Вы тут

У Кітаі існавала цывілізацыя інжынераў


Археолагі з Кітая і Вялікабрытаніі прыйшлі да высновы, што да дзяржавы Інь, якая лічыцца першым старажытнакітайскім дзяржаўным утварэннем, існавала старажытная развітая цывілізацыя. Яе прадстаўнікі былі здольныя ўзводзіць складаныя інжынерныя збудаванні, якія абаранялі буйныя гарады ад паводак. У артыкуле, апублікаваным у часопісе Antіquіty, аўтары правялі агляд археалагічных адкрыццяў, звязаных з нядаўна выяўленай культурай Лянчжу.


Дзяржава Інь (таксама вядомая як дзяржава Шан) узнікла каля 1600 года да нашай эры. Аднак яшчэ ў 1936 годзе археолагі адшукалі старажытнакітайскае паселішча, названае Лянчжу, якое размяшчалася ў дэльце ракі Янцзы, за 160 кіламетраў на захад ад Шанхая, у правінцыі Чжэцзян. У 1986 годзе праводзіліся раскопкі пахаванняў, пры якіх навукоўцы выявілі магілы, дзе былі пахаваныя прадстаўнікі мясцовай знаці. Гэта сведчыла аб існаванні выразнага адрознення паміж класамі. Вынікі датавання паказалі, што ўзрост пахаванняў дасягаў 4800—5300 гадоў.

Пазней археолагі знайшлі складаную сістэму платформаў і фартыфікацыйных умацаванняў, прызначаных для абароны паселішча ад паводак. Шырыня гарадской сцяны, паводле ацэнак, была не менш за 20 метраў, а вышыня месцамі дасягала чатырох метраў. Такім чынам, паселішча Лянчжу аказалася адным з найбуйнейшых гарадоў часоў позняга неаліту. Тут таксама мелася сістэма водазабеспячэння, якая выкарыстоўвалася для арашэння сельскагаспадарчых угоддзяў. Старажытныя кітайцы стварылі сістэму плацін і штучныя водныя рэзервуары, агульны аб'ём якіх дасягаў 50 мільёнаў кубічных метраў.

Культура Лянчжу характарызавалася стварэннем нефрытавых і жадэітавых вырабаў, у тым ліку упрыгажэнняў, сякер, дыскаў бі і цыліндраў цу. Лічыцца, што гэтыя артэфакты служылі адметнымі прыкметамі знаці, паколькі іх выяўлялі толькі ўнутры пэўных магіл. Такім чынам, лічаць даследчыкі, існуе тры лініі доказаў, якія пацвярджаюць тое, што культура Лянчжу была складаным дзяржаўным утварэннем, нягледзячы на адсутнасць пісьменнасці. Пра гэта сведчаць памеры горада, наяўнасць інжынерных збудаванняў і стварэнне складаных артэфактаў.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.