Вы тут

Уладзімір Цвірка. Пружаны


З легенд і паданняў, якія на розны лад распавядаюць пра назву горада Пружаны, больш за ўсё падабаецца мне наступная.


...За даўнім часам жылі ў гэтых мясцінах два плямёны, якія вельмі варагавалі адно з адным. І вось вярхоўны жрэц вайдэлот, ахоўнік галоўнага вогнішча аднаго з плямён, якое жыло на тэрыторыі, дзе цяпер стаіць горад, паспрабаваў пакласці канец варожасці. Пайшоў ён да князя Вужа, які быў у лесе самай мудрай істотай. Выпаўз Вуж са свайго сховішча, выслухаў вайдэлота і паабяцаў дапамагчы.

Нядоўга давялося чакаць. Ваяры суседняга племені зноў вырашылі ўчыніць набег. Падышлі да самай мяжы і сталі лагерам на ноч. Толькі паснулі ля вогнішчаў, як адусюль сталі лезці да іх вужы. Перапужаліся захопнікі не на жарт: у цемры не разбярэш, вуж гэта ці гадзюка. У паніцы збеглі і больш ніколі не прыходзілі на землі суседзяў, лічачы, што там процьма гадаў. А вярхоўны жрэц племені паабяцаў лясному князу, што вуж будзе татэмам-абярэгам яго паселішча, а ваяры пачалі маляваць на шчытах князя Вужа.

Так з цягам часу словы «пра вужа» пераўтварыліся ў Пружаны, а на гербе горада назаўжды захавалася выява князя Вужа з залатой каронай.

Легенду паслухалі, цяпер давайце звернемся да гістарычных звестак. Гэты горад некалі насіў іншую назву — Дабучын і належаў Івану Кобрынскаму. Першыя звесткі пра паселішча датуюцца 1487 годам. З пачатку XVI стагоддзя тут уладарыла каралева Бона Сфорца, а следам яе дачка Ганна. Менавіта пры апошняй Пружанам былі дараваныя Магдэбургскае права і герб. Падчас войн у XVII—XVIII стагоддзях горад быў амаль цалкам разбураны. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1776 годзе Пружаны пазбавілі Магдэбургскага права.

Што сёння можна ўбачыць у горадзе? Помнікаў архітэктуры не так ужо і мала. Пачнём з капліцы, якая пабудавана ў стылі класіцызму ў 1852 годзе. Яна стаіць пры самым уваходзе на каталіцкія могілкі. У самым цэнтры Пружан светлым сілуэтам высіцца касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваны ў стылі неакласіцызму ў 1878 годзе на сродкі Валенція Швыкоўскага. Непадалёк ад касцёла добра захаваліся гандлёвыя рады, якія месцяцца на гэтым месцы з 1896 года. Тут жа ўздымае блакітныя купалы сабор Святога Аляксандра Неўскага ў стылі класіцызму, які ў 1857 годзе быў закладзены як касцёл на сродкі зноў жа Валенція Швыкоўскага, па праекце знакамітага ў Вялікім Княстве Літоўскім архітэктара Марконі. Пасля паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага ў 1863 годзе будоўлю вялі, але ўжо ў якасці праваслаўнага храма. Таксама варта паглядзець радавую забудову горада.

Але колькі ні аглядаў гэтыя помнікі, вельмі хацелася хутчэй накіравацца да асноўнай, на мой погляд, архітэктурнай каштоўнасці — шыкоўнага сядзібнага дома Валенція Швыкоўскага.

Толькі з аднаго боку горад наблізіўся да сядзібнага парку. З другога да вялізнага саду прымыкае вуліца вёскі. Тут, пад галлём разнастайных дрэў, раздольна блукае мінуўшчына, здаецца, час крыху затрымаўся, яму ўтульна, бо столькі тут захавалася яшчэ роднага, блізкага і да шчымлення ў грудзях пазнавальнага.

Пасля рэстаўрацыі дома першапачатковыя рысы яго велічнага аблічча не былі парушаныя, а больш яскрава і выразна нясуць гледачу геніяльную задумку архітэктара.

Прыкладна ў 1854 годзе распачынаецца будоўля сядзібнага дома, які ў рэшце рэшт набывае рамантычныя рысы італьянскай вілы. Адметнае і галоўнае ў такіх будынках — іх непаўторнасць. Менавіта таму кожны з іх узбагачае і ўпрыгожвае скарбонку айчыннай архітэктурнай спадчыны.

На першы погляд дом уяўляе сабой вельмі складаную кампазіцыю. Яго састаўныя часткі маюць розныя аб’ёмы, нават розную колькасць паверхаў, але таленавітай рукой архітэктара яны складзены ў агульны архітэктурны ансамбль, дамінантай якога з’яўляецца чатырохпавярховая вежа. Нават вокны рознай велічыні і формы працуюць на агульны канчатковы вынік. Што тут сказаць — вытанчана і прыгожа!

Так атрымалася, што давялося ў Пружанах заначаваць. Здымкі, якія зрабіў напярэдадні, не надта задаволілі. Таму зранку зноў накіраваўся да дома Швыкоўскага.

Сонца толькі паднялося, павольна праганяючы прахалодны змрок. А дом, ахутаны першымі сонечнымі промнямі, бы празрыстым покрывам, працягваў салодка спаць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.