Вы тут

Радзівілаўскі палац не жадаеце?


Пяты раз спрабуюць прадаць з аўкцыёну будынак, які разбураецца.

Былы палац Радзівілаў у Паланечцы Баранавіцкага раёна зноў выставілі на таргі — пяты раз за апошнія пяць гадоў. Не ўдаецца знайсці інвестара, які купіў бы гэты аб'ект і ўдыхнуў бы ў яго жыццё. Праўда, чатыры гады таму сядзібу набыла на аўкцыёне прыватная фірма, але... нічога не змагла зрабіць. І ў 2016 годзе палац вярнулі дзяржаве.


Так вы­гля­дае па­лац ця­пер.

Старшыня Вольнаўскага сельскага Савета Наталля ІБРАГІМАВА гаворыць, што ў Паланечцы даўно чакаюць інвестара-бізнесмена, які рэстаўруе іх славутасць.

Наталля Пятроўна паказвае будынак, які гэтай вясной крыху пацярпеў. Прайшлі моцныя дажджы, у адным месцы фундамент падтапіла, сцяна часткова абрынулася. Будынак лічыцца аварыйным, уваходныя дзверы наглуха закрытыя.

— А раней, калі мы яшчэ заходзілі сюды, — працягвае старшыня сельвыканкама, — я неяк акінула вокам краявіды з вышыні другога паверха і не магла налюбавацца, такая прыгажосць! Нават праз гады, стагоддзі, калі час і прырода многае зруйнавалі, можна пазнаць сістэму азёраў у парку, алеі, задуманыя аўтарам сядзібы. А на першым паверсе захавалася плітка, якую варта толькі памыць, і ніякая рэстаўрацыя не патрэбна — гатовая падлога і музейны артэфакт. Хочацца спадзявацца, што знойдзецца чалавек, які ацэніць і прыгажосць, і культурна-гістарычнае значэнне гэтага аб'екта, і не пашкадуе сродкаў. Як лічаць дасведчаныя людзі, на адраджэнне сядзібы трэба не менш за адзін мільён долараў, — заключае старшыня сельскага Савета.

У пасляваенныя часы ў былым радзівілаўскім палацы размяшчалася сярэдняя школа. Яе толькі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя перавялі ў іншы будынак. З той пары палац і пачаў разбурацца. Але гісторыю сваёй славутасці тут ведаюць, шмат матэрыялаў сабрала бібліятэкар Святлана Вяленка. У бібліятэцы захоўваецца калекцыя кніг па гэтай тэме.

Па­лац на ма­люн­ку  На­па­ле­о­на Ор­ды.

Палац у Паланечцы быў пабудаваны на рубяжы ХVІІІ–ХІХ стагоддзяў па праекце невядомага італьянскага архітэктара. Шырокую вядомасць сядзіба набыла пры князю Канстанціне з роду Радзівілаў. Ён хутка прасоўваўся па службе, у 1820 годзе быў членам Віленскай Адукацыйнай камісіі, камергерам імператарскага двара, прадвадзіцелем дваранства Навагрудскага павета, членам Гродзенскага губернскага папячыцельскага камітэта аб турмах. У 1845 годзе Канстанцін становіцца міністрам народнай асветы, у 63-м годзе пакідае пасаду «па стане здароўя».

Князь многа зрабіў для развіцця адукацыі і культуры ў родным краі. Яго клопатамі былі ўладкаваныя Навагрудскае дваранскае вучылішча і пансіён, Гродзенскі пансіён. Яго абіралі членам-супрацоўнікам Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства, куды ён дасылаў свае работы па беларускай мове і этнаграфіі. Вядомасцю карысталіся яго работы «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета» і «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета». У гэтым палацы, які сёння выстаўлены на аўкцыён, размяшчалася рэдакцыя часопіса «Людзі і час». Выданне планавалася прысвяціць матэрыялам па вывучэнні фальклору беларускага рэгіёна па Віліі і Нёмане. Канстанцін сябраваў з Уладзіславам Сыракомлем, які ахвотна прыязджаў у Паланечку, любіў тутэйшы «цудоўны сад», прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы часопіса.

Бібліятэка яго палаца налічвала каля чатырох тысяч тамоў, тут былі архіў, калекцыя карцін, рэдкія творы мастацтва. Галерэя з 38 партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў размяшчалася ў сталовай. Лёс гэтых збораў і калекцый склаўся па-рознаму. Частку каштоўнасцяў сын Канстанціна Мацей вывез у Зегжу, маёнтак жонкі. Асобныя рэчы сталі часткай нясвіжскіх збораў. Архіў (дакументы ХV—ХІХ стагоддзяў) захоўваецца ў Галоўным архіве старадаўніх актаў у Варшаве. Калекцыя кніг — у Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы. Многае страчана падчас войнаў. Палац двойчы гарэў: у 1917-м і 1943 гадах. А вось Юр'еўскі касцёл, узведзены ў 1899 годзе Альбертам Радзівілам, добра захаваўся. Храм служыў магільным склепам апошніх гаспадароў маёнтка. Мае рэдкую рэліквію — арнат (верхняе адзенне ксяндза), пашыты з выкарыстаннем слуцкага пояса.

Прыгожа выглядае палац на малюнку Напалеона Орды. Тады гэта быў палацава-паркавы комплекс, які складаўся з палаца, аранжарэі, капліцы-склепа, брамы, млына, парка з вадаёмамі. Цяпер засталіся муры і дах палаца. У садзе захаваліся рэшткі агароджы з лесвіцамі. А на фасадзе палаца стаяць калоны з галовамі-скульптурамі старажытных філосафаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што такога дэкаратыўнага элемента няма ні ў адным палацы на тэрыторыі Беларусі, і проста цуд, што гэтыя скульптуры так добра захаваліся.

Яшчэ некалькі зім — і палац пачне інтэнсіўна разбурацца, лічаць у Паланечцы. А яго адраджэнне, вядома, стала б імпульсам для развіцця не толькі гэтай вёскі, але і суседніх. Яно і зразумела, паток турыстаў, новыя рабочыя месцы для тутэйшых жыхароў прынеслі б пэўнае ажыўленне.

— Прадаецца аб'ект цяжка, — расказаў кіраўнік Брэсцкага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Павел МАНЬКО. — Зноў выставілі на таргі. Можа, такім чынам знойдзецца зацікаўлены чалавек альбо арганізацыя. Гэтым разам кошт аб'екта зніжаны на 80 працэнтаў і складае 19 тысяч рублёў. Па сённяшнім курсе Нацбанка гэта меней, чым за 9 тысяч долараў. Гэта пачатковая цана. Калі пакупнік будзе адзін, за такую суму ён можа атрымаць будынак палаца, гаспадарчыя пабудовы, а таксама зямельны ўчастак плошчай 3,3 гектара з правам арэнды на 50 гадоў. Паводле ўмоў аўкцыёну, новы гаспадар павінен правесці рэканструкцыю альбо рэстаўрацыю будынка, а таксама зарэгістраваць у Міністэрстве культуры ахоўнае абавязацельства на гісторыка-культурную каштоўнасць і выкарыстоўваць аб'ект на працягу трох гадоў з моманту ўводу ў эксплуатацыю. Таргі прызначаныя на 4 снежня.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Баранавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.