Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Лісты ад чытачоў газеты «Звязда».


Справа, што выбіраюць сэрцам...

Восень... Верасень, пачатак кастрычніка... Дзень ведаў, Дзень настаўніка... І міжвольныя ўспаміны.

Маёй першай школай была Гразівецкая пачатковая (гэта Клімавіцкі раён), першым настаўнікам — былы франтавік Яўген Дзям'янавіч Галкоўскі. За чатыры вярсты і кожную раніцу ён, высокі, стройны, у цёмна-сінім касцюме, ішоў у школу, дзе былі тады два пакоі, у якіх займаліся вучні чатырох немаленькіх класаў, цёплая грубка, глобус, карта, вялікія лічыльнікі... На ўроках працы каляровай паперай служылі прамакаткі са сшыткаў, тэма «Дробы» вывучалася па бульбіне, галоўным наглядным дапаможнікам было Слова, слова Настаўніка.

Памяць да скону захавала вялікі чайнік, які ў канцы другога ўрока Яўген Дзям'янавіч ставіў на грубку: на перапынку нас чакаў чай з кавалачкам чорнага крамнага хлеба.

Гэты пачастунак, як потым зразумелі, настаўнік рабіў па сваёй уласнай ініцыятыве і за свае ж уласныя грошы. А таму ўжо з другога класа я ведала, што стану настаўніцай, як Яўген Дзям'янавіч...

Пасля пачатковай школы была Лабжанская сярэдняя, гэта ўжо за сем кіламетраў — няблізкая дарога. Перад ёй і кожную раніцу (адкуль завядзёнка, не ведаю) вучні збіраліся каля рэчкі і далей ішлі ўсе разам, большыя — наперадзе, малыя — следам.

Тое ж было і пасля ўрокаў. Старшакласнікі тапталі сцежку ў снежнай цаліне, ад бяды аберагалі малых вясною, бо па дарозе ў школу, бывала, пераходзілі рэчку па кладцы, а па дарозе дамоў яна ўжо хавалася пад вадой і крыгамі. Бацькі, здаралася, сустракалі нас з чоўнам, а настаўнікі на час разводдзя бралі пажыць да сябе. Мусіць, таму і ведалі нас, нашы сем'і амаль як свае... Чым і карысталіся... Ва ўсякім разе, замест доўгіх натацый на чый-небудзь адрас ім (асабліва пажылым, дасведчаным) хапала адной «смачнай» рэплікі, якую вучню лепш было «праглынуць»...

Але ж стараліся працаваць (а не адпрацоўваць размеркаванне) і маладыя настаўнікі. З намі, дзецьмі, яны ладзілі канцэрты для вяскоўцаў, пад капірку выраблялі контурныя карты, з пластыліну і дроту майстравалі мадэлі атамаў і нейкіх фізічных прыбораў, стваралі клубы вясёлых і знаходлівых, праводзілі гульні...

Не магу не адзначыць: яны не прымянялі ніякіх супермодных методык — проста любілі сваю справу і любілі дзяцей, якія хацелі вучыцца. І гэта, мусіць, добра, што не было ў нас розных смартфонаў... А інакш, відаць, не было б нічога.

Усе прадметы ў нашай школе выкладаліся па-беларуску, і як для мяне, дык усе без выключэнняў былі любімыя. Не з'явілася з гадамі і сумненняў у выбары прафесіі. Хутчэй наадварот: пасля васьмі класаў я ўжо вучылася ў Магілёўскім педвучылішчы.

Там, што цікава, практыка пачыналася ўжо з першага курса, і праходзілі мы яе непасрэдна ў школах горада: сядзелі на розных уроках, назіралі, пачыналі складаць канспекты, вучыліся пісаць планы, разлічваць час, праводзіць урокі.

Ездзілі і ў вясковыя школы, ладзілі там розныя мерапрыемствы (яшчэ і для дарослых), выступалі са сцэны.

Факт, што, пасталеўшы і азірнуўшыся назад, я цудоўна зразумела, што менавіта ў вучылішчы навучылася ўсяму, што ўмею, бо выкладалі там сапраўдныя педагогі. Для мяне асабіста (дарэчы, ленінскай стыпендыяткі) найбольшым аўтарытэтам была (ды і засталася) наша класная — выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Ядвіга Станіславаўна Рымкевіч. З яе лёгкай рукі ўжо чацвёртакурсніцай я ахвотна згадзілася паехаць у глыбінку, у вёску — працаваць настаўніцай і, можна сказаць, яшчэ раз адчуць сябе... першакласніцай, бо і ў гэтай школе ў адным памяшканні было тры класы (чатыры вучні ў першым, шэсць — у другім і тры — у трэцім). Але ж для мяне галоўным было не гэта, а поўная свабода для фантазіі, для творчасці! Сашка Верын, мой самы непаседлівы вучань, дома казаў: «Мамачка, у нас такая настаўніца... Я буду сядзець ціха-ціха, як чмель у сцяне».

Маці таго «чмяля» прыйшла потым на мяне паглядзець і... параіцца наконт вучобы ды паводзін сына. А я глядзела на яе і са здзіўленнем думала: «Як? Мне ўсяго 17, ёй за 50... Яна такая дарослая і што — не ведае сваё дзіця, не можа паўплываць? Гэта ж так проста...»

Тыдні праз тры на ўрок да мяне завітаў дырэктар школы. Думаеце, я хвалявалася? Не! Спакойна дала заданні другому і трэцяму класам, з першым — сталі «праходзіць» «будаўніцтва» шпакоўні: усё расказала, намалявала, пераключыла ўвагу на вучняў трэцяга класа. А дырэктар тым часам, бачу, устае, ідзе да дошкі, на мой малюнак наносіць нейкія дробныя рысачкі і кажа, што дошкі для шпакоўні лепей браць негабляваныя, шпачкам за іх зручней трымацца...

Як на сённяшні розум, дык няхай бы ён, дырэктар, тую шпакоўню хоць сайдынгам «абіваў», а тады...

Я тут жа вярнулася да малюнка, сцерла анучкай «чужыя» рыскі і цвёрда сказала, што гэта — не па методыцы!

Потым я даведалася, што ў настаўніцкую з майго ўрока ён вярнуўся аж заходзячыся ад рогату...

І тым не менш я ў свае 17 адчувала сябе ўмелым педагогам і гатова была застацца ў той маленькай школцы.

Класная не дазволіла, сказала: «Толькі БДУ!»

(Ужо студэнткай я часта ездзіла да Ядвігі Станіславаўны, сваёй настаўніцы-мамы. І перапісваліся мы з ёй да самай яе смерці.)

А тады я доўга выбірала факультэт, бо вабіла ці не ўсё: матэматыка, філалогія, гісторыя...

Дакументы падала на геафак.

Каб паступіць, трэба было здаць экзамен — адзін, па геаграфіі. Рыхтавацца да яго неяк зусім не выпала, але ж здаваць прыйшла. Узяла білет, прачытала пытанні, пачала гаварыць. І амаль адразу пачула: «Хопіць, «выдатна».

Так пачалася вучоба ў БДУ. І якая ж цікавая! Дзе мы толькі не былі падчас яе, чаго не праходзілі! Усё спатрэбілася, усё засвойвалі, хоць Георгій Якаўлевіч Рылюк, гледзячы на нас, і казаў зрэдчас, што назірае «агульную млявасць і абыякавасць да жыцця».

...Падчас вучобы і зноў жа на чацвёртым курсе мяне яшчэ раз вызвалілі ад заняткаў — папрасілі падмяніць настаўніка ў школе № 19: не проста гарадской — сталічнай.

І зноў я працавала з радасцю, з асалодай, бо без дзяцей, без школы не ўяўляла свайго жыцця.

А таму, абараніўшы дыплом па спецыяльнасці «Аграхімічнае даследаванне глебы ў калгасе «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага», паехала настаўнічаць, на гэты раз — у Гомель.

...Школа № 15 была тады навейшая чым новая: жыццё кіпела ва ўсю. Да канца жніўня мы — і настаўнікі, і вучні — прыбіралі будаўнічае смецце, фарбавалі падлогі, якія да пачатку навучальнага года так і не высахлі. У выніку першы ўрок мне прыйшлося праводзіць у актавай зале з... пяццю шостымі класамі, у якіх было каля 200 чалавек.

Гэта «баявое хрышчэнне» мне пашчасціла вытрымаць, а 26 верасня, у дзень нараджэння і пачатку настаўніцкай канферэнцыі, — ніколі не забудуся! — атрымаць ад калег вялікі букет хрызантэм, які сведчыў, што ў гэтай школе мяне не проста ўзялі на працу — прынялі ў калектыў!

Менавіта там я сустрэла сваё каханне, нарадзіла першынца.

Чарнобыль прымусіў нас пакінуць прыгожы горад, школу, новую кватэру — дактары параілі вывезці дзіця ў сельскую мясцовасць. Так я апынулася на Чэрвеньскай, на Ігуменскай зямлі, у Запольскай школе. Шмат вершаў напісалася тады, многія з іх сталі песнямі. Гэта, скажу вам, сапраўднае шчасце — бегчы раніцой на працу і за нейкія сем хвілін (столькі займала дарога) скласці гімн школе.

Да вось гэтай, Запольскай, школы былі ў асноўным рускамоўныя, але ж думала і пісала я заўжды на сваёй, на роднай. І дарэчы, пасля публікацыі аднаго з вершаў у «Звяздзе» атрымала шмат цікавых, цёплых лістоў (адрас людзі бралі з подпісу ў газеце), галоўная думка ў якіх — божухна, якая прыгожая наша мова!

Было натхненне і цудоўныя людзі побач: Ганна Канстанцінаўна Валчок, Валянціна Уладзіміраўна Цябут, Антон Канстанцінавіч Кундра, які і сёння выкладае нямецкую мову ў Смілавічах, Алена Паўлаўна Аўраменка... Удзячна ўсім, з кім прыйшлося працаваць і каго вучыць: не так даўно вучні ды іх бацькі сказалі мне: «Калі што, ведайце — мы ў вас ёсць». У цяжкія хвіліны гэтыя словы грэюць, надаюць мне сіл.

...Сёння ў школе працаваць складана. У апошнія гады на першы план сталі выходзіць паперы, а не дзеці. Але ж некалі (хочацца верыць) і вучні, і бацькі, і грамадства з дзяржавай такі будуць паважаць прафесію настаўніка, справу, якую многія выбіраюць сэрцам — раз і назаўжды.

Наталля Сівак, в. Заполле, Чэрвеньскі раён


«Калі ёсць ровар...»

Як добра, што было лета — цёплыя дні, яркія фарбы, смачная, сакаўная гародніна і міжвольная прага прыгод.

Махнуць на возера? Убачыць новыя краявіды? Знайсці скарбы ў выглядзе пахкіх суніц, вялікага мурашніка альбо грыба? Пасядзець над возерам з кніжкай Быкава? Налавіць рыбы?

Калі ёсць ровар і ты можаш на ім ездзіць, то ўсё гэта можа стаць явай, а потым і тваімі ўласнымі цёплымі ўспамінамі, якія будуць «саграваць» зімой, як ніякія сацыяльныя сеткі, успамінамі з твайго роднага месца — тваёй маленькай радзімы. Паездкі, розныя прыгоды пашыраюць гарызонты мыслення. Ты міжволі пачнеш заўважаць тое, чаго раней не бачыў, любіць прыроду, жыццё і... фатаграфаваць, маляваць, пісаць...

Мяне завуць Яна, я аб'ехала на ровары амаль увесь свой Дзятлаўскі раён, пішу вершы.

Я. Жадзейка, фота аўтара

г. Дзятлава

Пош­ту чы­та­ла Ва­лян­ці­на Доў­нар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.