Вы тут

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?


Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу, і асабліва балюча яна б'е па пажылых людзях. Так, ёсць дзеці і жывыя сваякі. Але яны занадта занятыя сваімі справамі... «Што б я ні сказала, што б ні прапанавала, усё будзе не так. Яны жывуць па-іншаму, і ў мяне няма права голасу...», — паскардзілася неяк наша пажылая чытачка. «Мае дзеці і ўнукі жывуць, уткнуўшыся ў свае тэлефоны», — горка сказала яшчэ адна...


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

«Жыць у турме мне падабаецца больш»...

Часам справа даходзіць да зусім дзікіх рэчаў. Напрыклад, у Японіі, каб пазбавіцца ад адзіноты, некаторыя пажылыя людзі садзяцца ў турмы. Па статыстыцы, кожная пятая зняволеная японка — пенсійнага ўзросту, звычайна 9 з 10 пажылых жанчын асуджаны за дробныя крадзяжы. Такім чынам бабулі пазбаўляюцца ад адзіноты, ахвяруючы сваёй свабодай. Думаеце, гэта толькі ў Японіі так, а ў нас адзінокіх людзей няма?

Але спачатку, раз ужо пачалі, пра Краіну ўзыходзячага сонца... Любое грамадства сутыкаецца са сваімі праблемамі. Аднак Японіі, з яе самым старым насельніцтвам у свеце (27,3 % грамадзян гэтай краіны старэйшыя за 65 гадоў), апошнім часам прыйшлося мець справу з нечаканым выклікам — старэчай злачыннасцю. Узровень колькасці арыштаў у дачыненні да пажылых людзей, асабліва жанчын, там вышэйшы, чым сярод моладзі і людзей сярэдняга ўзросту. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле Shіhо Fukаdа Jараn's Рrіsоns Аrе а Hаvеn fоr Еldеrlу Wоmеn, надрукаваным у часопісе Blооmbеrg Busіnеsswееk.

Раней пра японскіх старых клапаціліся сем'і і мясцовыя суполкі, аднак сітуацыя мяняецца, піша аўтар. З 1980 да 2015 года колькасць пенсіянераў, якія жывуць у адзіноце, вырасла больш чым у шэсць разоў. У 2017 годзе апытанне выявіла, што 40 % злоўленых на крадзяжы пажылых людзей альбо не маюць сям'і, альбо рэдка маюць зносіны з роднымі. Часта гэтыя людзі кажуць, што ім, калі патрэбна дапамога, звярнуцца няма да каго.

Многія пажылыя японкі скардзяцца, што, маючы свой дом і сям'ю, яны не адчуваюць сябе як дома, што іх не разумеюць і ставяцца выключна як да тых, хто адказвае за хатнія справы. Напрыклад спадарыня Н., 80 гадоў (ёсць муж, сын і ўнукі), якая ўкрала ў краме кніжку ў мяккай вокладцы, фрыкадэлькі і веер, гаворыць: «Я кожны дзень была адна, і мне было вельмі самотна. Я зайшла ў кніжны ў цэнтры горада і ўкрала раман у мяккай вокладцы. Мяне злавілі і адвезлі ў паліцыю, дзе мяне дапытваў вельмі прыемны афіцэр. Ён быў так мілы. Слухаў усё, што я гаварыла. Я адчула, што мяне слухаюць упершыню за ўсё маё жыццё. Пад канец ён мякка паляпаў мяне па плячы і сказаў: «Я разумею, што вам самотна, але больш так не рабіце». Жыць у турме мне падабаецца больш. Вакол заўсёды ёсць людзі, і я не адчуваю адзіноты. Калі я выйшла з-за кратаў, я абяцала сабе, што ніколі назад не вярнуся. Але я не магла не сумаваць па жыцці ў турме»...

А зараз вернемся да Беларусі. Вядома, у нас да такога яшчэ не дайшло, але я памятаю, як год ці два таму прачытала ў адной са зводак МУС аб пажылой мінчанцы, якая выклікала міліцыю і паскардзілася на тое, што на яе нібыта напалі. У ходзе разбіральніцтва хутка высветлілася, што бабуля ўсё прыдумала, ды яна і сама ў рэшце рэшт прызналася ў гэтым. І ведаеце, што яна сказала? «Мне было так самотна, не было з кім нават пагаварыць, і я вырашыла пагутарыць хоць бы з міліцыянерам, але для гэтага патрэбна была падстава...» Адчуваеце, наколькі падобна? Розныя канцы зямнога шара, а праблемы ў людзей аднолькавыя...

Адчайнае пачуццё адзіноты — хваравітая праява?

Я не знайшла звестак па Беларусі, але ў суседняй Расіі, напрыклад, у ходзе апытання высветлілася, што кожны дзясяты чалавек старэйшы за 65 гадоў адчувае сябе адзінокім, а яшчэ больш людзей не прызнаюцца ў гэтым і пакутуюць моўчкі. Наогул, з гадамі праца, захапленні, закаханасці, службовыя раманы і сябры пакрыху сыходзяць на другі план, і толькі сям'я не губляе сваіх пазіцый, больш за тое, набывае ўсё большую каштоўнасць. Але неадпаведнасць паміж нашымі чаканнямі ад сваіх блізкіх людзей і фактычнымі справамі прыводзіць да развіцця пачуцця адзіноты, пакінутасці і забытасці.

Праўда, нядаўна давялося пагутарыць з доктарам, якая выказала свой даволі нечаканы, хутчэй, прафесійны погляд на гэтую праблему. Алене Івашэвіч 62 гады, у яе 38 гадоў медыцынскага стажу, з якіх 24 яна працавала галоўным урачом адной са сталічных паліклінік.

— І ў мяне бываюць прыступы і дэпрэсіі, і роспачы, — гаворыць Алена Яўгенаўна. — З аднаго боку, я рада і ганаруся, што мая дачка жыве і зрабіла добрую кар'еру ў ЗША, а з другога — мне не хапае ўсіх гэтых жыццёвых радасцяў, якія могуць даць толькі блізкія людзі. Вось у мяне ёсць сяброўка, у якой серада — гэта святы дзень, таму што ў сераду да яе на вячэру прыходзяць дачка з зяцем, і аўторак таксама святы дзень, таму што ў аўторак яна рыхтуецца да гэтай вячэры. Так што на гэтыя дні яна недаступная для ўсіх сваіх сяброў, і павінна здарыцца нешта сапраўды экстраардынарнае, каб яна аддала гэты час нечаму іншаму. Вось мне таксама хацелася б такіх сямейных вячэр... Так, я часам адчуваю адзіноту, таму што дзеці вельмі далёка. Вось на лета да мяне ўнучкі прыехалі, дык, вы не паверыце, я шкла не мыю на кухні, таму што іх маленькія ручкі на ім засталіся... І мне, вядома, хацелася б бачыць іх раз у 2-3 дні, а не раз на паўгода. Але трэба глядзець на рэчы цвяроза і разумець, што маладым трэба даваць дыхаць вольна і не абцяжарваць іх сабой. І потым, у мяне таксама ёсць свае інтарэсы, сваё цікавае жыццё, асобнае ад іх...

Наогул, велізарнае, адчайнае пачуццё адзіноты Алена Івашэвіч лічыць хваравітай праявай. «Усе гэтыя дзіўныя формы паводзін (Алена Яўгенаўна мае тут на ўвазе факты, згаданыя ў артыкуле аб пажылых японках і не толькі) — гэта хваравітыя праявы, напрыклад, энцэфалапатыі. У нас усё старэе з часам. Нам здаецца натуральным, што ў сталым узросце баляць і не гнуцца суставы, але разам з імі старэюць і скура, і мышцы і, на жаль, мазгі. Яны ўжо не выпрацоўваюць патрэбнай колькасці нейрамедыятараў, напрыклад»... Выхад наша суразмоўніца бачыць у адэкватнай медыкаментознай тэрапіі. «Ёсць, дапусцім, прэпараты, якія паляпшаюць структуру мозга, — кажа яна. — Іх даюць неданошаным дзеткам, каб даспеў іх мозг. Тое ж самае лячэнне праводзяць і ў сталым узросце. Але, каб правесці курс такой тэрапіі, трэба, каб чалавек звярнуўся па медыцынскую дапамогу. А беларуская бабуля ніколі не прыйдзе ў паліклініку з такімі скаргамі, у нас не той менталітэт. Вось на суставы яна паскардзіцца, на галаўны боль, боль у сэрцы... А на дрэнны настрой, на тое, што жыць не хочацца, — не... Чаму такой складанай з'яўляецца прафілактыка самагубстваў сярод старых? Таму што яны нікому нічога не гавораць. Яны зашыюцца ў сябе дома, сядзяць там моўчкі, а потым надумаюць — і зробяць з сабой што-небудзь... Наогул, узровень самагубстваў сярод старых 70—80 гадоў вельмі высокі, хоць гэта ў прынцыпе вырашальная праблема. Але ў нас вельмі баяцца звярнуцца да псіхіятра»...

Напрыклад, дэпрэсія, па словах доктара, можа мець самыя розныя праявы. «У маёй медыцынскай практыцы быў выпадак, калі ў пацыенткі быў перадінсультны стан (кажучы медыцынскай мовай, назіралася клініка транзістарных ішэмічных атак), — расказвае Алена Івашэвіч. — Я як доктар лячыла яе ад гэтага на працягу двух гадоў. А потым яна з'ездзіла да дачкі ў Маскву, і тая ўгаварыла яе схадзіць да псіхіятра. Псіхіятр выпісала пацыентцы антыдэпрэсанты і сказала, што ўсё, што ў яе было, — гэта праявы дэпрэсіі. Так яно і аказалася.

У гэтай жанчыны пасля трох месяцаў прыёму антыдэпрэсантаў усё стабілізавалася, перасталі аднімацца мова, рука і нага, зніклі і ўсе астатнія сімптомы перадінсультнага стану — і прэпараты, якімі мы яе лячылі, аказаліся непатрэбнымі. Калі мы сталі з ёй размаўляць, то высветлілася, што яна насамрэч перажывала тады ў псіхалагічным плане няпростыя часы.

У яе на той момант склалася так, што яе маці памірала ад раку, а дочкі ўладкоўваліся ў жыцці вельмі складана, ведаеце, «паляцелі сваімі крыламі», але пакуль уладкаваліся, сэрца ў мамы за іх балела... Вось усё гэта ў цэлым і прывяло да таго, што маю пацыентку «накрыла»... Я гэта да таго, што не трэба баяцца звяртацца па дапамогу да спецыялістаў. Увесь цывілізаваны свет не баіцца ні псіхолагаў, ні псіхіятраў, толькі мы чамусьці адчуваем перад імі непераадольны страх»...

* * *

Увогуле, тут ёсць да чаго прыслухацца, і тое, што ўзроставыя фізіялагічныя змены ўплываюць на вельмі многае, у тым ліку і на псіхічны стан, ніхто не адмаўляе. Канешне, гэта так. Але, каб не даць чалавеку скаціцца ў «дажыванне» (а дэпрэсія пажылых — вельмі распаўсюджаная праблема), не будзе лішнім, калі блізкія таксама падтрымаюць у яго цікавасць да жыцця. Лішні раз патэлефанаваць і пагаварыць са сваёй маці ці бабуляй — гэта не такая вялікая ахвяра. Яшчэ адзін шлях вырашэння праблемы — можна навучыць яе валодаць камп'ютарам, карыстацца інтэрнэтам, і яна ўжо сама знойдзе чым сябе заняць у сучасным лічбавым свеце. І чым больш шчаслівай будзе яе старасць, тым менш будзем баяцца старасці мы самі...

Святлана БУСЬКО

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».