Вы тут

Скончыўся прыём ва ўстановы прафесійнай адукацыі


Скончыўся прыём ва ўстановы прафесійнай адукацыі. Нягледзячы на тое, што колькасць месцаў у сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах у гэтым годзе была павялічана, планы па наборы аказаліся выкананыя.


У пашане медыкі і айцішнікі

У сярэднія спецыяльныя ўстановы паступалі хлопцы і дзяўчаты з нядрэннымі атэстатамі, прахадныя балы былі даволі высокія. Як заўсёды, асабліва былі запатрабаваныя медыцынскія, педагагічныя, юрыдычныя, эканамічныя спецыяльнасці. Таксама ахвотна абітурыенты выбіралі прафесіі, звязаныя з будоўляй, архітэктурай, энергетыкай, транспартам. Вялікія конкурсы былі сярод будучых «айцішнікаў». Нават на платныя месцы такіх навучальных устаноў абітурыенты ішлі даволі актыўна. У гэтым годзе (як, дарэчы, і ў папярэднім) праблемы з запаўненнем адчуваліся толькі на спецыяльнасцях лёгкай прамысловасці і заатэхніі.

— Падрыхтоўка будзе весціся па 151 спецыяльнасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сярод новых прапаноў для абітурыентаў — «візуальны мерчэндайзінг», «захаванне і перапрацоўка збожжа», па жаданні заказчыка аднаўляецца спецыяльнасць «сацыяльная работа», а таксама паступіў заказ на спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, — паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення, начальнік упраўлення прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марына Суворава. — У гэтым годзе мы крыху перагледзелі структуру падрыхтоўкі, павялічылі прыём на тэхналагічныя і тэхнічныя спецыяльнасці на пяць працэнтаў, будаўнічыя — на шэсць працэнтаў, а на кіраўнічыя і правазнаўчыя, наадварот, на тры працэнты знізілі.

20 жніўня скончыўся прыём і ў прафесіянальна-тэхнічныя ўстановы, да 25 жніўня яшчэ ідзе залічэнне абітурыентаў. Але ўжо сёння можна сказаць, што план па наборы абітурыентаў будзе выкананы на 99 працэнтаў — гэта пры тым, што сёлета ПТВ гатовыя ўзяць на 1,3 тысячы навучэнцаў болей. Правіламі прыёму прадугледжана, што тэхнічныя навучальныя ўстановы, у якіх засталіся вакантныя месцы на асобныя спецыяльнасці, могуць працягнуць прыём да 15 верасня. Звычайна такую магчымасць выкарыстоўваюць установы будаўнічага профілю, сельскай гаспадаркі і лёгкай прамысловасці.

Калі ў мінулым годзе ў Беларусі было 113 каледжаў, сёлета іх стала 111, колькасць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі таксама скарацілася — на тры адзінкі (да 131). Але гэта не азначае, што менш хлопцаў і дзяўчат змогуць атрымліваць рабочыя прафесіі. Справа ў тым, што навучальныя ўстановы, блізкія па ўзроўнях падрыхтоўкі, аб'ядноўваюцца, утвараюць кластары.

Шлях да мары

Да таго ж пастановай урада ўведзена прафесійная падрыхтоўка школьнікаў 10—11 класаў у межах навучальнага прадмета «працоўнае навучанне». Для гэтай справы будуць задзейнічаны як школьныя майстэрні, так і база ўстаноў прафесійнай адукацыі. Знаёміцца з прафесіямі будуць падлеткі, якія не вучацца ў профільных класах. Пасля заканчэння праграмы хлопцаў і дзяўчат чакае экзамен з прысваеннем кваліфікацыі. На сумесных мерапрыемствах школ і ўстаноў прафесійнага навучання старшакласнікі не проста атрымліваюць інфармацыю — для іх адкрываюцца майстэрні, праводзяцца майстар-класы, хлопцы і дзяўчаты спрабуюць рабіць нешта сваімі рукамі. У выніку многія пасля выбіраюць прафесійнае навучанне, тым больш што такое рашэнне зусім не пазбаўляе іх мары аб вышэйшай адукацыі, хутчэй наадварот.

— У нас у краіне дастаткова шырокі дыяпазон траекторый атрымання адукацыі. Можна ісці праз прафесіянальна-тэхнічную адукацыю, пасля паступаць на скарочаны тэрмін у сярэднія спецыяльныя ўстановы, і далей — інтэграцыі сярэдняй адукацыі з вышэйшай. Гэта сістэма пабудаваная, і яна сёння працуе, — заўважае Марына Суворава. — Але можна выбіраць і іншыя шляхі: адразу паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, ці, калі ўжо маеце прафесію, павышаць кваліфікацыю непасрэдна на рабочым месцы.

Як правіла, скарочаныя формы навучання прапануюць ВНУ, у структуры якіх ёсць каледжы. І не трэба думаць, што інтэгруюцца толькі спецыяльнасці з аднолькавымі назвамі. Так, аднаму з кірункаў, на які паступаюць у ВНУ, можа адпавядаць з дзясятак спецыяльнасцяў сярэдняй адукацыі.

Акрамя таго, часта маладыя людзі самі выбудоўваюць навучанне так, каб атрымаць разнастайныя веды. Напрыклад, кухары ці аўтамеханікі выбіраюць для навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі эканамічны і юрыдычны профіль, каб адкрыць уласную справу. Не будзем забывацца, што існуюць пералікі спецыяльнасцяў, атрыманых у выніку прафесійнага навучання, якія даюць правы паступаць на вячэрнюю ці завочную форму навучання за бюджэтныя сродкі.

Умовы прыёму, якія ўстаноўлены ў 2017 годзе, прадугледжваюць, што працягваць адукацыю могуць не толькі ўчарашнія школьнікі, але і маладыя людзі, якія ўжо маюць прафесію. Прычым ім не трэба здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне.

Новы змест

Трэба сказаць, што навучальныя праграмы ўстаноў прафесійнай адукацыі сёння моцна змяніліся.

— Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ўведзена на рынку такое паняцце, як прафесійны стандарт: для яго характэрна больш падрабязнае апісанне патрабаванняў да канкрэтнага работніка. Гэтыя прафесійныя стандарты будуць складацца сектаральнымі саветамі, якія ствараюцца пры галіновых міністэрствах і ведамствах і датычацца пэўнай сферы. Пры міністэрстве эканомікі, дарэчы, сектаральныя саветы ўжо створаныя, вядзецца праца па абнаўленні патрабаванняў работадаўцаў да канкрэтных работнікаў. Натуральна, задача сістэмы адукацыі — своечасова зрэагаваць на гэтыя патрабаванні абнаўленнем зместу праграм. Але гэта працэс дастаткова фундаментальны і доўгі, — расказвае начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнага навучання Аляксандра Пятрова.

Нельга забывацца і на міжнародныя прафесійныя стандарты, каб на нашых прадпрыемствах спецыялісты маглі працаваць з сучасным абсталяваннем і валодаць такімі ж навыкамі, як і замежныя работнікі. У 2014 годзе Беларусь далучылася да WоrldSkіlls — міжнароднага руху, якія аб'ядноўвае ўстановы адукацыі, работадаўцаў і наогул моладзь, якая не толькі атрымлівае прафесійнае навучанне, але ўжо працуе па сваёй спецыяльнасці. Каб беларускія хлопцы і дзяўчаты змаглі на належным узроўні паказваць сябе на міжнародных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства, навучальныя ўстановы пераглядаюць праграму падрыхтоўкі. Прычым да гэтай справы падключаюцца ў тым ліку і работнікі рэальнага сектара, якія валодаюць ведамі аб новых тэхналогіях і абсталяванні.

Для таго каб рыхтаваць сучасных спецыялістаў, у краіне ствараюцца рэсурсныя цэнтры. Прычым цэнтралізаванае аснашчэнне матэрыяльна-тэхнічных баз пэўных устаноў вядзецца па ўсіх рэгіёнах. Калі ў сваіх вучэбных майстэрнях навучэнцы могуць знаёміцца са стандартным абсталяваннем, то такія цэнтры — гэта канцэнтрацыя інавацыйных і высокатэхналагічных рэсурсаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Зрабіць зачын на заўтра

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.