Вы тут

Адчуць самакаштоўнасць


Нашы захапленні не толькі аздабляюць жыццё, але і змяняюць навакольны свет. Паспяховыя культурныя праекты дапамагаюць вырашыць сур’ёзныя сацыяльныя праблемы — і гэта той выпадак, калі ад добрай каманды залежыць вельмі шмат. Пра ўласны досвед распавядае Настасся КУХАРЭНКА — арганізатарка фэсту традыцыйнай культуры «Пятровіца». Вялікае фальклорнае свята ў вёсцы Шыпілавічы дапамагае сялянам пачувацца больш годна і вяртае вёсцы маладосць — прынамсі, на некалькі дзён...


— Ці адразу атрымалася наладзіць добрыя стасункі з вяскоўцамі?

— Пачнём з таго, што Пятрок — свята нашай вёскі, здаўна ўсталяванае царквой. Сваёй царквы ў Шыпілавічах не было, таму на «Пятровіцу» прыязджаў святар, служыў малебен. У гэты дзень ладзіўся гасцявы кірмаш: прыязджалі сваякі, гулялі свята, увечары частаваліся юшкай. Калі ж этнограф Сяргей Выскварка даведаўся пра абрадавую частку, то пачаў па крупінках узнаўляць апісанне абраду, і мы здолелі аднавіць яго амаль цалкам.

«Пятровіца» заўсёды ўспрымалася вяскоўцамі як свята, але моладзь з’язджала, старэйшым людзям бракавала здароўя і часу. І вось мы рыхтуемся да першай «Пятровіцы», ходзім па хатах, пытаемся, ці можна пасяліць людзей... Спачатку наша ідэя была прынята ў штыкі. Ніхто апроч суседзяў не хацеў пускаць гасцей. Казалі: «Будуць піць, п’яныя хадзіць, нашто нам столькі людзей». Было непрыемна, але не — дык не, абыдземся без вас. А потым вяскоўцы ўбачылі, што 50 чалавек ходзяць у прыгожых строях, танцуюць, спяваюць песні... Вёска пачала жыць і ўдзень, і ўночы, бо з’явілася музыка — спевы, гоман... Мясцовыя жанчынкі ўсцешыліся: «От, як раней!» Наступным разам нам вёдрамі прыносілі агуркі, перадавалі яйкі, некаторыя прапаноўвалі пасяліць каго ў сябе.

Многія вяскоўцы на «Пятровіцу» ідуць да клуба на канцэрт, на свята, хто не можа — чакае, пакуль мы будзем абыходзіць вёску карагодам. Пятроўцы паказваюць іншы фармат святкавання — са спевамі і танцамі замест алкаголю і боек. Супольнае святкаванне — важны, прыгожы і вясёлы варыянт адпачынку, які застаўся нам ад традыцыйнай вясковай культуры. Калі прааналізаваць, колькі часу, сродкаў і фантазіі цяпер надаецца стварэнню карпаратыўнай культуры ў творчых калектывах, дзе супрацоўнікі часам не ведаюць, як адзін аднаго павіншаваць са значнай падзеяй, то, відавочна, досвед традыцыйнай культуры сёння вельмі карысны.

Фэст «Пятровіца» пачынаўся з жадання шмат танцаваць, жыць у традыцыйнай культуры, праектаваць успрыманне свету, якое было ў носьбітаў традыцыйнай культуры, і браць лепшае з гэтага ладу жыцця. У 2011 годзе ў вёсцы Шыпілавічы адбылася першая «Пятровіца»: некалькі дзён тут жыла моладзь, мы танцавалі па 8 гадзін на дзень... Цяпер на «Пятровіцы» (да Дня святых апосталаў Пятра і Паўла) мы, па-першае, танцуем, па-другое, спяваем, па-трэцяе, ездзім у этнаграфічныя вандроўкі — да людзей, якія могуць падзяліцца ведамі, досведам, навучыць свайму рамяству, паказаць сябе, свой лад жыцця. Гэта шчырыя людзі, якія не прыстасаваліся да гарадскога кансьюмерскага, рынкавага ладу жыцця. Такі чалавек альбо шчыра ўспрымае цябе як ворага (бо ты не з нашай вёскі), або гэтаксама шчыра вядзе ў хату і літаральна за гадзіну робіцца родным. Такія людзі адкрытыя і сапраўдныя, яны паводзяць сябе натуральна — і гэтага вельмі не хапае многім нашым сучаснікам.

Этнаграфічныя вандроўкі важныя не толькі для ўдзельнікаў фэсту, але і для саміх вяскоўцаў. Шчыраму вяскоўцу патрэбна ўвага звонку, патрэбна разуменне, што яго песні, танцы, рэчы, якія рабіла яго бабуля, — гэта істотна для іншых. «Пятровіца» — рэкламны сродак простых шчырых вясковых людзей. Бо многім беларусам бракуе самапавагі, адчування самакоштоўнасці, прыняцця сябе як роўнага сярод роўных. Адпаведна, не стае ўсведамлення самакаштоўнасці беларускай нацыі ў свеце, што мае шмат прычын, у тым ліку гістарычных.

— «Пятровіца» — супольнае свята, інтэграванае ў вясковае жыццё...

— Напэўна, справа ў збегу абставін і здольнасці рызыкнуць, зрабіць нешта неардынарнае. Па-першае, я нарадзілася на Любаншчыне, тата родам з Шыпілавіч, як і знаны этнограф Павал Шпілеўскі. Было дастаткова камунікатыўных сувязяў, кантактаў і рызыкоўнасці, каб запрасіць у госці 50 чалавек. Вядома, умовы паўтурыстычныя — хто згодны: той прыязджае.

Па-другое, у час нараджэння «Пятровіцы» атрымалася злавіць жаданне моладзі — выехаць у вёску і натанцавацца. А далей — змены, аналітыка... І вялікая падтрымка з боку Алены Міхалені, загадчыцы Шыпілавіцкага СДК і галоўнай гаспадыні свята.

Па-трэцяе, Любаншчына — гэта выдатны раён, калі казаць пра стан традыцыйнай культуры. Раён этнаграфічна не самы багаты, але больш за 25 гадоў тут адказна і грунтоўна ідзе работа па зборы, пераасэнсаванні і вяртанні ў жывое бытаванне фальклорных здабыткаў і практык. Кіраўніцтва і супрацоўнікі культуры — адданыя людзі, якія робяць тое, што, здаецца, ляжыць на паверхні, але ў многіх не атрымліваецца. Гэта ў тым ліку вялікая праца па падтрымцы носьбітаў традыцыйнай культуры, гуртоў, якія трэба «паказваць свету» і якім патрэбны госці. На Любаншчыне супрацоўнікі культуры разумеюць, што сутнасць працы не ў тым, каб скласці скарбы ў скрынку і паставіць на палічку на доўгае захаванне, не ў колькасці канцэртаў «для птушачкі». Мэта — гэта пераемнасць, захаванне культурных скарбаў у душах.

— Ці магчыма стварыць такое ж супольнае свята ў іншых рэгіёнах Беларусі — альбо на Любаншчыне людзі такі больш адкрытыя і добразычлівыя?

— Кожнаму чалавеку можна патлумачыць уласную значнасць, калі прывязём да яго гасцей, калі да яго будзе ўвага звонку. Гэтая ўвага — дадатковы імпульс цікавасці да сябе. Было б выдатна, каб у кожным раёне была свая «Пятровіца», бо ў кожным раёне ёсць людзі, зацікаўленыя этнаграфіяй. Але праблема ў тым, што сродкі (грошы і час) не заўсёды размяркоўваюцца эфектыўна. І, тым не менш, Беларусь танцуе. Праект «Свае танцы» быў падтрыманы больш чым у 10 гарадах Беларусі. Ужо другая ноч танцаў адбылася ў засценку Скрыплёў на Валожынчыне, пастаянна ладзяцца танцавальныя вечарыны ў Мінску, Магілёве, Гародні, Гомелі.

— Як ставяцца да вашага свята вясковыя дзеці і падлеткі?

— «Пятровіца» — свята найперш для дарослых. Дзеці і падлеткі часта прыязджаюць з бацькамі, далучаюцца да свята, але гэта не наша фокус-група. Увогуле, знаёмства дзяцей з традыцыйнай культурай мае адбывацца ў межах адукацыйных праграм, павінна быць добрая методыка і фінансаванне. Арганізаваць дзіцячы летнік накшталт «Пятровіцы» цалкам рэальна. Галоўнае — распрацаваць план дзеянняў. Спачатку вызначаем мэту. Потым ацэньваем рэсурсы: у мяне ёсць гэта і гэта, але няма вось гэтага (часта часу і грошай)... Але я паспрабую па-іншаму з тымі рэсурсамі, якія ёсць, бо справа вартая! Выбудоўваем задачы, вызначаем чэк-поінты, аналізуем вынік — гэта шлях рашэння любой праблемы. Іншая рэч — многія не ўмеюць ставіць задачы, своечасова рабіць высновы і глядзяць на праблему проста: «Дайце мне грошы і працоўныя рукі — і я столькі зраблю...». Спадзяюся, што дзякуючы намаганням неабыякавых, дзякуючы сацыяльнаму прадпрымальніцтву і ў прыватнасці конкурсу Social Weekend будзе болей эфектыўных праектаў, людзі навучацца разумець, з якога боку брацца за рэалізацыю мараў.

— Ці звяртаюцца да вас аднадумцы па параду, каб ладзіць свята накшталт «Пятровіцы»?

— Шмат праектаў узнікае адначасова, складана сказаць, хто чый досвед пераймае. Магчыма, у пэўнай ступені дзякуючы «Пятровіцы» на Любаншчыне з 2012 года ўтварыўся клуб аматараў традыцыйнага танца, традыцыйнай культуры «Напарачка». Удзельнікі клуба — дарослыя людзі 1950—1960-х гадоў нараджэння. Гэтае пакаленне з-за гістарычнага развіцця падзей, уплыву савецкай ідэалогіі выпала з традыцыйнай культуры. Маё пакаленне — пераемнікі традыцыйнай культуры ад бабуль, але не ад сваіх маці. І гэты разрыў смяротна небяспечны для традыцыйнай культуры, бо старэйшыя бабулі сыходзяць, а прыйдуць бабулі, адлучаныя ад традыцыі, не здольныя перадаць досвед мінулых пакаленняў. Дзякуючы клубу «Напарачка» ёсць спадзеў, што на Любаншчыне праблема пераемнасці будзе вырашана, і гэта паказвае, што работнікі культуры працуюць правільна. Клуб вельмі дапамагае нам у арганізацыі свята. Напрыклад, на мінулым фэсце сябры клуба шыкоўна падрыхтавалі стравы і іх прэзентацыю, пятроўцы былі ў прыемным шоку ад багатага стала.

— Арымліваецца, што тыя, да каго вы завітваеце падчас этнаграфічных вандровак, — найперш «дасведчаныя» носьбіты традыцыйнай культуры?

— ...альбо тыя, хто жывуць у вёсцы і маюць што сказаць. Таму і важна ездзіць да іх — вучыцца, набываць досвед, пераймаць традыцыю. Не так даўно ў Мінск прыязджаў сусветна вядомы акушэр Мішэль Адэн і сказаў, што цяжарным жанчынам трэба спяваць. Для сучасных мам гэта адкрыццё. Але стагоддзі таму пра гэта ведалі нашы бабулі — вясковыя жанчыны, — а мы ўжо не ведаем, бо ў сучаснай сям’і гэтаму не вучаць. Згубленых ведаў насамрэч шмат, і важна аднаўляць іх праз непасрэдныя стасункі, бо гэта паляпшае якасць жыцця.

Сучаснаму чалавеку ёсць што запазычыць з традыцыйнай культуры. Традыцыйная культура існуе насуперак тэндэнцыям масавага попыту, традыцыя — гэта індывідуальнасць і скіраванасць на ўнікальныя рэчы, самадастатковыя па сваёй сутнасці, якія да таго ж не робяць шкоды навакольнаму асяроддзю і іншым. Гэта падыход да існавання, якога не хапае сучаснаму чалавеку. Бо карыстанне і спажыванне, якое актыўна папулярызуецца, супрацьпастаўляецца стварэнню. Стварэнне здольнае змяніцца, адаптавацца і выжыць, а спажыванне заканчваецца, калі заканчваюцца сродкі альбо рэсурс спажывання. Гэтая простая ісціна вельмі дапамагла б сёння нашым суграмадзянам...

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.