыйныя праекты рэалізоўваліся эфектыўна.

Нагадаем, да 2025 года ўзровень ВУП краіны павінен павялічыцца ўдвая і скласці 100 млрд долараў у эквіваленце — такую амбіцыйную задачу кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка агучыў падчас Паслання беларускаму народу і парламенту.

Як падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч, інвестыцыйныя праекты павінны быць інавацыйнымі па сутнасці: нельга ўвесь час выходзіць на сусветныя рынкі з аднымі і тымі ж таварамі:

— Кожны рубель павінен быць інавацыйным, што дазволіць трымаць канкурэнтаздольнасць эканомікі, — падкрэсліў спікер, — бо немагчыма нарошчваць экспарт на старой прадукцыі, а ў нас пакуль аб'ём новай высокатэхналагічнай прадукцыі ў экспарце невысокі — 33 %, у той час як у былых суседак па сацыялістычным лагеры гэты паказчык значна вышэйшы: у Венгрыі — 69 %, Славакіі — 67 %, Чэхіі — 64 %, Польшы — 51 %.

Між іншым, як падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў, каб дастойна канкурыраваць на сусветных рынках, трэба шукаць прарыўныя тэхналогіі.

Цалкам рэальная задача

Гродзеншчына прывабная для інвестара. І мінулая пяцігодка сведчыць аб актывізацыі гэтага сектара эканомікі. Інвестыцыі выраслі і ў апошнія гады складаюць да 40 % ад валавога рэгіянальнага прадукту, адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

Значную частку ўносіць, вядома, будаўніцтва Беларускай АЭС. Але ёсць нямала і іншых буйных праектаў. І гэта, у першую чаргу, будаўніцтва аўтамагістралі М6 — інфраструктурны праект, які зробіць сур'ёзны ўнёсак у эканоміку рэгіёна. Шэраг праектаў рэалізуюць некалькі замежных кампаній. У прыватнасці, расійская кампанія ў пачатку года запусціла ў Смаргоні завод па перапрацоўцы алейных культур. Ёсць прапанова пабудаваць яшчэ адно прадпрыемства па паглыбленай перапрацоўцы соі і атрымаць прадукт для фармацыі, кандытарскай прамысловасці. У Смаргоні развіваецца і кампанія «Кронаспан», кожны год адкрываючы новую вытворчасць. Цяпер гэты інвестар упадабаў і Свіслач, дзе кампанія збіраецца будаваць завод. Уласнікі маюць намер стварыць кластар з замежнымі прадпрыемствамі.

У Гродне кітайскі інвестар укладае 15 млн долараў у мадэрнізацыю самай высокай гасцініцы, нядаўна кампанія адкрыла цэнтр кітайскай медыцыны. Стабільна працуе літоўская кампанія АRVІ па вытворчасці мяса індычак, у планах — развівацца па іншых кірунках.

Па словах Уладзіміра Краўцова, у эканоміцы рэгіёна расце доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў, дзякуючы «бязвізу» актыўна пачаў развівацца турыстычны бізнес — гэта, можна сказаць, рэгіянальная асаблівасць.

Што датычыцца павелічэння ўдвая паказчыка валавога прадукту ў рэгіёне да 2025 года, то эканамічны блок аблвыканкама ўжо падлічыў, што гэта цалкам рэальная задача, у тым ліку дзякуючы рэалізацыі пералічаных вышэй праектаў.

Вольга АНУФРЫЕВА,

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.