24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Як падлеткі працуюць на доследнай станцыі Акадэміі навук


На Чэрвеньшчыне варыянтаў падпрацоўкі для падлеткаў падчас канікулаў некалькі. Адзін з іх — у Мінскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якую ў народзе называюць проста: «Навука».


Да яе ад Чэрвеня, лічы, рукой падаць: яна месціцца ў вёсцы Натальеўск, прыкладна за два кіламетры ад райцэнтра. «Навука» займаецца вырошчваннем гароху, збожжа, бульбы ды іншага. Патрабуецца шмат рабочых рук. Клопатаў, у тым ліку і летам штогод, — процьма, таму на дапамогу заўжды прыходзяць хлопцы і дзяўчаты ад чатырнаццаці гадоў, якія мараць пра свой заробак.

Для таго каб уладкавацца на станцыю, падлеткам неабходна прынесці медыцынскую даведку, заяву з подпісам бацькоў і пашпарт. Калі ўсё ў парадку, ім робяць пасведчанне аб страхоўцы і праводзяць інструктаж. Трэба заўжды быць пільнымі: побач працуюць пагрузачныя машыны, камбайны, трактары. Галаўны ўбор — абавязковы атрыбут падлеткаў на полі: гарачае летняе сонца не шкадуе нікога. Хлопцам і дзяўчатам не дазваляюць працаваць з хімікатамі — небяспечна і шкодна. Таксама іх моцна не нагружаюць, кожнаму — па магчымасцях. Графік у падлеткаў вольны, штодзень працаваць не прымушаюць.

Прачынацца трэба ледзь не раней, чым у школу. І, добра падсілкаваўшыся, з баявым настроем ісці ў галоўны будынак «Навукі». Там з самага ранку — мітусня, гоман, пытанні: «Калі ўжо паедзем?», «На які ўчастак сёння?» Юныя памочнікі тут чакаюць заданняў. Яны могуць атрымаць іх з розных аддзелаў: селекцыі, насенняводства збожжавых і зернебабовых культур, кормавытворчасці.

Калі кожнаму знаходзіцца занятак, у калідорах становіцца ціха. Усе на палетках, у ангары ці на складзе — там пачынае віраваць працоўнае жыццё.

Бліжэй за ўсё ад «Навукі» да ангара. Туды я і наведалася перш за ўсё. Закрыты з усіх бакоў, ён добра хавае работнікаў і ад спёкі, і ад дажджу — умовы надвор'я для іх не перашкода. У ангары шчыруюць трое: двое «навукоўцаў» і чатырнаццацігадовая Аліна Скуратовіч. Яна чэрпае вядром зерне і перасыпае ў спецыяльны баул. Рухаецца бадзёра, ні на хвіліну не спыняючыся, моўчкі. Без звыклай кампаніі ёй, мабыць, сумна. Астатнія сёння шчыруюць на складзе.

На ім больш шумна, бо працуюць не толькі людзі, але і машыны. Трое падлеткаў — пятнаццацігадовы Артур Ладуцька, шаснаццацігадовая Ганна Тарлоўская і чатырнаццацігадовая Маша Махітка — перасыпаюць насенне з баулаў у мяхі, якія ставяцца на вялікія прамысловыя вагі. Павінна атрымацца роўна 40 кілаграмаў. На маё здзіўленне, чаму яны такія сур'ёзныя, падлеткі кажуць: «Дык і работа ў нас такая, сур'ёзная!» Аднак на пытанне, на што патрацяць грошы, адказваюць бадзёра. Артур — на сябе, Маша — на школьныя прылады, а Ганна на... матацыкл! Пагутарыўшы з імі яшчэ пра тое-сёе, прыгадала свой досвед працы ў «Навуцы», які быў чатыры-пяць гадоў таму. У нас у калектыве заўжды было весела! Спадзеючыся, што ў іх таксама пануе сяброўская атмасфера (можа, пакуль не прачнуліся), выправілася далей.

На полі праца найбольш складаная. Летам часта альбо дождж, альбо неймаверная спёка. Гэтым разам туды накіравалі збіраць гарох пятнаццацігадовага Улада Апацкага, які ў «Навуцы» ўжо два месяцы. Ён хутка збіраецца паступаць у мясцовы будаўнічы ліцэй, таму грошы лішнімі не будуць.

...Калі скончацца канікулы, нашы героі, гледзячы на самастойна набытыя пакупкі, будуць успамінаць насычанае працай лета і ганарыцца сабой. За некалькі месяцаў яны сталі больш дарослымі.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.