Вы тут

Фотаздымак з гісторыяй. Не той гаспадар, які арэ...


Мар'іна балота,

Ніхто не ймець веры,

Колькі ты хаваеш

Багаццяў без меры!

Я. Купала. «Над ракою Арэсай»

Адшукваць багацці новага вольнага жыцця на спрадвечных Мар'інскіх балотах у пасёлак Сосны (цэнтральную сядзібу першага ў краіне на асушаных меліярацыйных землях саўгаса «Х год БССР») у 1928 годзе прыехала з Капыльшчыны Марыя Дабравольская. Вырашыла шукаць лепшай долі пасля таго, як яе жаніх Антон (быў ваенны) загінуў у сутычцы з бандытамі. У пачатку 1929 года ў яе нарадзіўся сын Іосіф (на фота з матуляй у два гады). Да вайны Марыя шчыравала паляводам у саўгасе, а ўзімку на мясцовым канапляным заводзе рабочай. Іосіфу давялося вучыцца ў школе толькі чатыры гады. Мірнае жыццё абрынула вайна... Ад варожых здзекаў хаваліся сярод балот, на пясчаных выспах, парослых сасняком, паблізу базы партызанскіх атрадаў брыгады імя Панамарэнкі. Жанчына рамантавала адзенне, мыла бялізну, малола зерне, а яе сын Іосіф быў падпаскам жывёлы.

Адразу пасля вызвалення вярнуліся ў родны пасёлак, які яшчэ падчас першай карнай аперацыі фашыстаў на дзевяносты дзень вайны быў ушчэнт разбураны, амаль усе пабудовы спалены, значная частка каштоўнасцяў вывезена. Ва ўцалелым будынку даваеннай бальніцы размясціўся варожы гарнізон. Давялося разам з суседзямі на месцы ям для разгрузкі мінеральных угнаенняў былога чыгуначнага вакзала збудаваць для жыцця зямлянку. Марыя пайшла працаваць на пілараму. Варочала бярвёны, чапляла іх за ланцуг, каб валамі падцягнуць бліжэй да распіловачнага станка, а затым разам з рабочымі адносіла брусы, дошкі пад навесы для сушкі. У свае пятнаццаць гадоў юнак разам са старэйшымі адшукваў у лесе паблізу пасёлка схаваныя перад прыходам ворага запчасткі ад трактароў. Валачыў іх да майстэрні. Па яго ўспамінах усе адчулі вялікую радасць і задавальненне, калі давялося завесці першы трактар. З таго часу прыкіпеў да механізатарскай справы.

У час працы прыгледзеўся і пазнаёміўся з прыгожай, працавітай дзяўчынай Вольгай, якая пераехала ў саўгас з Мазыршчыны разам з маці і сястрой. Яна шчыравала ў звяне па вырошчванні збожжавых культур. Маладыя людзі вырашылі жыць сумесна. З дазволу кіраўніцтва саўгаса ў вольны час малады механізатар трактарам нацягаў шпал з былога чыгуначнага палатна. З іх збудавалі хату. Увесну 1948 года па выніках працы мінулага года група рабочых саўгаса была адзначана ўрадавымі ўзнагародамі. Сярод іх медалём «За працоўную доблесць» — Дабравольская Марыя і яе сын Вялічка Іосіф, а яго жонка Вольга — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Здаецца, усё ладзіцца ў сямейным жыцці, але Іосіфа прызываюць у армію. Пяць гадоў службы ў Румыніі маладых звязвае перапіска. З яе ён даведаўся, што нарадзіўся сын Анатоль і кіраўніцтва саўгаса выдзеліла сям'і аднапакаёўку ў толькі што збудаваным чатырохкватэрным доме.

Пасля вяртання са службы да выхаду на пенсію Іосіф працаваў механізатарам. За гэты час давялося асвойваць розныя мадыфікацыі трактароў. Каб больш дасканала ведаць тэхніку і эфектыўна яе эксплуатаваць, шмат гадоў выпісваў і зачытваў да дзірак часопіс «Сельскі механізатар». Зранку, узяўшы з сабой торбачку з ежай, накіроўваўся на мехдвор, каб своечасова падрыхтаваць жалезнага каня і, атрымаўшы заданне ад брыгадзіра, прыступіць да яго выканання. Увечары ў некалькіх словах распавядаў сям'і, колькі ўзараў альбо засеяў. З асаблівым замілаваннем успамінаў, колькі зерня адправіў падчас жніва ў складскія засекі саўгаса. З асалодай і задавальненнем ад любімай працы і дасягнутых поспехаў клаўся адпачываць, каб назаўтра зноў працягваць справу свайго жыцця. За самаадданую працу не раз адзначаўся медалямі ВДНГ і каштоўнымі падарункамі. Ганарыўся тым, што ўзнагароджаны другім медалём «За працоўную доблесць» і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ў 1971 годзе. Нейкі час выконваў абавязкі механіка трактарнай брыгады. Дапамагаў моладзі авалодаць дасканала прафесіяй механізатара і стаць сапраўднымі хлебаробамі. Не раз паўтараў: «Не той сапраўдны гаспадар зямлі, хто яе арэ, а той, хто любуецца сваім ворывам». Лічыў, што праца з'яўляецца для чалавека асалодай і сэнсам жыцця і той, хто плённа працуе дзеля паляпшэння дабрабыту краіны, заслугоўвае павагі. Ужо на пенсіі да яго амаль штодня завітвалі маладыя механізатары па параду, як лепш эксплуатаваць тэхніку, каб працавала бездакорна ды эфектыўна шмат гадоў. Гэта была найлепшая адзнака яго шматгадовай працоўнай дзейнасці, адданасці любімай справе.

Анатоль Вялічка,

в. Дварэц, Любанскі раён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.