Вы тут

Тры сястры, або эпоха праз гісторыю сям'і


Шура, Марыя і Вера Сцяпанавы. Яны знайшлі свой лёс у Мінску і сябравалі ўсё жыццё. Шура — харызматычная, правільная і мэтанакіраваная. Марыя — рагатуха і майстрыха на ўсе рукі. І Вера — самая малодшая, але вельмі мудрая, чуйная і інтэлігентная.


Шу­ра, Ма­рыя і Ве­ра Сця­па­на­вы з баць­кам.  Зды­мак зроб­ле­ны ў 1939 го­дзе ў Ста­лін­гра­дзе (ця­пер Вал­га­град).

Сёстры раслі ў шматдзетнай сям'і пуцілаўскага рабочага Ігната Сцяпанава. Голад у Піцеры пасля грамадзянскай вайны прымусіў сям'ю сарвацца з месца. Старэйшая сястра Шура вырашыла пашукаць долю ў Беларусі. А Ігнат Сцяпанаў з жонкай Наталляй падхапілі малодшых дзяцей і паехалі ў Сталінград (сучасны Валгаград) на будаўніцтва гідраэлектрастанцыі... У выніку на будоўлю ўдалося ўладкавацца старэйшым сынам. Ігнат жа па ўзросце здолеў знайсці толькі месца дворніка, затое ў доме сталінградскай інтэлігенцыі. Таму сяброўкі ў сясцёр Сцяпанавых былі вельмі адукаваныя, выхаваныя і пазбаўленыя класавых забабонаў. Дочкам дворніка было дазволена нават карыстацца багатымі хатнімі бібліятэкамі. Асабліва прыахвоцілася да чытання малодшая, Вера.

Марыя і Вера на той момант абедзве хадзілі ў школу. Праўда, абутак у іх быў адзін на дваіх, таму зімой даводзілася наведваць заняткі па чарзе. Затое адзенне лічылася самым адмысловым у класе, бо іх маці да рэвалюцыі была швачкай і выдатна яго канструявала. Дарэчы, на самым раннім сумесным фотаздымку сукенкі малодшых сясцёр пашыты менавіта Наталляй Сцяпанавай. Зроблена фота ў канцы трыццатых гадоў, калі ў госці да родзічаў з Мінска прыехала старэйшая сястра Шура. Яна да таго часу зрабіла ў Беларусі партыйную кар'еру і вырашыла наведаць малодшых сястрычак. На памяць яны сфатаграфаваліся з любімым таткам. Наступны раз сёстры сабраліся разам амаль праз дзесяць гадоў, калі кожная прайшла свой цяжкі шлях праз вайну...

Шура да пачатку Вялікай Айчыннай была ўжо вядомым у Беларусі партыйным лідарам. У першыя дні вайны яе муж быў мабілізаваны. Сама яна перайшла на нелегальнае становішча. Аляксандра Сцяпанава была членам Мінскага падпольнага абкама партыі. Займалася арганізацыяй антыфашысцкіх ячэек у падведамасным ёй Слуцкім раёне, неаднаразова хадзіла ў разведку ў акупіраваны Мінск. Заслугі Аляксандры Ігнатаўны Сцяпанавай адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, яе фатаграфія і асабістыя рэчы экспануюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Аляк­санд­ра Сця­па­на­ва,  ве­тэ­ран вай­ны.

...Пасля вайны Шура засталася адна: муж загінуў, сынок памёр ад хваробы, пакуль маці ваявала. Выратавала работа: трэба было адбудоўваць краіну. Дзякуючы багатаму арганізацыйнаму вопыту Шура хутка рухалася па кар'ернай лесвіцы. Займала кіруючыя партыйныя і гаспадарчыя пасады. У прыватнасці, пасля вайны, калі ў Беларусі назіраўся кадравы голад, не маючы вышэйшай адукацыі, яна здолела пэўны час кіраваць адным з рэспубліканскіх міністэрстваў. Акрамя таго, Аляксандра Сцяпанава двойчы выбіралася дэпутатам у Вярхоўны Савет СССР.

Але марай Шуры было сабраць у Мінску сваю сям'ю, любімых сясцёр. Марыю знайсці было лягчэй: у 45-м яна даслала старэйшай сястры свой фотаздымак, зроблены 9 мая ў Будапешце, дзе сустрэла заканчэнне вайны.

Марыя таксама прайшла слаўны шлях. Усю вайну яна праваявала ў складзе зенітна-кулямётнай часці. Маладая, прыгожая, вясёлая. Прыгадваючы ваеннае ліхалецце, яна звычайна лаканічна расказвала пра стральбу па варожых самалётах, пра тое, што яе падраздзяленне часам іх збівала, а потым падрабязна і з задавальненнем апісвала, якія няпростыя ўзаемаадносіны былі ў іх з хлопцамі з суседняга падраздзялення. Адчувалася, што вайна для маладых дзяўчат з часам стала руцінай.

Зе­ніт­чы­ца Ма­рыя Сця­па­на­ва  9 мая 1945 го­да ў Бу­да­пеш­це.

А сапраўднае, цікавае жыццё праходзіла па-за ёй і насуперак ёй: хлопцы, флірт, каханне. Гэта дапамагала перажыць адчуванне смерці, якая побач... Але ж і сваю руцінную працу на вайне Марыя выконвала ад усёй душы — вярнулася з узнагародамі, якія ўсё жыццё з гонарам надзявала на Дні Перамогі. Мабілізаваўшыся з арміі, Марыя з задавальненнем адгукнулася на запрашэнне старэйшай сястры і прыехала ў Мінск. Неўзабаве яна ўладкавалася на Мінскі трактарны завод, які пачаў будавацца.

Тут Марыя добрасумленна працавала да пенсіі. Яе партрэты ўпрыгожвалі заводскую Дошку гонару, а фотаздымкі руплівай станочніцы час ад часу друкаваліся ў СМІ. У сям'і Марыю цанілі за вясёлы нораў, за звонкі голас, што звінеў на ўсіх сямейных пасядзелках.
А яшчэ яна была выдатнай краўчыхай: відаць, увабрала талент маці. А вось далікатнасць, мудрасць і інтэлігентнасць былой піцерскай швачкі, відаць, дасталіся ў спадчыну самай малодшай з сясцёр Сцяпанавых — Веры, цяжкі ваенны лёс якой не быў усыпаны ўзнагародамі.

Вера запісалася на курсы медыцынскіх сясцёр, як толькі пачалася вайна, і неўзабаве была адпраўлена на фронт. Вясной 1942 года ў выніку няўдалай аперацыі савецкіх войскаў на тэрыторыі Украіны ў акружэнні апынуліся тры арміі, у палон трапіла больш за 200 тысяч чырвонаармейцаў. У тым ліку і Вера. Перасыльны лагер для ваеннапалонных фактычна ўяўляў сабой поле, абнесенае калючым дротам. Пры першай магчымасці дзяўчына адтуль уцякла і ўпотайкі прабралася да родзічаў, якія прыжыліся ў ціхім украінскім мястэчку. Пасля вызвалення Украіны Вера ўладкавалася на адну з шахтаў Данбаса, дзе пачаліся актыўныя аднаўленчыя работы. Тут неўзабаве яе знайшоў ліст з Мінска ад старэйшай сястры Шуры. Зборы былі нядоўгімі, і вось сёстры зноў разам. Яны больш не расстануцца ніколі. Уладная Шура, гаспадарчая Марыя і душэўная Вера.

Ве­ра Сця­па­на­ва  пас­ля вай­ны.

Вера ніколі не лічылася ветэранам вайны. Дакументы часці, у складзе якой яна ваявала, прапалі ў ліхаманцы акружэння. Доказам яе ўдзелу ў баявых дзеяннях мог стаць хоць бы адзін з «трыкутнікаў», якія яна адпраўляла з фронту бацьку ў Сталінград. Але яе лісты не захаваліся. Як быццам і не была Вера на той вайне...

І мірнае жыццё наладзілася не адразу. Былая ваеннапалонная, знаходзілася на акупіраванай тэрыторыі? Многім работадаўцам гэта не падабалася. Але начытанасць, гатоўнасць набываць веды і нейкая прыроджаная інтэлігентнасць дапамаглі Веры працаўладкавацца ў адну з мінскіх бібліятэк. Яна так усё жыццё і працавала сярод любімых ёю кніг. На пенсію пайшла з бібліятэкі Беларускага тэхналагічнага інстытута. У свой час за бібліятэчным сталом яе заўважыў і будучы муж. Абаянне і адукаванасць дачкі сталінградскага дворніка пакарылі былога франтавога карэспандэнта і пачынаючага кіраўніка СМІ. Неўзабаве яны пажаніліся. Сям'я стала культам для Веры. Яна, здаецца, пераняла дзелавітасць старэйшай сястры Шуры, плануючы жыццё свайго сямейства, практычнасць сястры Марыі ў вядзенні хатняй гаспадаркі. Сама ж прыўнесла ў сямейную атмасферу ўласцівыя ёй душэўнасць і даверлівасць.

Вера і адыходзіла апошняй са Сцяпанавых, пахаваўшы і аплакаўшы ўсіх.

Перад смерцю яна прывяла ў парадак сямейныя альбомы фатаграфій, дакументы, што захаваліся, начарціла радаслоўнае дрэва Сцяпанавых. Для дзяцей, для ўнукаў. Каб помнілі...

...У наш час альбомы з фотаздымкамі становяцца анахранізмам. Ці ўсё ж каштоўным рарытэтам? А ці шмат мы ведаем пра людзей з фотаздымкаў, што застаюцца нам ад бацькоў? А што будуць ведаць нашы дзеці? А між іншым, за кожным такім альбомам — цэлая эпоха ў жыцці краіны, гісторыя цэлага роду, на якой можна выхоўваць не адно пакаленне.

Кацярына АГЕЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Грамадства

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Аляксандра Папова ў Мсціславе ведаюць усе.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.