Вы тут

Патрабаванні да дзяржаўных служачых павінны быць найвышэйшыя


Такую пазіцыю агучыў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, тэмай якой павінны былі стаць пытанні сацыяльна-прававых гарантый дзяржаўных служачых і павышэння прэстыжу дзяржаўнай службы. Пра гэта таксама казалі, аднак беларускі лідар адразу даў зразумець прысутным: у першую чаргу трэба гаварыць аб узмацненні жорсткасці патрабаванняў да чыноўнікаў, і толькі потым — аб павышэнні прэстыжу іх службы.


Карупцыі — бой, узнагароды — найлепшым

У пачатку сустрэчы Прэзідэнт адзначыў: што б ні рабілася ў краіне — няхай гэта будзе рэалізацыя маштабных праектаў, выкананне тых ці іншых рашэнняў — многае залежыць ад прафесіяналізму кіраўніцкіх кадраў.

«Ёсць талковыя кіраўнікі — ёсць развіццё і перспектывы ў краіны. Таму да дзяржслужачых прад'яўляюцца павышаныя патрабаванні, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта павінны быць спецыялісты, якія валодаюць шырокім кругаглядам, здольныя вызначаць стратэгічныя задачы і правільна ацэньваць наступствы рашэнняў, якія прымаюцца. Але, перш за ўсё, дзяржслужачы — гэта чалавек з высокімі маральнымі якасцямі».

Беларускі лідар падкрэсліў: у дзяржаўным апараце не павінна быць і намёку на карупцыйныя праявы. «Я думаю, не толькі вы, увесь народ бачыць маю палітыку ў гэтым плане. Тут няма нічога нечаканага і надзвычайнага для дзяржаўнага служачага — і пра гэта кажу ўвесь час, і гэта краевугольны камень любой маёй прэзідэнцкай кампаніі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за апошнія гады ў Беларусі праведзена маштабная работа па аптымізацыі колькасці дзяржслужачых. Толькі за апошні перыяд яна скарацілася на чвэрць і складае крыху больш за трыццаць тысяч, што зусім няшмат у параўнанні з іншымі краінамі.

Паводле яго слоў, у дзяржаўных органах назіраецца негатыўная тэндэнцыя, калі падбор кандыдатаў на вакантныя пасады зацягваецца на месяцы, а то і гады, у сувязі з чым важна вырашыць, як менавіта прыцягнуць у згаданую сферу самых лепшых і вопытных кіраўнікоў.

«Некалі мы гаворку пра гэта вялі, было даручана ўраду ўнесці адпаведныя прапановы. Яны накіраваны на тое, каб работа ў дзяржапараце была ганаровай, прывабнай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар пацікавіўся ў прысутных, наколькі прапанаваныя меры дадуць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы дзяржаўных служачых. На думку Прэзідэнта, гэта галоўнае. Таксама кіраўніка дзяржавы зацікавіў фінансавы складнік згаданага пытання, на гэты аспект Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу. «Калі вы прыйшлі да мяне з прапановамі аб павышэнні грашовага забеспячэння і зарплат дзяржслужачым, нават не падымайце гэтае пытанне, яно раз і назаўсёды вырашана», — адрэзаў ён.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт заснавання медаля «За бездакорную дзяржаўную службу» — ён абсалютна не супраць. Аднак патрабаванні, якія будуць прад'яўляцца да дзяржаўных служачых, павінны быць найвышэйшыя.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: гаворка не ідзе пра раздачу нейкіх прэміяльных або падарункаў, а пра тое, якія патрабаванні ў якіх нарматыўна-прававых актах павінны прад'яўляцца дзяржаўнаму служачаму, растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

«Калі гэта будзе, як у ваенных, адпаведны статут — добра, хай будзе статут. Але людзі і грамадства павінна бачыць, што Прэзідэнт гэтым самым прад'яўляе вельмі жорсткія патрабаванні да дзяржаўных служачых», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што калі чыноўнік не спраўляецца з задачамі, то ён павінен сысці, а ўслед за парушэннем абавязкаў надыдуць штрафныя санкцыі аж да турэмнага тэрміну.

Чакаем дакументы?

Па выніках нарады з журналістамі пагутарыла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава.

Яна нагадала, што сёння ў нашай краіне існуе закон аб дзяржаўнай службе. «У цяперашні час уносяцца дапаўненні і змяненні ў яго па той праграме, якая была запланаваная. Сёлета і меркавалася перагледзець гэты закон», — адзначыла Наталля Качанава.

Разам з тым на нарадзе была пастаўлена задача: распрацаваць, магчыма, статут дзяржаўнага служачага або кодэкс, паколькі фармалізаваць ўсе патрабаванні ў адзіным дакуменце — гэта правільна, упэўнена кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Таксама Наталля Качанава паведаміла, што на нарадзе было вырашана стварыць рабочую групу. Яе ўдзельнікі — прычым не з дзяржслужачых — разгледзяць усе неабходныя пытанні і ўнясуць прапановы, каб на практыцы ажыццявіць намечанае.

Дарэчы, Прэзідэнт падчас нарады падкрэсліў, што дакумент павінен быць празрысты і справядлівы. Акрамя таго, ён павінен быць зразумелы для любога чалавека, а не толькі для дзяржаўнага служачага.

Назваў Аляксандр Лукашэнка і тэрміны выканання: дакументы, якія абмяркоўвалі, павінны быць падрыхтаваны ў найбліжэйшыя месяцы, каб запрацаваць з першага студзеня.

«Дзяржаўная служба падобна вайсковай, і людзі павінны разумець, што гэта не проста нейкія прывілеі, гэта перш за ўсё служба на карысць Радзімы і народа», — дадала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Планка — уверх

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.