Вы тут

Калі Мінск не спіць…


Калі Мінск не спіць…

Яшчэ зімой я пачаў хадзіць пешкі па горадзе, натхніўшыся досведам сваёй жонкі. Яна неяк вырашыла пазбавіцца ўсяго лішняга (на яе думку) і выглядаць больш падцягнутай. Замест шкодных дыет і розных модных цяпер кросфітаў яна пача­ла проста праходзіць даволі вялікія дыстанцыі пасля працы. І за вельмі хуткі час вынік, якога яна чакала, быў дасягнуты.

Карацей, такія паходы вырашыў практыкаваць і я і ўнёс іх у свой расклад як прыемны дадатак да трэнажорнай залі і трэніровак па рэгбі.

Пачыналася ўсё выключна з практычных мэт: я хацеў не толькі скінуць лішнія кілаграмы, але і павысіць вынослівасць. Стартавай адлегласцю былі ўсяго пяць кіламетраў — прыкладна столькі ад майго дому да працы. Амаль гадзіна ходу. Столькі ж і да трэнажорнай залі. То бок, калі за дзень паспець схадзіць у залю, з яе — на пра­цу, а потым дамоў, ужо атрымаецца пятнаццаць кіламетраў. І гэта калі не лічыць дадатковыя крокі.

Для таго, каб кантраляваць адлегласць, я паставіў сабе на смартфон адмысловы дадатак, які лічыць, колькі я прайшоў або прабег за дзень, тыдзень і месяц адпаведна. Акрамя гэтага, дзя­куючы дадатку, можна даведацца пра колькасць спаленых калорый, дынаміку змены вагі ды іншыя карысныя рэчы. Што праўда, гэтымі функцыямі я карыстаўся мала…

Акрамя паступовага павелічэння адлегласці, павялічвалася і вага ў маім заплечніку — дадат­ковая нагрузка. Мне падабаецца эксперымен­таваць над сабой, а калі такі эксперымент нясе яшчэ і станоўчыя вынікі, дык гэта наогул выдатна. Так, дарэчы, рабіў і Мікалай Гумілёў, выдатны расійскі паэт Срэбнага веку, які ўвесь час змагаўся з сабой і спрабаваў сябе пераадолець. Пакуль усе яго аднагодкі ездзілі ў Парыж за «вегетарыянскімі» прыгодамі, ён выпраўляўся ў паходы ў Афрыку, ад­куль прывозіў нізкі цудоўных вершаў.

Натуральна, што першапачатковыя марш­руты дастаткова хутка надакучылі ды прыеліся. Такое адчуванне, што яны наўпрост зрабіліся за невялікі час лёгкімі ва ўсіх сэнсах. І тут я пачаў камбінаваць ды вынаходзіць: прачынацца яшчэ раней, пазней класціся спаць, яшчэ больш павялічваць адлегласць і нагрузку, змяняць маршруты, абіраючы новыя. Гэта насамрэч неве­рагодна: бачыць, як прачынаецца і засынае твой горад; як, у залежнасці ад пары году, у ім заціхае, або наадварот — пачынае квітнець начное жыц­цё.

Мне даўно хацелася напісаць пра тое, што Мінск вельмі імкліва набліжаецца да еўрапейскіх сталіц. Я добра памятаю часы, калі ніякіх Кастрычніцкіх і Зыбіцкіх не было, а модная цяпер Рэвалюцыйная, дзе збіраецца гарадская багема, была гэткай жа, як і іншыя вуліцы: цёмнай, слаба асветленай вуліцай у цэнтры.

Насамрэч, я вельмі далёкі ад усіх гэтых тусовак. Мне імпануюць або адзінота, або закрытыя і зусім невялікія кампаніі, дзе малазнаёмы чужынец — вы­падак рэдкі. Але ж кожны раз, калі я выходжу на шпацыр, нешта цягне мяне ў самыя тусовачныя мес­цы сталіцы. Мне падабаецца само адчуванне таго, што Мінск не спіць, хоць я ніколі і не затрымліваюся ў такіх месцах падоўгу. Было б наогул класна, калі б у Мінску з’явіўся які востраў ці нешта кшталту таго, дзе кругласуткава панавала б атмасфера свята: гуч­ная музыка, вясёлыя людзі, бясконцы карнавал.

Што мне падабаецца ў Мінску цяперашнім — дык гэта бяспека. Можна ў любы час дня і ночы прайсціся па горадзе — і нічога не здарыцца. Ве­даю, што менавіта за гэта наш горад цэняць многія замежнікі. Канкрэтна ў мяне за апошнія гады быў толькі адзін малапрыемны выпадак, калі на пустой вуліцы нейкі п’яны мужык вельмі навязліва набіваўся ў прыяцелі. Ды й тое, як высветлілася пасля, ён аказаўся не тутэйшым, а грамадзянінам іншай краіны. Турыст, якога, відаць, не навучылі ў дзяцінстве добрым манерам.

Але вернемся да тэмы: разам са зменамі вонкавымі, якія пачалі добра адчувацца на рэгбійным полі, я пачаў заўважаць змены і ва ўласным характары. На рэгбійным турніры ў Рэчыцы, дзе мы ўзялі сёлета першае месца, я адыграў некалькі гульняў запар без замен. Ра­ней такога не было. Ды і ў цэлым па жыцці я стаў часцей даводзіць запачаткаванае да лагічнага фіналу. Складаныя пытанні пачалі вырашацца быццам самі сабою, нашмат прасцей.

Канстанцін КАСЯК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.