Вы тут

Лукашэнка: Беларусь гатова да актыўнага ўдзелу ў мірных касмічных праектах


Пра гэта заявіў Прэзідэнт нашай краіны на цырымоніі адкрыцця XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі удзельнікаў касмічных палётаў.


У пачатку свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, накіроўваючыся на кангрэс, ён падумаў пра тое, што яшчэ, напэўна, ніколі - не толькі ў зале нацыянальнага выставачнага цэнтра «Белэкспа», але і ў горадзе-героі Мінску - не было столькі герояў. Паводле яго слоў, вельмі б хацелася, каб з беларускай сталіцы ўсе ўдзельнікі з'ехалі ў добрым настроі, а кангрэс надаў дадатковы імпульс у асабістых здзяйсненнях і дасягненнях арганізацый.

Прэзідэнт павітаў на беларускай зямлі ўсіх, для каго заваяванне космасу стала справай жыцця. Па словах кіраўніка дзяржавы, стагоддзямі чалавек імкнуўся да зор, а пераадолеў зямное прыцягненне пяцьдзясят сем гадоў таму. «Па мерках развіцця цывілізацый - зусім нядаўна, - канстатаваў беларускі лідар. - Але поспехі, якіх дабіліся спецыялісты гэтай галіны, ўражваюць».

Прэзідэнт дадаў, што сёння ў свеце налічваецца каля дзевяноста касмічных дзяржаў, сярод якіх і Беларусь. Пяцьсот шэсцьдзесят пяць чалавек узялі ўдзел у палётах, больш за тысячу спадарожнікаў круцяцца вакол Зямлі.

«Мы ганарымся, што ў гісторыю касмічнай эры ўпісаны імёны і беларускіх вучоных, і касманаўтаў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ветэраны арбітальных палётаў Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, удзельнік апошніх экспедыцый на Міжнароднай касмічнай станцыі Алег Навіцкі - гэта нашы землякі, нашы беларусы, адданыя сваёй радзіме, Беларусі і другой сваёй радзіме, я спадзяюся, Расіі, дзе яны часта бываюць і жывуць. Беларускія карані і ў Алега Арцем'ева, які ў дадзены момант знаходзіцца на арбітальнай станцыі».

Па словах кіраўніка дзяржавы, касмічная галіна нашай краіны ўпэўнена развіваецца. Беларусь паспяхова выпускае аптычныя сістэмы высокай раздзяляльнасці для спадарожнікаў, касмічныя люстэркі з асаблівай гладкасцю, апаратуру для дыстанцыйнага зандзіравання. Сумесна з расійскімі калегамі айчынныя спецыялісты распрацоўваюць перспектыўныя тэхналогіі, прымаюць удзел у праекце стварэння новага касмічнага апарата, плануюць супрацоўніцтва ў рамках міжнароднай праграмы «Сірыус».

Таксама беларускі лідар нагадаў, што Беларусь з'яўляецца паўнапраўным і актыўным удзельнікам Камітэта ААН па выкарыстанні пазаземнай прасторы дзеля мірных мэтаў.

Па словах кіраўніка дзяржавы, усе вышэйназванае адбывалася не проста на яго вачах - яму даводзілася прымаць рашэнні па развіцці касмічнай галіны ў Беларусі. Ён адзначыў, што калі б не было беларускіх касманаўтаў, наўрад ці б у нашай краіне ўзяліся за гэтую тэму. «Сёння мы не шкадуем. Шмат было супраціву, размоў, гэта новая была тэма для Беларусі, але тым не менш мною былі прыняты рашэнні, перш за ўсё таму, што гэта самыя новыя тэхналогіі - найноўшыя тэхналогіі, якія пацягнулі за сабой цэлы сектар эканомікі. Гэта спрыяе ўздыму Беларусі на больш высокі ўзровень. Гэта спрыяе таму, што Беларусь стала ў шэраг высокаразвітых цывілізаваных дзяржаў, дзе развіваюцца атамная энергетыка, касманаўтыка, іншыя кірункі», - сказаў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што сёння ўвесь свет аб'ядноўвае свае намаганні ў засваенні космасу. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта і з'яўляецца рухаючай сілай навукова-тэхнічнага прагрэсу. Сумесная праца вучоных, інжынераў, тэхнікаў, безумоўна, спрыяе развіццю і іншых сфер, росту нацыянальных эканомік.

«Яскравы прыклад эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне асваення космасу - гэта Міжнародная касмічная станцыя», - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што запуск першага модуля адбыўся 20 гадоў таму. Ужо тады ў распрацоўцы і зборцы станцыі ўдзельнічалі 15 краін, цяпер яе магчымасці выкарыстоўваюць у сваіх мэтах 100 дзяржаў. На яе борце паспяхова і плённа працуюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. «Гэта арбітальная лабараторыя - узор таго, як у сучасным свеце можна і трэба выбудоўваць партнёрскія і дзелавыя адносіны паміж дзяржавамі і народамі, якія насяляюць планету. Калі хочаце - гэта яркі прыклад нам, зямлянам, як трэба жыць у гэтым цесным свеце, які хутка развіваецца, жыць у міры і згодзе на карысць ўсіх народаў. На жаль, мы не заўсёды, а то і часцяком гэтым прыкладам не карыстаемся. У нас на Зямлі часта адбываецца усё наадварот, - дадаў беларускі лідар. - Такім жа высакародным мэтам служыць Міжнародны альянс аператараў штучных спадарожнікаў Зямлі «ПанГеа». На сувязі з ім знаходзіцца і беларускі апарат «Белінтэрсат-1».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: важна ўсё дасягненні і назапашаныя ў касмічнай галіне веды накіроўваць на карысць людзей, а таксама на вырашэнне праблем экалогіі, папярэджанне надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. На забеспячэнне харчовай бяспекі і рацыянальнага землекарыстання. На захаванне прыродных рэсурсаў і біялагічнай разнастайнасці, на вывучэнне пазаземнага прасторы выключна з мірнымі мэтамі.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што трэба будзе вырашыць шмат задач далейшага асваення космасу. На парадку дня - новыя палёты чалавека на Месяц, пілатаванне караблёў на Марс, пошук і даследаванне іншых прыдатных для жыцця планет.

«Каму як не вам, удзельнікам касмічных экспедыцый, ведаць, што толькі з лініі арбіты можна ўбачыць, якая маленькая і крохкая наша планета ў маштабах Сусвету. Толькі зірнуўшы ў ілюмінатар, можна зразумець, што яна - наш агульны дом, клопат пра які - на плячах ўсёй сучаснай цывілізацыі, кожнага чалавека, - адзначыў беларускі лідар, звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму. - Там, на вышыні сотняў кіламетраў, асабліва зразумела, што мы ўсе - дзеці Зямлі, адна сям'я. І ў адказе за будучыню гэтага кавалачка Сусвету».

На яго думку, менавіта разам, у цесным супрацоўніцтве, мы наблізімся да новых значных вехаў асваення космасу. «Толькі ў інтарэсах усяго свету, давяраючы адзін аднаму, мы павінны будаваць нашу касмічную будучыню. Беларусь гатовая да дыялогу, актыўнага ўдзелу ў мірных праграмах і праектах, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы рады таму, што Трыццаць першы Міжнародны кангрэс Асацыяцыі удзельнікаў касмічных палётаў праходзіць у нашай сталіцы - горадзе-героі Мінску!»

Кіраўнік дзяржавы пажадаў удзельнікам плённай працы, цікавых сустрэч і добрых уражанняў аб нашай краіне і гасцінным народзе, а нашай планеце - міру, дабра і росквіту.

На памяць Прэзідэнту падарылі карціну, якую намаляваў Аляксей Ляонаў. Аляксандр Лукашэнка папрасіў, каб перш, чым гэты твор мастацтва адправяць у Палац Незалежнасці, ён быў ў «Белэкспа» і нагадваў, што славуты касманаўт, які не змог прыехаць на кангрэс, побач з яго ўдзельнікамі. Кіраўнік дзяржавы назваў карціну неацэннай.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...