Вы тут

Анколаг Алег Суконка: 40 % пухлін выяўляюцца тады, калі ўжо занадта позна


Штогод у Беларусі выяўляецца больш за 50 тысяч хворых на рак. Пік захваральнасці назіраецца ў людзей ва ўзросце ад 60 да 70 гадоў.


— Павелічэнне працягласці жыцця вядзе да таго, што расце колькасць анкалагічных хвароб, — расказвае дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, член Савета Рэспублікі Алег СУКОНКА. — Усе мы з'яўляемся носьбітамі анкагена і можам захварэць. І захварэем, калі будзем жыць да пэўнага ўзросту. Таму рашэнне праблемы раку — у пэўным сэнсе рашэнне праблемы бессмяротнасці. Нягледзячы на тое, што айчынная анкалагічная служба адна з найлепшых у СНД, нашы поспехі не такія істотныя, як, скажам, у кардыялогіі.

Алег Суконка растлумачыў, што каля 40 % пухлін у беларусаў выяўляюцца на 3-4-й стадыі. І гэта вялікая праблема і для ўрача, і для пацыента: нягледзячы на лячэнне, людзі, у якіх рак выяўлены на 4-й стадыі, жывуць у сярэднім не больш за тры гады. Палова з тых пацыентаў, у каго 3-я стадыя, гінуць на працягу пяці гадоў. У той жа час хворых на рак на 1-2-й стадыі часта ўдаецца цалкам вылечыць. Пры гэтым каля 70 % сродкаў расходуецца на лячэнне пацыентаў з 3-й і 4-й стадыямі. Таму зараз вялікую ўвагу анкалагічная служба ўдзяляе выяўленню захворванняў на ранніх стадыях.

У Беларусі ўжо некалькі апошніх гадоў паспяхова ўкараняюцца і дзейнічаюць скрынінгавыя праграмы (выяўленне раку на ранніх стадыях у пацыентаў, якія не маюць сімптомаў) па тых лакалізацыях, якія найбольш часта сустракаюцца.

— У мужчын гэта рак прастаты, у жанчын — малочных залоз. І ў абодвух полаў — рак кішэчніка. У жанчын ён на другім месцы па смяротнасці, у мужчын — на трэцім, — адзначае Алег Суконка. — У 60 % выпадкаў ён выяўляецца на 3-4-й стадыях. Распаўсюджаны і рак шыйкі маткі. Нягледзячы на тое, што гэта новаўтварэнне вонкавай лакалізацыі, каля 20 % выяўляецца на апошніх стадыях. Дзякуючы скрынінгу часцей пачалі выяўляць пухліны на ранніх стадыях. І калі летась была выяўлена 51 тысяча новых пацыентаў, то сёлета гэта лічба будзе 52 тысячы ці нават больш. Ранняе выяўленне раку — гэта складаная праблема яшчэ і таму, што яна закранае асновы нашай псіхалогіі. Пакуль нічога не турбуе, мы не імкнёмся прайсці скрынінг, бо баімся даведацца дрэнную навіну.

Алег Суконка засяродзіў увагу на тым, што кожны чалавек, незалежна ад узросту, павінен раз на год абследавацца, прычым гэта датычыцца не толькі раку, і праходзіць дыспансернае назіранне.

У найбліжэйшыя гады ў Беларусі пройдуць даследаванні па ўкараненні скрынінгаў па раку іншых распаўсюджаных лакалізацый. Такая работа вядзецца на базе Мінскага абласнога туберкулёзнага дыспансера па раку лёгкага. У пацыентаў яго выяўляюць з дапамогай нізкадазіраванай камп'ютарнай тамаграфіі. Бо флюараграфія, па словах Алега Суконкі, не інфарматыўная ў адносінах да анкалагічных захворванняў, з яе дапамогай выявіць рак можна толькі на 3-й стадыі. Ад раку яшчэ адной распаўсюджанай лакалізацыі — ротаглоткі — штогод памірае каля 17 тысяч чалавек, а гэта 9 % ад ракавых хворых, якія паміраюць. І яго плануецца выяўляць на ранніх стадыях. Гэтаксама як і меланому — рак скуры, а таксама рак яечнікаў.

— Рак яечнікаў вельмі агрэсіўны тып анкалагічнага захворвання, і яго запушчанасць вельмі высокая, а лячэнне на позніх стадыях бесперспектыўнае, — тлумачыць Алег Суконка. — Больш чым тры гады пасля выяўлення такія жанчыны, як правіла, не жывуць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.