Вы тут

Дэкрэт № 7 спрасціў работу ў гаражы і жыццё на дачы


На пытанні адказвае Вольга ВАРАНЕЦКАЯ, кансультант упраўлення прававога рэгулявання бюджэтна-фінансавых адносін і падаткаабкладання Галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы эканомікі і экалогіі Міністэрства юстыцыі Беларусі.


— У сваім гаражы з сябрамі хачу арганізаваць майстэрню па рамонту аўтамабіляў. Сам я аўтаслесар, спецыяльна зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. Але ж адміністрацыя нашага гаражнага кааператыва не дае нам разгарнуцца, — кажа, што патрэбна згода ўсіх членаў кааператыва. Няўжо нічога нельга зрабіць?

Аляксандр Вусакоў, г. Слонім

— Гэта раней, каб наладзіць сваю справу на тэрыторыі кааператыва, патрабавалася згода ўсіх яго членаў. Цяпер жа вам не трэба нічога прадпрымаць дзеля пачатку работы. Вы маеце поўнае права працаваць у сваім гаражы без згоды членаў вашага кааператыва.

А вашай адміністрацыі варта ведаць Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 года № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Адна з нормаў дэкрэта прадугледжвае, што для ажыццяўлення дзейнасці па аказанні паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў у майстэрнях, якія размешчаны на тэрыторыі гаражных кааператываў, члену гэтага кааператыва, які зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, не трэба атрымліваць на гэта згоду агульнага сходу членаў (сходу ўпаўнаважаных членаў) гаражнага кааператыва.

У любых кааператывах і таварыствах заўжды было вельмі цяжка сабраць агульны сход (сход упаўнаважаных членаў), што ўскладняла атрыманне агульнай згоды сходу. Норма Дэкрэта № 7 значна спрасціла ўмовы для арганізацыі работы на тэрыторыі гаражных кааператываў.


— У нашым доме адкрылі невялічкі кіёск, дзе прадаюцца аўтазапчасткі. Працуе пункт ажно да 10 гадзін вечара, а адчыняецца а 8-й раніцы. І ўвесь гэты час па двары сноўдаюць нейкія людзі, ездзяць машыны, перашкаджаюць адпачываць. Ці можна працаваць у такі час, і чаму не спыталіся згоды жыхароў, калі адчынялі кіёск?

Валянціна Шкныр, г. Віцебск

— Гаспадар кіёска, калі ён з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, мае поўнае права працаваць у абазначаны вамі час, не шукаючы згоды жыхароў.

Умовы арганізацыі рэжыму працы выкладзены ў абзацы тры падпункта 4.1 пункта 4 Дэкрэта № 7. Тут сказана, што суб'екты гаспадарання пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці маюць права самастойна ўстанаўліваць рэжым працы аб'ектаў грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, рознічных гандлёвых аб'ектаў, якія ім належаць. Самастойна таксама можна вызначаць рэжым працы без (па-за межамі) гандлёвых аб'ектаў, рынкаў, аб'ектаў бытавога абслугоўвання і гандлёвых цэнтраў. Час не трэба ўзгадняць з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі і іншымі дзяржаўнымі органамі, калі рэжым працы вытрымліваецца.

Аднак калі такія аб'екты збіраюцца функцыянаваць пасля 23.00 і да 7.00, то ўзгадняць рэжым іх працы з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па месцы знаходжання аб'ектаў неабходна.

Такім чынам, паколькі кіёск у вашым доме працуе ў межах перыяду з 7 гадзін раніцы да 11 ночы, то ўзгадняць рэжым яго працы ўладальніку не трэба.


— Чула, што цяпер на афіцыйных дакументах у садаводчых таварыствах не трэба ставіць пячатку. Ці так гэта?

Маргарыта П., пенсіянерка, Дзяржынскі раён

— Так, такая норма прадугледжана ў падпункце 3.11 пункта 3 Дэкрэта № 7. Ранейшае патрабаванне аб наяўнасці пячаткі ў садаводчых таварыствах і гаражных кааператывах, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю аўтамабільных стаянак, адменена. Гэта зроблена з мэтай спрасціць дзейнасць суб'ектаў гаспадарання,
у тым ліку таварыстваў і кааператываў.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdarok@zvіazda.by. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых ведамстваў мы будзем шукаць на іх адказы.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Пячатка і згода не патрэбны

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.