Вы тут

Дзе гучаць Крывічы


На фестываль «У госці да Лепельскага цмока» традыцыйна збіраюцца і народныя калектывы, і рок-музыканты.


Сёлета гасцямі фэсту былі іркуцкія беларусы — гурт аўтэнтычнага спеву «Крывічы». У Іркуцку шмат гадоў актыўна дзейнічае Беларускі клуб, што гуртуе вакол сябе мясцовых беларусаў і тых, чые продкі паходзяць з Беларусі. Народныя святы, арганізаваныя беларусамі, збіраюць мноства людзей. Гучаць нашы песні, і за іх адказны ансамбль «Крывічы». Старшыня Беларускага клуба, кіраўнік ансамбля «Крывічы» — Вольга Галанава. Калі слухаеш яе натуральную гаворку, калі чуеш, як пранікнёна яна спявае народныя песні, цяжка паверыць, што Вольга толькі ў дарослым узросце даведалася і адчула сябе беларускай. І мову вывучыла, і спяваць па-нашаму навучылася.

Якім быў шлях Вольгі Галанавай да Беларусі, што за песні, што за людзі ў ансамблі «Крывічы» — пра гэта яна распавяла ў перапынку паміж выступленнямі на фестывалі:

— Нарадзілася я ў Сібіры, а з Беларусі былі мае прадзед і прабабка. Яны пераехалі недзе ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, з’ехалі ад голаду і небяспекі. Толькі сёлета я дакладна даведалася, што прабабкіна лінія Дарашкевічаў паходзіць з вёскі Луг, якая, дарэчы, недалёка адсюль, ад Лепеля. А прадзедава лінія Галанавых паходзіць з Магілёўшчыны. Прадзед Іван, расказваюць, быў спрытны, удалы цясляр, рабіў хаты, мэблю.

— У вашай сям’і захоўваліся беларускія традыцыі, вы перанялі цікавасць да іх ад бацькоў?

— На жаль, не магу так сказаць. Мы жылі спачатку ў адной вёсцы, недзе за 190 кіламетраў ад Іркуцка, потым пераехалі ў іншую. Там не шмат было беларусаў, а многа татараў, асабліва многа буратаў. І па-беларуску ў нас у сям’і не гаварылі, і нават не вельмі задумваліся над гэтым. Канечне, нейкія традыцыйныя рэчы перадаваліся: рэцэпты страў, расклад дня — з чаго пачынаць, чым заканчваць. Некаторыя святы — Вялікдзень, Радаўніца.

— Вось так і казалі менавіта па-нашаму — Вялікдзень і Радаўніца?

— Так, гэта было. І некаторыя беларускія словы ўжываліся. Некалькі гадоў мы пажылі яшчэ з прабабкай Варварай Дарашкевіч, ад яе перанялі, але нават і не ведалі, што словы беларускія. Родныя называлі сябе рускімі. Але чаму — таму што нас усіх запісвалі рускімі. Ідзеш пашпарт атрымліваць — цябе і запісваюць рускім. Не было такога ўсведамлення. У нас была вялізная гаспадарка, шмат працы, жыццё складанае. Было не да таго, каб нешта ўдакладняць.

— Атрымліваецца, што вы зрабілі свядомы выбар і сталі беларускай у дарослым узросце?

— Так, гэта быў мой свядомы выбар. Але ж праз выпадак, які можна назваць лёсам. Я паехала вучыцца ў Іркуцк і нечакана трапіла ў офіс Таварыства беларускай культуры, якое ўзначальваў Алег Рудакоў. Я і не ведала, што ёсць такое таварыства, не ішла туды спецыяльна. Але з гэтага ўсё пачалося, я ўзялася вучыць беларускую мову. Якую, можна сказаць, ніколі і не чула. А праз чатыры месяцы ўжо размаўляла больш-менш вольна.

— Як жа вам гэта ўдалося?

— Спачатку чытала кнігі, у таварыстве была неблагая бібліятэка. Месяцы праз паўтара пачала спрабаваць размаўляць. Цікава, што адметныя гукі мне неяк адразу даліся, у нескладовае, г фрыкатыўнае. Але была праблема з націскамі. Калі чытаеш кнігу, то не ведаеш націскаў. І я спачатку трохі саромелася. Але пачала, з кім магла, размаўляць, яны мяне выпраўлялі, вось так і вывучылася.

А потым Алег Рудакоў кажа: «А цяпер давай спяваць!..» Я ў роспачы — дзе я, а дзе спевы? Ніколі ж не спявала. Але моцна захапілася фальклорам. Тады ж, у 2003 годзе, і свой народны строй пачала шыць, у якім цяпер выступаю. Пачала чытаць многа гістарычнай, асабліва этнаграфічнай літаратуры. І цяпер не проста спяваю, але і кірую ансамблем беларускай аўтэнтычнай песні «Крывічы».

— На фестываль у Лепель вы прывезлі беларускія песні, запісаныя вамі ў сібірскіх вёсках. Што гэта за песні, як вы іх знаходзіце?

— Песні «Там за гаем» і «Зялёны дубочак» мы запісалі ў Ніны Кузьмінічны Дакучыц, у дзявоцтве Самасюк. Зараз ёй 81 год, яна паходзіць з Брэстчыны і чула гэтыя песні ад сваёй бабкі. Прывезлі мы і два спевы з вёскі Іргей Ніжне-Уздзенскага раёна ад Лісуткі Парфянок. Яе сям’я паходзіць з Віцебшчыны. Самой Лісуткі, на жаль, ужо няма на гэтым свеце.

Калі едзем у нас там па вёсках, спачатку проста глядзім навокал. Бачым, што ўсё чысценька, хата, падворак прыбраны, усё неяк так па-беларуску — то і прыпыняемся, і пачынаем цікавіцца. Здараецца, што маладзейшае пакаленне нават не ведае, што мае беларускія карані. А пачынаеш размаўляць са старымі — то і ўспаміны, і песні беларускія народныя, і гаворка. Знайсці такую бабульку зараз ужо цуд, людзі сыходзяць, песні забываюцца. Шкада, што мясцовыя чыноўнікі ад культуры мала гэтым цікавяцца, не шануюць фальклор. Нават калі ідзе гаворка пра беларускую дыяспару і гурткі на месцах, то часцей можна пачуць нешта кшталту «Чаркі на пасашок» ці «Переживем, переживем»...

— А хто вы па прафесіі, чым займаецеся акрамя спеваў?

— Я псіхолаг, вяду прыватную практыку. Працую з людзьмі і стараюся ім дапамагчы. Жыццё навокал робіцца больш складаным. Людзі з’язджаюць, ці збіраюцца з’язджаць: хто ў Маскву, хто ў Еўропу, хто ў Тайланд ці яшчэ куды. Пусцее Іркутчына. Тыя, хто мае беларускіх продкаў, у Беларусь пераязджаюць.

— А ў вас няма такіх планаў?

— Ёсць. Я хачу жыць у Беларусі. Але пакуль не маю такой магчымасці. Штогод прыязджаю ў Беларусь на розныя святы і бачу, што тут зусім іншыя людзі. Больш адкрытыя, мяккія, жыццё не такое мітуслівае, больш спакою. Можна гуляць па такім вялікім горадзе, як Мінск, і адчуваць прастору і спакой. Зусім нядаўна даведалася, што ў нашай сям’і засталіся яшчэ сваякі ў Беларусі, было б нядрэнна наведаць.

— Раскажыце пра ансамбль аўтэнтычнага спеву «Крывічы», што за людзі ў ім?

— У ансамблі «Крывічы» недзе каля 12-ці чалавек. Здараецца, нехта прыходзіць, нехта сыходзіць. Людзі самыя звычайныя. Ёсць у нас адна прыгажуня — маці ў яе беларуска, а бацька бурат. Але яна так любіць беларускія спевы! І іншыя атрымліваюць сапраўдную асалоду ад гэтага занятку, ад нашых выступленняў, ад свят, што мы ладзім. Для людзей гэта іх роднае, сваё. Здараецца, мясцовыя іркуцкія журналісты пытаюцца: «А чаго вы беларускае спяваеце, хіба вам мала рускага, руская культура ж такая багатая?» Як патлумачыць — гэта блізкае душы, якое адчуваеш нават не розумам, а ўсім сэрцам.

— А колькі ўвогуле такіх актыўных людзей у беларускай справе?

— Галоўны чалавек-магніт да беларушчыны — гэта, несумненна, Алег Рудакоў. Усё беларускае ў Іркуцку круціцца вакол яго. Ён лічыць, што кожны беларус прагне быць беларусам, можа проста пакуль не ведаць пра гэта. Алег такі шчыры і адкрыты, што людзі пачынаюць размаўляць з ім і напрыканцы размовы ўжо забываюцца, што раней называлі сябе рускімі. Пачынаюць цікавіцца сваімі каранямі, беларускай культурай, мовай і праз пэўны час ўпэўнена кажуць: «Мы беларусы».

А ўвогуле актывістаў, можа, чалавек 40. На святы збіраецца нашмат больш людзей. І мае маленькія пляменнікі часам прыходзяць. Так цікава атрымалася, што мая сястра пакахала хлопца, яны ажаніліся, і аказалася, што ён таксама беларус.

Самае папулярнае ў нашай грамады свята — Купалле. Недзе 350 чалавек збіраецца на яго. Любяць у нас, калі ладзім і Жаніцьбу Цярэшкі, — асабліва моладзі падабаецца. Ды й іншыя святы. Я бачу, што з кожным годам людзі ўсё больш цягнуцца да гэтай справы, да старых песень, бо сучасная эстрада ўжо і надакучвае, і раздражняе. А нашы песні быццам вяртаюць людзей да нечага чыстага і сапраўднага.

Надзея КУДРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.