24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Куды экспартуецца малако з Віцебшчыны?


На Віцебшчыне ўсё часцей укладваюць грошы ў «малочку». У тым ліку і бізнес-структуры з іншых краін. У прыватнасці, інтарэс і рэальныя справы ёсць з боку кітайцаў, славакаў, расіян... У малако цяпер, як канстатуюць эксперты, інвеставаць выгадней, чым у каштоўныя металы. Таму яго, напэўна, можна лічыць «белым золатам».


На тэ­ры­то­рыі кан­цэр­на «Дзец­ка­сель­скі» ў Га­ра­доц­кім ра­ё­не.

Кітайскі інтарэс

Інвестары з Паднябеснай вельмі актыўна засвойваюць укладанні ў малочную галіну. Аблвыканкамам з фірмай Drех Fооd Grоuр Со., Ltd падпісаны дагавор, каб рэалізаваць інвестыцыйны праект па ўзвядзенні фермаў. Гэта кампанія з'явілася на рынку дзесяць гадоў таму. Яна — адна з лідараў у КНР у сферы жывёлагадоўлі, спецыялізуецца на вырошчванні бычкоў, вытворчасці малака і яго рэалізацыі. Геаграфія супрацоўніцтва шырокая — ад Азіі да Аўстраліі.

Гэтага інвестара зацікавіла Беларусь і таму, што на ўзроўні кіраўніцтва краіны падтрымліваюць інвестараў у сельскую гаспадарку. І праект на поўначы нашай краіны — частка рэалізацыі канцэпцыі «Адзін пояс — адзін шлях».

Фірма гатовая ўкласці на першым этапе 200 мільёнаў долараў. Далей — болей... Для параўнання, летась у большасці раёнаў вобласці на такім узроўні быў гадавы бюджэт.

На фермах, якія адпавядаюць усім патрабаванням ХХІ стагоддзя, плануецца выкарыстоўваць ізраільскія тэхналогіі.

У Сенненскім і Талачынскім раёнах інвестарам для рэалізацыі праекта прапанавалі плошчы — каля 45 тысяч гектараў. Буйны малочны комплекс будзе арыентавацца ў вытворчасці на экспарт. Працаваць для адпраўкі прадукцыі як у Кітай, так і ў краіны Еўрапейскага саюза. А каб перапрацоўваць малако ў экспартаарыентаваную прадукцыю, на Віцебшчыне абнаўляюць і мадэрнізуюць абсталяванне заводаў.

Праграмісты... для фермаў

Тут захоча працаваць моладзь! — упэўнена кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама. Акцэнт робяць на тым, што самыя лепшыя і перспектыўныя малочнатаварныя комплексы — патрабаванне часу. Сярод персаналу будуць запатрабаванымі і праграмісты. Стане ў краіне і больш мехатронікаў — прадстаўнікоў новай рабочай прафесіі ў рэспубліцы. Калі даступна растлумачыць, размова ідзе пра рабочых на ўчастках, аперацыях, дзе патрабуецца фактычна інжынерная тэарэтычная і практычная падрыхтоўка.

Такія спецыялісты ўжо працуюць у розных галінах: машынабудоўлі, радыёэлектроніцы, перапрацоўчай прамысловасці і гэтак далей.

Зразумела, што на сучасных фермах будзе неабходны персанал, які зможа абслугоўваць складанае абсталяванне. Фізічная праца будзе мінімілізавана.

Дарэчы, у Віцебскім раёне ўжо некалькі гадоў функцыянуе ферма «Віцебскаблгаза». Калі адкрылася, яе абсталяванне не мела аналагаў. За людзей, якіх можна аднесці да мехатронікаў, амаль усё робяць робаты. Механізаваная сістэма нават кармы загружае сама. Каб кароўкам заўсёды было камфортна, выкарыстоўваецца сістэма, якая рэгулюе вільготнасць, тэмпературу. Адпачываюць рагулі пры інфрачырвоным асвятленні...

У Расію без праблем

У хуткім часе ў рамках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўзаемадзеянне краін па сельскагаспадарчым кірунку стане прадметам для абмеркавання па тэматычнай секцыі «Аграрная палітыка Саюзнай дзяржавы: вопыт, праблемы, перспектывы». Вельмі цікавым з пункту гледжання рэдакцыі «МС» падаецца прыклад дзейнасці паспяховага бізнесу расійскіх бізнес-структур у Беларусі.

Гаворка ідзе аб канцэрне «Дзецкасельскім», якому больш за дзесяць гадоў. Ён аб'ядноўвае прадпрыемствы ў паўночнай сталіцы Расіі, дзе знаходзіцца галаўны офіс. А ў Ленінградскай і Варонежскай абласцях перапрацоўвае ўласную прадукцыю, якую далей рэалізуе ў фірменным гандлі.

У Гарадоцкім раёне інвестар уклаў грошы ў «малочку». Комплекс філіяла «Віраўлянскі» замежнага прадпрыемства «Дзецкасельскі-Гарадок» працуе ўжо дзявяты год. Кармавая база — свая. Надоі з каровы адны з самых лепшых у вобласці: летась на адну карову выходзіла па 8087 літраў малака. «Белае золата» вырабляецца найлепшай якасці — 100 % экстра-класа.

Што датычыцца ўмоў працы, то, калі ў многіх замежных фірмах лічбы заробкаў не агучваюць, тут не ўтойваюць, што «па пяцьсот» долараў у эквіваленце самыя старанныя аператары машыннага даення пачалі зарабляць ужо некалькі гадоў таму. Работнікам — бясплатнае харчаванне, прэміі — да юбілеяў, дзяржаўных свят. Тых, з каго бяруць прыклад калегі, запрашаюць у Санкт-Пецярбург на карпарацыйныя святы.

І што немалаважна — праблем са збытам прадукцыі ў Расію, з якімі сутыкаюцца беларускія вытворцы, у іх не было.

Дарэчы, у Беларусі ёсць яшчэ адна «дачка» канцэрна. ТАА «Нарачанская Ніва 2004» знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Фірма створана ў 2004 годзе. Спецыялізацыя такая ж, як і ў Гарадоцкім раёне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Арыентацыя — экспарт

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.