Вы тут

Цяжар нерухомасці


Чаму, вырашыўшы «не прадаваць бацькаўшчыну», мы паводзім сябе з ёй як кошка з жабай.


На нашым сайце падрабязны каментарый да падпісанага за дзень да яго публікацыі ўказа «Аб пустуючых і старых дамах» ужо з самай раніцы набраў рэкордную, можна сказаць, колькасць праглядаў. Думаю, што і друкаваны нумар газеты, дзе змешчаны гэты каментарый, будзе карыстацца не меншай папулярнасцю. Таму што гэты дакумент датычыцца вельмі многіх людзей. Мы з калегамі самі, яшчэ рыхтуючы матэрыял да друку, уважліва яго чыталі і абмяркоўвалі. Я асабіста асноўныя моманты перачытала некалькі разоў. Каб запомніць і разабрацца самой. Каб расказаць і патлумачыць сябрам і знаёмым. Бо гэта ім таксама будзе цікава. У ХХІ стагоддзі ўласнікаў патэнцыяльных «пустуючых і старых дамоў» стала вельмі шмат. Можна сказаць, у грамадстве з'явіўся новы клас.

Маю на ўвазе гараджан у першым пакаленні, якія атрымалі ў спадчыну родную хату ў вёсцы. Да нядаўняга часу для іх (ці правільней — для нас) было ўсё проста. Кватэра і праца ў горадзе і — вёска. Асобным радком у біяграфіі, скразная лінія праз усё жыццё. На выхадныя і ў адпачынак — туды, бо там чакаюць, бо там круглы год патрэбна дапамога (калі не садзіць грады, дык палоць іх; калі не капаць бульбу, дык калоць дровы; калі не нанасіць вады, дык расчысціць снег). Не проста ў вёску — дадому прыязджаў да самых родных людзей, і хата заўсёды была — ніякая не дача, а менавіта родная хата — цёплая, утульная, з нагрэтай печчу, з водарам зёлак у сенцах. І даглядаць яе разам са сталымі гаспадарамі было не абавязкам — задавальненнем: сёлета шпалеры пераклеіць і падлогу са столлю пафарбаваць, налета ганак падрамантаваць, праводку новую пакласці... Здавалася, так будзе заўжды.

Толькі людзі не жывуць вечна. Сыходзяць у нябыт сапраўдныя гаспадары, тыя, што ЖЫЛІ ў хаце, клапаціліся аб ёй, даглядалі — і стаяць каля халоднай печы разгубленыя спадчыннікі, іхнія дзеці і ўнукі, не ведаючы, што з гэтай самай спадчынай рабіць, калі сам стала жыць у ёй дакладна не будзеш, бо ў горадзе — праца, кватэра, сябры, усе выгоды цывілізацыі. Хтосьці ідзе самым простым шляхам — прадаць. Але гэты крок і самы складаны псіхалагічна: як гэта — прадаць бацькаўшчыну?! Пазбавіць самога сябе дзяцінства, успамінаў, магчымасці вярнуцца, «запаснога аэрадрома», калі хочаце (у жыцці рознае можа здарыцца). І многія гераічна вырашаюць: прадаваць — ні за што! Яшчэ не разумеючы, што іх чакае наперадзе.

А чакае шмат праблем, пра якія многія з новых гаспадароў — дарослыя і дасведчаныя ў многіх пытаннях людзі — нават не здагадваліся. (Гэта я пра тых, хто нарадзіўся ў вёсцы, хто прыязджаў бацькам дапамагаць. А што ўжо казаць не пра дзяцей — пра ўнукаў, якія выраслі ў горадзе, у бабулі-дзядулі бывалі наездамі, больш гулялі, чым працавалі.) Напрыклад, пра тое, што пустую хату на зіму мала надзейна замкнуць, каб не залезлі якія лёзныя людзі ды не пакралі ці не папсавалі нажытае некалькімі пакаленнямі. У хаты, дзе зімой ніхто не жыве, ёсць іншыя ворагі. Напрыклад, вільгаць. Яна, халодная, усюдыісная, пранікае ва ўсе шчыліны, пасяляе плесень пад шпалерамі, робіць мокрымі і смярдзючымі падушкі і коўдры, псуе бытавую тэхніку — калі, напрыклад, тэлевізар на зіму не звезці з сабой або не запакаваць надзейна ў цэлафан, увесну, калі ўключыце, ён у лепшым выпадку скажа вам ціхае «пшык» і патухне... Ці яшчэ мышы. Гэтыя нахабныя шэрыя істоты ўмомант адчуваюць, што хата засталася без гаспадара. Калі нічога не рабіць, яны тут жа пасяляюцца ў ёй, робяць гнёзды ў канапах, ва ўжо згаданых коўдрах і падушках (вільгаці яны не баяцца), і грызуць, грызуць, грызуць усё, што трапіцца ім на зубы... А вось яшчэ печ. Вялікая, дыхтоўная, на трэць хаты — яна, здаецца, будзе стаяць вечна. Але калі яе не прапаліць хаця б некалькі разоў за год (а некаторыя спадчыннікі, якія прыязджаюць толькі ўлетку, не лічаць патрэбным гэта рабіць, бо ў хаце цёпла), яна... праваліцца. Так, у ёй з-за той самай вільгаці абрушыцца чарэнь, і тады ў хаце заўсёды будзе сыра і холадна, нават у самы спякотны дзень, і гэта будзе праблема з праблем, бо падрамантаваць такую печ практычна немагчыма, а разабраць... Вы ўяўляеце, што такое — разабраць вялікую рускую печ?..

І гэтыя праблемы (апісаныя тут — далёка не ўсе) і ёсць, здаецца, тая самая адпраўная кропка, з якой жылая нармальная хата пачынае станавіцца «старой і пустуючай», а там, глядзіш, і аварыйнай, якую ўжо без размоў трэба будзе «пад знос». Таму што, сутыкнуўшыся з такімі праблемамі, спадчыннікі са здзіўленнем пачынаюць усведамляць, што вясковая нерухомасць на руках — гэта не толькі магчымасць выехаць летам за горад, не толькі «запасны аэрадром». Гэта яшчэ і адказнасць, і клопат, і праца, і сродкі (прычым немалыя), якія трэба ў гэту нерухомасць укладаць, каб яна элементарна не развалілася. Многія да такой неспадзяванкі аказаліся проста не гатовыя, высакародна вырашыўшы «не прадаваць бацькаўшчыну», яны з гэтай самай бацькаўшчынай паводзяць сябе як кошка з жабай — і брыдка з'есці, і жаль пакінуць. Я перабольшваю? Адкуль жа тады гэтыя лічбы, агучаныя ў згаданым вышэй каментарыі: «у беларускіх вёсках больш за 30 тысяч дамоў прызнаныя старымі і звыш 10 тысяч — пустуючымі»? Гэтыя дзясяткі тысяч хат, што не маюць законных гаспадароў? Вельмі слаба ў гэта верыцца...

У новым указе, дарэчы, шмат пазіцый менавіта ў абарону, у інтарэсах уласнікаў. Напрыклад, раней, каб тваю хату не прызналі пустуючай, у ёй трэба было жыць не менш за месяц кожны год на працягу трох гадоў. «Цяпер не будуць прызнавацца пустуючымі дамы, у якіх асобы, якія маюць права валодання і карыстання імі, пражывалі на працягу апошніх трох гадоў хоць бы адзін дзень».

Калі ўспрыняць літаральна і прыехаць у хату на адзін дзень за тры гады... Ад статусу «пустуючая» гэта яе выратуе. Ад статусу «старая» (у сэнсе — «трухлявая», «лядашчая», чытай — «аварыйная») — наўрад ці. Зрэшты, гэта ўжо ў плоскаці не закона, хутчэй — адказнасці і сумлення.

Алена Ляўковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.