Вы тут

Распрацаваны вобразы для прадстаўніцы Беларусі на «Міс Свету»


У Нацыянальнай школе прыгажосці дызайнеры паказалі ўборы, у якіх беларуска Марыя Васілевіч прадставіць нашу краіну на міжнародным конкурсе «Міс Свету — 2018». Нагадаем, сёлета гэты самы прэстыжны форум прыгажунь са 117 краін стартуе ўжо 10 лістапада ў кітайскім горадзе Санья, а завершыцца 8 снежня шоу гранд-фіналу.


Адным з самых відовішчных у конкурсе па традыцыі з'яўляецца дэфіле ў нацыянальных касцюмах. Сваё бачанне Беларусі сучаснай прадставіла дызайнер Дар'я Мугака, якая спалучыла вобраз «сувенірнай лялькі» з традыцыйнымі колерамі і матэрыяламі, што выкарыстоўваюцца ў нацыянальных беларускіх касцюмах. Сукенка-трансформер, што называецца, лёгкім узмахам рукі ператвараецца з бальнага максі-ўбору ў эфектнае міні. Як зазначыла сама беларуская канкурсантка, гэты момант вельмі важны, бо ў сукенцы трэба будзе не толькі прыгожа прайсці па подыуме, але і выканаць нацыянальны танец.

Над вячэрняй сукенкай, якую Марыя «выгуляе» ў намінацыі «Міс топ-мадэль», працавала каманда дызайнераў з вядомага айчыннага дома моды. З чорнай тафты і цюлю майстры, падкрэсліваючы зграбную постаць дзяўчыны, зрабілі нешта бліскуча-эфемернае, накшталт трапічнага матылька, і разам з тым дастаткова арыгінальнае і яркае, каб беларуская ўдзельніца не згубілася на вялікай сцэне. Калі арыгінальнасць творчай задумы і вобраз наогул уразяць міжнароднае журы належным чынам, Марыя Васілевіч мае шанцы перамагчы ў гэтай намінацыі і аўтаматычна трапіць у топ-40 удзельніц фіналу «Міс Свету».

А вось замест трэцяй сукенкі для фінальнага шоу яе аўтар, беларуская дызайнер Юлія Латушкіна, паказала пакуль што толькі эскіз з «паветраным» сілуэтам і пераліўчатую тканіну складанага колеру з пераходам ад сіняга да бірузы.

Зразумела, убораў у багажы «Міс Беларусь» будзе значна больш: канкурсанткі знаходзяцца ў Кітаі на працягу цэлага месяца і ўвесь гэты час актыўна ўдзельнічаюць у дабрачынных, спартыўных, культурна-адукацыйных і забаўляльных мерапрыемствах, афіцыйных сустрэчах, фотасесіях і відэаздымках.
І канешне, акрамя прыгожай абалонкі, дзяўчына актыўна працуе над зместам: шмат займаецца з выкладчыкамі Нацыянальнай школы прыгажосці харэаграфіяй і дэфіле і не забываецца на ўрокі англійскай мовы.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Па адзежы сустракаюць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.