Вы тут

Першая дапамога для крылатых і чатырохногіх


Як ратаваць дзікіх жывёл правільна, і ці працуе гэта сістэма?

Такім пытаннем задаўся наш карэспандэнт, у чарговы раз убачыўшы пост у інтэрнэце пра выратаванне лебедзя пад Мінскам. Здаецца, даволі часта ініцыятыва зыходзіць ад неабыякавых мінакоў, якія ў выніку і возяць жывёлу ці птушку па ветэрынарах. Але зразумела, што спадзявацца на выпадак і добрае сэрца не заўсёды надзейна. Калі знаходзіцца параненая жывёла, у дзяржаўных установах ёсць пэўны парадак дзеянняў па яе выратаванні. Мы паглядзелі, як гэта працуе на практыцы.

Мужчына вырасціў бусляня, якое яму прынеслі дзеці. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Прыватная ініцыятыва

Менавіта з пастаяльцаў, якіх выратавалі, і быў створаны сучасны “Сірын” — прыватны заапарк у вёсцы Піяніна. Ён пачынаўся як камерцыйны праект, але праз некаторы час тут з’явіліся спярша параненыя буслы з Брэста. Потым прынеслі яшчэ аднаго… У выніку за гэты час іх тут перабыло больш за дзясятак. Ідэйны натхняльнік і дырэктар заапарка Ірына Траяноўская расказвае, што ўсе птушкі, якія тут жывуць, калісьці былі выратаваныя. Гэта совы, вароны, качка, свірстун, асаед. А лебедзь, буслы і вераб’іны сычык ужо выпушчаны на волю. Усіх іх выходжваюць за ўласныя сродкі заапарку ці на ахвяраванні. Некаторы час таму ў заапарка з’явіўся афіцыйны рахунак як прыродаахоўнай установы “Цэнтр дапамогі дзікім птушкам і жывёлам”, куды могуць пералічыць грошы ўсе неабыякавыя.

Ірына давярае лячыць жывёл свайму ветэрынару, але гаворыць, што спецыяліста менавіта па птушках не хапае. Яна тлумачыць, што варта прайсці ўрагану, як можна быць упэўненым – прынясуць пабітую птушку. Да таго ж, яны атрымліваюць траўмы ад машын, электрычных ліній. Даволі часта трапляюць аслабленыя жывёлы. Час ад часу прыносяць падстрэленых. Лісяня, напрыклад, ім прывёў паляўнічы, які знайшоў яго зусім малым і сляпым. Ён яго выкарміў і ў тры месяцы аддаў у заапарк. Нясуць у “Сірын” нашмат больш жывёл, чым той можа прыняць. Таму часам іх забіраюць да сябе валанцёры.

Сталічныя справы

Кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова тлумачыць, як працэс павінен выглядаць з пункту гледжання закону. Ва ўсіх выпадках, калі знаходзіце траўміраваную жывёлу, неабходна атрымаць дазвол на тое, каб яе забраць. Яго дае Мінпрыроды. Але калі звер трапіў у бяду, і вырашыць пытанне неабходна аператыўна, звяртацца можна ў міліцыю ці МНС. Яны перанакіруюць ваш тэлефонны званок ў тэрытарыяльны орган міністэрства. Далей ствараецца камісія з прадстаўнікоў Мінпрыроды, навуковай арганізацыі, мясцовага выканкама, ветслужбы, дзяржінспекцыі і карыстальніка зямельных угоддзяў, на тэрыторыі якіх жывёла была знойдзена. У ідэале гэта павінна быць максімальна аператыўна. Камісія выязджае на месца і вырашае лёс жывёлы. Калі звер мае шанец на папраўку, яго павінны перадаць у спецыялізаваную ўстанову на каранцін, дзе ён будзе праходзіць лячэнне і рэабілітацыю. Гэта можа быць, напрыклад, заапарк ці нацыянальны парк. Потым, калі гэта магчыма, жывёлу вяртаюць у дзікую прыроду. Грамадзянам жа супрацоўнік міністэрства браць жывёл да сябе не рэкамендуе. З пункту гледжання закону, калі кагосьці зловяць са зверам, ён будзе лічыцца браканьерам. Яго прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, а штрафы там даволі вялікія.

Аднак на практыцы гэтыя пытанні вырашаюцца не так проста. Адна з галоўных праблем — калі заапаркі будаваліся, там не былі прадугледжаны каранцінныя зоны для такіх выпадкаў. Зараз ва ўмовах гораду ўпісаць іх туды немагчыма. Тым не менш, грамадзяне часам падкідваюць пад іх агароджу траўміраваных жывёл. Мы паразмаўлялі з кіраўніцтвам Мінскага і Гродзенскага заапаркаў і высветлілі, як яны спраўляюцца з гэтай сітуацыяй.

Аляксандр Сафронаў, намеснік дырэктара Мінскага заапарку, расказаў, што ў сталіцы выйсце спрабуюць знайсці ў супрацоўніцтве з “Фаунай горада”. Па плане, жывёлы будуць накіроўвацца туды на каранцін, а пасля прымацца цэнтрам рэабілітацыі, які сёлета плануюць адкрыць у заапарку. Каранцінную зону ў Мінскім заапарку рабіць не плануюць. Аднак ў самой “Фауне горада” дырэктар Тамара Царыкоўская пракаментавала, што такой дамоўленасці не было. Каранціннай зоны для дзікіх жывёл у іх няма і (у сувязі з адкрыццём цэнтру) яе рабіць не плануюць. Так, бывалі выпадкі, калі даводзілася забіраць да сябе ваўчыцу ці лісу. Але гэта хутчэй рэдкія выключэнні. Атрымліваецца, што, па сутнасці, калі цэнтр адкрыецца без каранціннай зоны, у ім амаль не будзе ніякага сэнсу, бо перацярпець гэты 21 дзень жывёлам няма дзе.

 Кропкі над “і” дапамаглі расставіць у Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Начальнік аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, лясоў, жывёльнага і расліннага свету Таццяна Шамянкова адзначыла, што пакуль пытанне з пошукам месца для зоны каранціну цэнтра рэабілітацыі застаецца адкрытым. Гэта ўвогуле праблема не сталічнага маштабу.

Забіраць жывёл, калі ў іх няма трамваў, з дзікай прыроды не трэба. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Гістарычнае выратаванне

Віталь Гуменны, намеснік дырэктара Гродзенскага заапарку (найбуйнейшага па калекцыі ў краіне), расказаў, што сама гісторыя яго з’яўлення звязана з выратаваннем.  Заснавальнік заапарку Ян Каханоўскі паехаў у вёску Лунна, адкуль прыйшла тэлеграма пра раненага рачнога бабра. Ён ужо быў не першай жывёлай у калекцыi заалагічнага аддзела пры батанічным садзе. Але менавiта выратаванне бабра прывяло да стварэння Гродзенскага запарку, якому, дарэчы, каля 90 гадоў.

Зараз праз рэабілітацыю і дапамогу ў заапарку праходзіць больш за 100 жывёл у год. Часам прыносяць і тых, каго не трэба было забіраць. Напрыклад, зайчанят, якія проста  чакаюць маму, ці птушанят сокала-пустальгі, якіх бацькі дакармліваюць і вучаць лётаць не ў гнёздах, а бліжэй да зямлі.

  Калі камісія прымае рашэнне, што жывёлу неабходна забіраць і лячыць, для яе шукаецца месца ў раёне. Калі месца няма, то з дазволу ветнагляду яе прывозяць у заапарк. Там трымаюць у каранціне, як, дарэчы, і тых жывёл, якіх спецыяльна купляюць ва ўстанову. За гэты час жывёлу падлечваюць, а калі неабходны далейшы догляд, яна трапляе пад праграму рэабілітацыі. Выпускаюць таксама з дазволу дзяржаўных органаў, у ідэале — там, дзе яна і была знойдзена.

Дарэчы

 Калі жадаецце дапамагчы, ахвяраванні можна дасылаць на рахунак Цэнтра дапамогі дзікім птушкам і жывёлам:

ААТ Белінвестбанк УНП 807000028 БІК ВLBBBY2X АКПА 37558116

г. Мінск, вул. Калектарная, 11-2

Рахунак BY46BLBB30150193056668001001

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.