Вы тут

Уладзімір Цвірка. Сынкавічы


Пра гэтую культавую пабудову шмат чаго пісалі. Але чытаць — адно, сапраўднае знаёмства — праз уражанні і пачуцці, якія ўзнікаюць пры сустрэчы, і тое непадробнае захапленне, што адразу палоніць гледача, зачароўвае, доўга не адпускае. І так заўсёды, нягледзячы на тое, што каля сцен ужо чацвёрты раз! Здаецца, хопіць здзіўляцца ўбачаным, але не — кожны наступны раз, як ні дзіўна, нешта адкрываецца, узнікае новае, неспазнанае. Можа, у гэтым і ёсць нейкая асаблівая, нават магічная рыса прыгажуні царквы ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна.


Узрост архітэктурнага помніка вялікі, але дакладную дату пабудовы не бярэцца агучыць ні адзін даследчык даўніны. Чым больш спрэчак у гэтым кірунку, тым больш зразумела, што адкрываць і вяртаць гісторыю нашай краіны давядзецца яшчэ вельмі доўга. Бо губляць, як высвятляецца, лёгка, а вось узбагачаць і папаўняць скарбонку мінуўшчыны — марудна і нават балюча. Учарашні дзень вельмі складаны, разнастайны, недзе нават нязручны, непрывабны. Але і такую гісторыю трэба ведаць, памятаць, вучыць. Толькі пры такіх адносінах мы дасканала будзем ведаць, як пазбегнуць памылак, зробленых у мінулым. Памятаць, але не быць злапамятным — адметны паказчык грамадства, якое сябе паважае, захоўвае, пазнае і вывучае сваю гісторыю без выключэнняў.

Дык што нам вядома пра ўзрост святыні ў Сынкавічах? Першая дата, якая згадваецца часта, — канец XV стагоддзя. Ёсць і другая, якой настойліва аперыруюць навукоўцы ў галіне архітэктуры, — пачатак ці першая палова XVI стагоддзя. Разбежка, пагадзіцеся, складае добрых сто гадоў! А пакуль прыкладваюцца немалыя намаганні ў пошуку больш падрабязных і дасканалых гістарычных звестак пра час узвядзення гэтага архітэктурнага цуду, давайце спынімся на падзеях, якія зафіксаваны ў архівах. 1841 і 1881 гады згадваюцца як час, калі ў царкве праводзіліся рамонтныя работы. Навошта гэта спатрэбілася? Ці з цягам часу дах патрабаваў замены, ці паміж гэтымі датамі адбыліся больш значныя змены ў жыцці храма. Напрыклад, святыню перавялі з адной рэлігійнай канфесіі ў другую. Менавіта тады была пабудавана новая драўляная вежа над апсідай, а купал, які дагэтуль узвышаўся над галоўнай часткай храма, наогул быў знесены. Як ён выглядаў і чаму так мянялася аблічча царквы, на жаль, невядома. Ды званіцу з цэглы і каменю пабудавалі перад галоўным уваходам у 1891 годзе.

Што датычыць архітэктурнага стылю, то тут яўна прысутнічаюць рысы рэнесансу з готыкай. Дзякуючы непараўнальнаму іх спалучэнню і асаблівасцям будоўлі ў выніку атрымаўся храм абарончага тыпу. Можа, з-за гэтай акалічнасці і з’явілася легенда, што гэта наогул не культавая пабудова, а прускі абарончы замак, які быў пастаўлены на землях Вялікага Княства Літоўскага, і толькі з цягам часу яго перабудавалі ў храм.

Асабліва мне падабаецца такая нечаканая і захапляльная акалічнасць у доўгім жыцці сынкавіцкай святыні, якую сёння мы ведаем як царкву ў гонар святога Архангела Міхаіла. Трэба збіраць і беражліва захоўваць усё, што датычыцца нашай шматвяковай гісторыі, у тым ліку розныя паданні і легенды. Бо і яны ўзнікалі не на пустым месцы. Цалкам верагодна, што ў аснове кожнай — гістарычны факт. Выдатным прыкладам служыць легенда пра Трою.

…Каля ціхай прасёлкавай дарогі стаіць, задуменна ўглядаючыся ў навакольныя абшары, сынкавіцкі храм. Стаіць асобна, але, здаецца, у нейкай велічнай адзіноце, як быццам усёй сваёй надзейнай постаццю кажа: «Глядзіце, які я непаўторны, непадуладны часу і тым нялёгкім падзеям мінулага, што разбіліся ў рэшце рэшт аб мяне як аб магутную скалу».

У нейкім сэнсе так яно і адбылося, і таму храм тут, побач з намі, яшчэ вельмі і вельмі надоўга.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.