Вы тут

Падарожжа па музеі Жылібера - заснавальніка медыцынскай школы ў Гродне


Усё пачалося ў пятніцу вечарам. А вы ж ведаеце, што калі нешта пачынаецца ў пятніцу вечарам, яно можа мець незвычайны працяг.


Вы­ява ап­тэ­кі ча­соў езу­і­таў.

У пятніцу вечарам добра даць хоць які адпачынак вачам, стомленым за тыдзень чытанняў-пісанняў. Ці не так? Але чарговы раз на мае вочы трапіла «выкапіроўка з плана Гродна 1780 года», якая існуе ў адкрытым доступе па меншай меры ў двух варыянтах — падрабязная, але не вельмі выразная, і выразная, але не вельмі падрабязная. І першая, і другая, калі табе трэба нешта ўбачыць дакладна, нервуюць і раздражняюць. (З іншага боку, хіба мы не ведаем, як часта нешта важнае прыходзіць у імгненні не надта пазітыўныя, а то і ўвогуле безнадзейныя?)

Занурыўшыся ў схему Гарадніцы, я ўпарта шукала адказ на пытанне, дзе тут мог жыць Жылібер, хоць мне ўжо гісторыкі медыцыны адказвалі: «Невядома». Але недзе ж ён, прафесар з Францыі, заснавальнік медыцынскай школы і батанічнага саду, мусіў жыць. Болей за тое, не можа так быць, каб дом такой асобы быў настолькі незаўважны, што не трапіў на план! І вось як людзі, бывае, чытаюць паміж радкоў, так я чытала паміж квадратаў і прамавугольнікаў — палацаў, флігеляў, афіцын, пякарняў, корчмаў, аранжарэй і майстэрняў. Гэта было марным клопатам, але інтарэс не знікаў.

Перш чым здзяйсняць вандроўкі па краіне, мы здзяйсняем іх у часе з дапамогай дзённікаў розных гістарычных асоб. Таму добра ведаем, што 20 верасня 1778 года, у нядзельку па абедзе, у Гродна ўехаў экіпаж астранома і прыродазнаўцы Іагана Бернулі. Ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук, ён ехаў якраз з Пецярбурга. Меў пры сабе ліст ад начальніка ковенскай пошты да гродзенскага бурмістра, а той прапанаваў пазнаёміцца з тутэйшым прафесарам. «Гэты ладна складзены вучоны француз так ветліва і шчыра запрашаў нас закватараваць у сваім доме, што нельга было адмовіць», — запісаў Іаган Бернулі ў падарожным нататніку вечарам таго ж дня. Хай бы ён напісаў хоць трошачкі больш падрабязна: што за дом, дзе стаіць, да чаго павернуты ўваходам...

Зрэшты, перамагае той, хто не здаецца. Праз яшчэ некалькі гадзін упартых узіранняў у схему ў тую ж самую пятніцу вечарам я ўжо ведала, дзе з 1775 да 1781 года жыў у Гродне наш Жылібер. І як я раней не здагадвалася?..

«Как­то­рый».

Адзначыць адкрыццё захацелася неадкладна — і вось у суботу мы ў Гродне, а паколькі дом Жылібера ёсць на схеме, але не існуе ўжо ў рэальнасці, адзінае месца, прыдатнае для вандроўкі (прынамсі, там можна адчуць дух адпаведнай навукі і патрэбнага часу), — гэта аптэка-музей. Варта сказаць, што злучок паміж гэтымі словамі змяшчае амаль тры стагоддзі: аптэка існуе з 1709-га, музей быў заснаваны ў яе сценах праз 287 гадоў. Лічбы ўражваюць.

Сцены таксама. Па-першае, завяршаюцца крыжавымі скляпеннямі, што і не дзіўна для старога манастыра, часткай якога была аптэка (кажуць, што нават яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя скляпенні ўпрыгожвалі фрэскі, нанесеныя езуітамі). Па-другое, гэта ў іх здабываліся лекі з раслін, сабраных прафесарам Жыліберам і яго студэнтамі. Найбліжэйшы ад уваходу фрагмент экспазіцыі пад назвай «Какторый» дэманструе розныя тыпы нажоў, разакоў, цесакоў, млыночкаў і гільяцінак: кажнай лекавай раслінцы — сваё, так бы мовіць, лязо. І свая скрыня для захоўвання, з персанальным подпісам: Mіllefolіum, Vіola trіcolor, Euphorbіa, Erіgeron... — крываўнікі, трохколерныя браткі, малачаі, купалкі... Гэты драўляны стэлаж з падпісанымі скрынямі — добры спосаб паўтарэння лацінкі, а заадно трэніроўкі зрокавай памяці, далібог. Асабліва калі ты падарожнік, які прынцыпова не фатаграфуе ўбачанае — каб захавалася ў сэрцы і памяці. Здаецца, там былі яшчэ скрыні для трыпутнікаў, мальваў, мыльнікаў...

Побач — процьма самых розных ступак і колбачак — для ператварэння сечаных травак у пульверысы і цінктуры. Але вока хутка перахоплівае вялікі шар-сасуд з сіняга шкла. Наяўнасць у вітрыне такога шара (не абавязкова ён быў сіні — мог быць яшчэ зялёны, жоўты або чырвоны — колер сімвалізаваў адну з чатырох стыхій) стварала аптэцы прэстыж і гонар. Кажуць, гэтыя шары-эмблемы каштавалі так дорага, што некаторыя не вельмі паспяховыя аптэкары ўлівалі ў звычайную бясколерную колбу падфарбаванай вады. Наша аптэка-музей у Гродне відавочна паспяховая — сіні шар у яе вітрыне сапраўдны, а не падробка, — зроблены з кобальтавага шкла. Ці не самая дарагая рэч сярод дзвюх тысяч рарытэтаў, ён паходзіць з Лондана сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Дарэчы, пра фарбаванне. Аптэка раней была месцам продажу не толькі лекаў. Тут гандлявалі і рознымі натуральнымі фарбамі. Іх тут увогуле выраблялі. Значная частка мясцовых раслін, якія Жылібер апісаў у кнізе «Флора Літвы», абавязана была служыць сыравінай для арганізаванай Тызенгаўзам тэкстыльнай вытворчасці. З кампанулы, або званочкаў, атрымлівалася чырвоная фарба для мануфактур. Трэба было только вылучыць з іх ртуць. Але «месье Жылібер з фунта расліны Campanula latіfolіa odorans (якой існуе два віды) здабывае чатыры унцыі ртуці», — запісаў у нататніку Іаган Бернулі.

Тызенгаўз каго хочаш мог прымусіць здабыць што заўгодна... Некаму падаецца, што з Жыліберам яны сябравалі. Маглі, канешне. Жылібер нават збіраўся прысвяціць спадару Антонію «Флору Літвы». Але перадумаў і прысвяціў каралю, у гонар якога назваў і свайго сына, які нарадзіўся тут, у Гродне, у 1780-м. Не можа быць, каб маленькі Станіслаў зусім ні на што не хварэў і яму не давалі лекі вось з гэтай аптэкі. Напрыклад, кроплі дацкага караля — з лакрыцай, кропавай вадой і анісавым алеем.

Перад вайной, ужо ў блізкі нам час, тут гаспадарыў Эдвард Стэмпнеўскі. Пры ім у аптэцы пачалі газіраваць мінеральную ваду. Увогуле, ён шмат што зрабіў для аптэкі і горада, будучы і прэзідэнтам яго, і адным з арганізатараў таварыства аматараў мастацтва, і сябрам Элізы Ажэшкі, і дабрачынцам. Ён і цяпер прымае ўдзел у справах аптэкі: злева ад экспедыцыйнага стала, адразу за шафай-вітрынай, абстаўленай штанглазамі і парцэлянкамі, можна заўважыць кій і цыліндр пана Эдварда. Можа, ён сядзіць цяпер за канторкай, вядзе падлік эфіру, бергамотнага алею і памаранцавых кветак, што разышліся для кёльнскай вады, а потым паволі ўстане, разагне спіну, выйдзе з-за канторкі, возьме ў руку кій, пакрые галаву цыліндрам і пойдзе павольна па вуліцы, разглядаючы новы Гродна.

Жылібера тут таксама можна бачыць. Дакладней, выяву яго бюста работы невядомага аўтара. Углядаючыся ў звернутую набок галаву над відавочнай сутуласцю і трохі перакошаны твар, згадваеш словы Бернулі пра «ладна складзенага француза» — і думаеш: гэта ў Гродне ў свае трыццаць сем ён выглядаў ладна складзеным, а калі вярнуўся ў Францыю, жыццё яго пакруціла...

Паслядоўнікам

Зле­ва ля­жыць пры­ста­са­ван­не для вы­ра­бу пі­люль, спра­ва — прэс для кор­каў.

Асветніцкая місія любога музея — гэта не нешта глабальнае, а мноства самай рознай драбязы, якая разам важыць больш, чым што заўгодна глабальнае. Вось дзе б вы яшчэ даведаліся, як выраблялі пілюлі? Шмат хто ўвогуле ўпэўнены: пілюлі — гэта тое, што і таблеткі, проста даўнейшая назва. На самай справе таблетка — гэта моцна сціснуты пад прэсам парашок, а пілюля — штосьці зусім прынцыпова іншае. Пілюлі вырабляліся пры дапамозе спецыяльных інструментаў, якія тут дэманструюць, расказваючы тэхналогію: спачатку лякарствы расціраліся ў ступцы ў драбнюткі парашок, потым змешваліся з пілюльнай асновай, у якую маглі ўваходзіць густыя экстракты каранёў лекавых раслін, мука, крухмал, цукар і белая гліна, далей маса наразалася спецыяльным прыстасаваннем на тоненькія палоскі, якія ўжо іншым спецыяльным прыстасаваннем скачваліся ў шарыкі ідэальна аднолькавага памеру. Адпаведна, і дозы лякарства былі дакладныя. Пілюлі захоўваліся ў закаркаваных шклянках. Дарэчы, прыстасаванні для іх каркавання таксама тут можна ўбачыць.

Падарожнічала Святлана ВОЦІНАВА

Загаловак у газеце: Тэкст, напісаны ў нядзельку

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.