20 Верасень, чацвер

Вы тут

Аб чым пыталіся ў нашага МЗС у інтэрнэце


На днях Міністэрства замежных спраў Беларусі правяло консульскі дзень... у сацыяльнай сетцы Facebook. Рашэнне, дарэчы, сапраўды зручнае: кожны карыстальнік можа не толькі задаць сваё пытанне, але і даведацца нешта новае зыходзячы з адказаў на запыты іншых людзей. У гэтым матэрыяле мы сабралі самае цікавае па выніках імправізаванай прэс-канферэнцыі.


Калі грамадзяніна Беларусі затрымліваюць замежныя пагранічнікі ці мытнікі, як хутка яны абавязаны паведаміць пра інцыдэнт у беларускае пасольства?

Неадкладна — пра гэта сказана ў арт. 36 Венскай канвенцыі 1963 года аб консульскіх зносінах. На практыцы ў сілу розных прычын атрымліваецца па-рознаму: з шэрагам дзяржаў, як, напрыклад, Расія, Украіна, Польшча, В'етнам, заключаны двухбаковыя консульскія канвенцыі, дзе ўжо канкрэтна прапісана, на працягу якога часу павінна ажыццяўляцца інфармаванне пра інцыдэнт.

Пры гэтым далёка не ўсякае затрыманне падпадае пад дзеянне канвенцыі. Калі, напрыклад, памежнікі вывелі вас з агульнай чаргі, правялі з вамі гутарку пра мэты і абставіны паездкі і прынялі рашэнне забараніць уезд і дэпартаваць, то гэта не затрыманне па сэнсе канвенцыі, пра яго беларускага консула ніхто інфармаваць не абавязаны — але грамадзянін можа паведаміць аб гэтым сам.

У МЗС падкрэслілі: знаходзячыся за мяжой, не падпісвайце дакументы, сэнс якіх вам не зразумелы. Справа ў тым, што ў ведамстве перыядычна з'яўляецца інфармацыя пра тое, што мясцовыя праваахоўныя органы ініцыятыўна прапануюць затрыманаму грамадзяніну Беларусі не інфармаваць беларускую дыпмісію або прапануюць падпісаць дакумент на мове краіны знаходжання, дзе адным з пунктаў можа стаяць адмова ад інфармавання пасольства Беларусі аб затрыманні.

Калі падоўжаць тэрмін бязвізавага рэжыму для замежнікаў да 10 дзён?

У МЗС пагадзіліся, што гэтая тэма вельмі актуальная. У цяперашні час на фінальнай стадыі знаходзіцца адпаведны праект указа Прэзідэнта аб прадаўжэнні тэрміну знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт.

Ці прапрацоўваецца бязвізавы рэжым не толькі для турыстаў, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт, але і для тых, хто прыбывае на цягніках і аўтамабілях — на гэта пытанне ведамства адказала, што ў аддаленай перспектыве не выключаецца бязвізавы ўезд праз наземныя пункты пропуску. Шмат у чым гэта будзе залежаць ад далейшага пераабсталявання наземных пунктаў пропуску і павелічэння іх колькасці.

Згубіўся пашпарт за мяжой — што рабіць?

У такім выпадку чалавек можа вярнуцца ў Беларусь па Пасведчанні на вяртанне.

Першым крокам павінен стаць званок у беларускую дыпмісію і інфармаванне консульскага супрацоўніка. На сайце беларускіх пасольстваў ёсць тэлефон экстраннай сувязі. У цяперашні час беларускія консулы ў сваёй рабоце актыўна выкарыстоўваюць і Vіber, і WhatsApp, таму магчымасць звязацца з імі ў грамадзян ёсць.

Наступны крок — зварот у мясцовую паліцыю па атрыманне даведкі, якая пацвярджае страту пашпарта. Гэта трэба рабіць абавязкова.

На шляху дадому, у выпадку магчымага, напрыклад, спынення мясцовымі праваахоўнымі органамі (праверкі дакументаў ці праходжання пашпартнага кантролю) наяўнасць афіцыйнага дакумента, які пацвярджае страту беларускага пашпарта, значна аблегчыць камунікацыю з мясцовай паліцыяй.

Некалькі слоў аб працэдуры выдачы Пасведчання на вяртанне: у пасольства асабіста падаецца заява на выдачу Пасведчання, дзве каляровыя фатаграфіі заяўніка, якія адпавядаюць яго ўзросту, памерам 40х50 мм. Дарэчы, пералік дакументаў на атрыманне Пасведчання на вяртанне ёсць на ўсіх сайтах беларускіх пасольстваў.

За выдачу гэтага дакумента для грамадзян, старэйшых за 14 гадоў, у выпадку страты пашпарта прадугледжана аплата консульскага збору (напрыклад, на сённяшні дзень збор складае 20 еўра). Пры наяўнасці важкіх прычын можа быць прынята рашэнне аб вызваленні грамадзяніна ад згаданай платы.

Пытанне наўздагон: што рабіць, калі за мяжой згубіў альбо ўкралі ўсе грошы? Першы крок — зварот у беларускую дыпмісію ў краіне інцыдэнту альбо ў выпадку яе адсутнасці — у дыпмісію Расійскай Федэрацыі.

Адначасова, сваякам і сябрам у Беларусі лепш звярнуцца ў галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС (+375172222665, +375172222666, +375172222676) альбо ў начны час да дзяжурнага па МЗС (+375173272922) і ўжо «ў ручным рэжыме» сумеснымі намаганнямі вырашаць гэтую сітуацыю.

А як справы са спрашчэннем візавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам?

Работа вядзецца. Але гэта не аднабаковы працэс, і для прасоўвання наперад патрэбна воля абодвух партнёраў.

Еўрапартнёры вылучаюць шэраг умоў, якія ставяць нашых грамадзян у не вельмі камфортнае становішча — патрабаванне аб падачы дакументаў выключна праз візавыя цэнтры ў іх ліку. Над вырашэннем і гэтых праблемных аспектаў вядзецца работа сумесна з партнёрамі з ЕС. Яшчэ ў ведамстве падкрэслілі: няма аб'ектыўных прычын, якія перашкодзілі б знайсці ўзаемапрымальныя развязкі.

Чакаем!

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.