Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Ва ўрадзе павінна быць абнаўленне, без застою


Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па кадравых пытаннях у дзяржаўных органах і арганізацыях.


Як адзначыла ў пачатку рабочай сустрэчы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава, у Адміністрацыі разгледжаны і падрыхтаваны да прызначэння і ўзгаднення Прэзідэнтам 19 кандыдатаў на пасады, уключаныя ў кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы. "Для прадстаўлення прапануецца сем кандыдатаў", — сказала яна. У сваім выступе Наталля Качанава распавяла, дзе працуюць кандыдаты Алена Алексіна, Юрый Горлаў, Дзяніс Калясень, Дзмітрый Марціновіч, Леанід Засемчук, Аляксандр Рагожнік і Ірына Зарамбоўская, хто іх рэкамендуе і ці існуюць абставіны, якія перашкаджаюць іх прызначэнню.

“Жанчынам больш, чым мужыкам давяраю”

Пасля дакладу Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Алены Алексінай, якую рэкамендавалі на пасаду старшыні Гомельскага райвыканкама, ці добра ведае яна свой раён, Беларускі лідар патлумачыў, чаму задаў гэтае пытанне: на яго думку, абласныя раёны будуць пэўнымі бульдозерамі па расчыстцы назапашаных завалаў, перш за ўсё — у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, таму неабходна быць гатовым да сур'ёзнай работы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што і сам працаваў у раёне, калі яго ўзначальвала жанчына. Яму дасюль шкада жанчын, калі яны кіруюць раёнам, паколькі на іх плечы кладзецца вялікая нагрузка. "У нас гэта адзінкі — не таму, што я не давяраю. Жанчынам я як раз больш, чым мужыкам давяраю", — дадаў ён.

"Гэта сельскі раён з такімі вялізнымі функцыямі і паўнамоцтвамі — яшчэ і таму вы трапіце ў фокус увагі не толькі Прэзідэнта, але і грамадства, сродкаў масавай інфармацыі. Таму хацелася б, каб вы да гэтага былі гатовыя. Патрабаванне аднолькавае будзе з усіх, неабходны вынік , — падкрэсліў Прэзідэнт. —

"Кожная вёсачка ў Беларусі — гэта роднае і блізкае для мяне"

Што датычыцца ракіроўкі Стоўбцаў, Маладзечна, Прэзідэнт сказаў, што абмяркоўваў гэтую праблему раней са старшынёй аблвыканкама, кіраўніком Адміністрацыі. “Маладзечна — няпросты рэгіён. Вядома, зрухі там ёсць, але сказаць, што я абсалютна задаволены развіццём Маладзечанскага рэгіёну — гэта не так", — адзначыў ён.

Паводле слоў беларускага лідара, у грамадстве цяпер шмат кажуць аб Оршы, Барысаве — там ужо пачалі, вобразна кажучы, рэвалюцыю. Адпаведныя дзеянні давядзецца ажыццяўляць на асобных прадпрыемствах і ў сацыяльнай сферы і ў Маладзечне, дадаў ён. “Для мяне гэта вельмі важны горад і рэгіён, але тым не менш мы па гэтых буйных гарадах абавязкова пройдземся, вельмі моцна", — анансаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар падкрэсліў: за тую ж Оршу ўзяліся з-за таго, што гэта найбольш адсталы рэгіён, а не з-за асабістага стаўлення да родных мясцін. "Я нарадзіўся на ўсёй Беларусі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Орша стала пілотным праектам, за ёй рушаць услед Барысаў, Баранавічы, Ліда, Маладзечна, Пінск і іншыя падобныя населеныя пункты. "Я вам раю прыглядацца да тых рэвалюцыйных пераўтварэнняў, якія ў нас ажыццяўляюцца ў Оршы, Барысаве і іншых гарадах, абменьвацца вопытам, але галоўнае — гэта матэрыяльная вытворчасць. Больш-менш у Маладзечна парадак мы навялі, хоць трэба далей рухацца ў сацыяльнай сферы, уладкаванні, але галоўнае — гэта прамысловыя прадпрыемствы ", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"П'яніц у кіраўніцтве не будзе"

Акрамя таго, беларускі лідар распавёў, што ён працягвае маніторыць сітуацыю пасля абнаўлення ўрада, і адзначыў, што гэта яшчэ не канец — да шматлікіх службовых асобаў, якія не даюць вынік і працуюць па няслушных прынцыпах, яшчэ вернуцца, што тычыцца не толькі ўрада. "Публічна хачу сказаць аб недапушчальнасці п'янства. Мне сорамна пра гэта было казаць, але многія кіраўнікі, якіх я адправіў нядаўна, за каўнер закладвалі не мала. Я ж не кантралюю вас — з кім вы выпіваеце, з кім у лазню ходзіце, з кім размаўляеце — на здароўе, вы — кіраўнікі, вы павінны ўсё гэта ўмець. Але што тычыцца п'янкі, вы павінны ведаць сваю меру, вы павінны ведаць, дзе, з кім і колькі", — падкрэсліў ён.

Калі гэта пачуццё губляецца, то такі чалавек перастае быць кіраўніком. Вось па гэтай прычыне ў бліжэйшы час з некаторымі з кіраўнікоў прыйдзецца расстацца, анансаваў чарговыя перастаноўкі Прэзідэнт. Па словах кіраўніка дзяржавы, чыноўнікі і кіраўнікі заўсёды навідавоку ў народа.

"Варыянт п'янства наогул непрымальны ў кіраўніцтве. Я маю на ўвазе п'янства, я не кажу пра тое, што ўсе святыя і чарку не павінны ў руках трымаць. Не, я не пра гэта, — сказаў ён. — Я кажу пра п'янстве і пра п'яніц. Іх у кіраўніцтве не будзе".

“Хачу, каб новы ўрад працаваў і пасля выбараў”

Беларускі лідар зноў вярнуўся да тэмы перастановак ва ўрадзе: ён заўсёды перажывае, калі прыходзіцца чалавека здымаць з пасады. "Для мяне гэта трагедыя, можна сказаць. Таму я ў нейкай ступені сёння апраўдваюся", — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што людзі, якія страцілі пасады ва ўрадзе, абавязкова спатрэбяцца на канкрэтных участках. “Усе яны — калі не карупцыянеры і ня лайдакі — не павінны застацца па-за полем увагі”, дадаў ён.

Лукашэнка заявіў, што ён хоча, каб новы ўрад працаваў і пасля выбараў. Павінна быць абнаўленне, без застою, інакш гэта можа прывезці да краху, упэўнены Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што новыя прызначэння ва ўрад павінны ўпэўніць народ, што з гэтымі людзьмі можна мець справу. Аднак калі выніку не будзе, то будуць іншыя кіраўнікі.

“Хацелася б, каб у вас усё атрымалася”

Пасля беларускі лідар звярнуўся да прысутных па тэме Быхаўскага раёна, які не зрабіў на яго ўражання — туды прапанавалі Дзмітрыя Марціновіча. "Сядайце і думайце, як мы будзем развіваць гэты раён. Да Быхава трэба больш павышаная ўвага — не да самога гораду, а больш да раёну”.  Прэзідэнт звярнуўся да Наталлі Качанавай з просьбай, каб яна запланавала  ў будучым годзе паездку ў Быхаўскі раён.

Акрамя таго, беларускі лідар адзначыў вялікі вопыт Леаніда Засемчука, які быў рэкамендаваны на пасаду старшыні Клімавіцкага райвыканкама. "Хацелася б, каб у Клімавічах у вас усё атрымалася", — пажадаў ён.

Што тычыцца "Мінскага маторнага завода", то тут кіраўнік дзяржавы быў катэгарычны: на яго думку, гэты напрамак правалены. Паводле яго слоў, Беларусь — машынабудаўнічая краіна, якая купляе рухавікі з усяго свету. Звяртаючыся да Аляксандра Рагожніка, якога рэкамендавалі ў якасці новага гендырэктара, ён адзначыў, што надзей было шмат, але яны не апраўдаліся, таму трэба рэалізоўваць самыя саспелыя праекты. Іх неабходна падымаць на ўласнай тэхналагічнай базе. Прэзідэнт чакае ад "Мінскага маторнага завода" “ашаламляльных крокаў”.

Таксама ён выказаўся з нагоды "Брэсцкага электралямпавага завода" — гэта павінна быць перспектыўнае прадпрыемства. Гэта вытворчасць вельмі патрэбна Беларусі, сказаў Прэзідэнт кандыдату на пасаду дырэктара Ірыне Зарэмбоўскай, попыт будзе як з астатніх.

Вынікі

  • Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне старшыні Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў Алену Алексіну на пасаду старшыні Гомельскага райвыканкама. Юрый Горлаў узначаліць Маладзечанскі райвыканкам, а яго месца — старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама — зойме Дзяніс Калесень.
  • У сувязі з пераходам на новую працу замест Сяргея Ігнаценкі старшынёй Быхаўскага райвыканкама беларускі лідар узгадніў Дзмітрыя Марціновіча, які раней працаваў у якасці першага намесніка старшыні Клімавіцкага райвыканкама, дзе ён адказваў за сельскую гаспадарку і харчаванне.
  • Узгоднены новы старшыня Клімавіцкага райвыканкама, якім стаў Леанід Засямчук, раней — першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Аграмашсервіс".
  • Новым генеральным дырэктарам ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Мінскі маторны завод" стане Аляксандр Рагожнік, які да гэтага працаваў дырэктарам ААТ "Оптаэлектронныя сістэмы".
  • У сувязі з грубым парушэннем працоўных абавязкаў папярэдняга дырэктара ААТ "Брэсцкі электралямпавы завод" новым была ўзгоднена Ірына Зарамбоўская, якая да гэтага працавала першым намеснікам генеральнага дырэктара ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Гарызонт".

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.