Вы тут

Як вярнуць «Жэст» у эфір?


СМІ павінны быць максімальна даступныя людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

У Беларусі будзе распрацавана канцэпцыя абнаўлення тэлеканала «Жэст». З гэтай мэтай ствараецца рабочая група, у склад якой увойдуць прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, кабельных аператараў, самога тэлеканала. У далейшым падключацца прадстаўнікі Мінпрацы і сацабароны і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Гаворка пра гэта ішла на пасяджэнні круглага стала «Жэст добрай волі», прысвечанага пытанням развіцця ў краіне інклюзіі і камфортнага асяроддзя для інвалідаў.


«Жэст» — гэта спецыялізаваны тэлеканал для людзей з парушэннямі слыху. Ён пачаў сваё вяшчанне ў 2009 годзе. З 2010-га трансляваўся ў сетках буйных кабельных аператараў. Цяпер перад ім стаяць вострыя фінансавыя праблемы: састарэлае абсталяванне, складанасці з закупкай і стварэннем новага кантэнту, адсутнасць плошчаў для размяшчэння. З ліпеня тэлеканал часова прыпыніў вяшчанне. Разам з тым, па словах яго прадстаўнікоў, яны атрымліваюць шмат лістоў ад гледачоў з просьбамі вярнуць тэлеканал у эфір.

Рэжысёры тэлеканала «Жэст» Злата Карпіевіч і Ягор Бякаў прапануюць на аснове «Жэста» стварыць праект сямейнага тэлеканала «Мы», істотна пашырыўшы пры гэтым мэтавую аўдыторыю. Яны прапануюць трансляваць тэлеканал праз інтэрнэт, кабельнае і спадарожнікавае вяшчанне на рускай і беларускай мовах. А ў сетку вяшчання хочуць уключыць дакументальныя фільмы пра беларускія таленты, аб людзях з няпростым лёсам, забаўляльныя шоу ўласнай вытворчасці. Пры гэтым плануецца, што ўвесь кантэнт будзе забяспечаны субцітрамі, а таксама будзе выкарыстоўвацца сурдапераклад, каб людзі з праблемамі зроку і слыху мелі поўны доступ да інфармацыі.

Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі паведаміў, што прадугледжваецца забяспечыць схаванымі субцітрамі ўвесь абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм.

— Дзякуючы спецыяльна закупленым серверам і новаму абсталяванню Белтэлерадыёкампанія ўжо забяспечыла суправаджэнне свайго тэлевізійнага кантэнту схаванай функцыяй тэлесуфлёра, — сказаў Павел Лёгкі. — У прынцыпе, такая ж работа вядзецца асноўнымі рэспубліканскімі тэлеканаламі. Спадзяёмся, што мы здолеем забяспечыць гэтай функцыяй агульнадаступны пакет.

Разам з тым пакуль што не ўсе кабельныя тэлеаператары ўключылі такі сэрвіс у пералік сваіх паслуг, з прычыны чаго людзі з праблемамі слыху не могуць у поўнай меры скарыстацца магчымасцямі схаванага субцітравання. Акрамя таго, жэставая мова не абмяжоўваецца толькі гэтай функцыяй. А для людзей з парушэннем зроку трэба ўжываць аўдыядэскрыпцыю — лаканічнае апісанне прадмета, месца або дзеяння, якія незразумелыя тым, хто слаба бачыць, без спецыяльных слоўных тлумачэнняў. Таксама неабходна больш шырока выкарыстоўваць ясную мову, даступную людзям, якія маюць цяжкасці з чытаннем і разуменнем тэксту.

Кантэнт усіх відаў СМІ павінен быць максімальна даступны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, лічыць першы намеснік міністра інфармацыі. Што датычыцца тэлеканала «Жэст», то, па словах Паўла Лёгкага, цяпер заканадаўства не прадугледжвае ўдзелу дзяржавы ў бюджэтнай падтрымцы гэтага праекта. Разам з тым ён адзначае, што ў Міністэрства інфармацыі ёсць некаторыя ідэі, як можна было б паспрабаваць гэта зрабіць. Першы намеснік міністра лічыць, што трэба вярнуць тэлеканал «Жэст» у эфір, а далей абмяркоўваць пытанні яго рэбрэндынгу і фінансавыя крыніцы існавання тэлеканала.

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.