Вы тут

Каб душа не чарсцвела


Дзень бібліятэк у Беразіно азнаменавала выступленне вулічнага тэатра «Жывая кніга». У скверы каля раённай бібліятэкі сабраліся навучэнцы сярэдняй школы No 2. Імправізаванаму прадстаўленню тэатра без куліс спрыяла добрае надвор’е, нязмушаная атмасфера вольнасці: крэслы для гледачоў — на пляцоўцы каля фантана пад зялёным шатром шапатлівай лістоты.


Спадарыня Кніга прапанавала куфэрак кніжнай мудрасці, яе чароўная палачка ажывіла старонкі добрай кнігі — і пачалася таямніца. Залатымі сонечнымі промнямі зазіхацелі перліны мудрых запаветаў — лаканічных афарызмаў: «Жывое любіць — добрым быць», «Умей сябраваць — знойдзеш сябра», «Чужой бяды не бывае», «Ветэраны — зямлі маякі», «Што аддаў — тое тваё», «Настаўнікі былымі не бываюць». І кожная мудрасць — з кніжным падмацаваннем. Кароткія па форме ды дыхтоўныя па змесце апавяданні сучасных аўтараў закранулі слухачоў, здзівілі незвычайнай змястоўнасцю.

Разумнасць мы прымаем крытычнай галавой, фантазіраванне — адкрытым сэрцам, узбуджаным уяўленнем, якое радуецца азоранасцю палёту ў незнаёмае. Разам з героямі апавядання А. Карніенкі «Ордэн Славы» падлеткі разважалі аб сучасных праяўленнях патрыятызму, сувязі пакаленняў, пашаны да ветэранаў вайны. Апавяданні А. Каўко «Рэкс», А. Вашчанкі «Ці прыляціць адмірал», С. Гаравай «Галубок на далоні» змушалі задумацца аб кволасці жывой прыроды, здольнай адчуваць дабро і зло, быць спадарожнікам чалавека, які нясе адказнасць за гармонію ў навакольным свеце. Учынкі герояў апавяданняў Т. Ломбінай «Кашалёк», С. Гаравой «Веласіпед» асвятлялі спектр праблем сяброўства, узаемавыручкі, спагадлівасці да састарэлых. Сюжэты апавяданняў Ю. Бондарава «Прабачце нас!», І. Пятровай «Самай лепшай настаўніцы» прапанавалі паразважаць пра стаўленне да настаўнікаў.

Тэатралізацыя гэтых кароткіх апавяданняў дазволіла звычайную думку выказаць нестандартным спосабам. Экспромт-віктарына вылучыла самых уважлівых, яны ж і сталі ініцыятарамі агіткампаніі «Ад добрай кнігі — да добрага ўчынку» пад дэвізам «Дзеці твораць дабрыню».

Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.