Для пераходу да незалежнай атэстацыі ў школах спатрэбіцца некалькі гадоў. Пра гэта заявіў сёння журналістам міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, перадае БЕЛТА.
Мінадукацыі прапрацоўвае пытанне правядзення незалежнай атэстацыі за курс сярэдняй школы. "Каб укараніць такую сістэму, спатрэбіцца некалькі гадоў. Павінна быць праведзеная сур'ёзная падрыхтоўчая праца, пробы, павінны быць арганізаваны прамежкавыя атэстацыі ў такіх формах. Увядзенне незалежнай атэстацыі не стане нечаканасцю для вучняў і іх бацькоў. Выпускнікам гэтага года не трэба нічога баяцца, атэстацыя будзе праходзіць у ранейшым выглядзе", - сказаў Ігар Карпенка.
Выпускныя экзамены за курс сярэдняй школы прапаноўвалася змяніць яшчэ некалькі гадоў таму. Пры гэтым для выпускнікоў 9-х класаў плануецца ўвесці незалежную атэстацыю, па выніках якой яны змогуць працягнуць навучанне ў гімназіях ці гімназічных класах сярэдніх школ, у звычайных класах, а таксама пайсці па шляху прафтэхадукацыі. Для 11-класнікаў гэта будзе нацыянальны экзамен.
"Выніковая атэстацыя за курс сярэдняй школы павінна адпавядаць па форме і змесце выпрабаванням уступнай кампаніі. Гэта павінна знізіць нагрузку на навучэнцаў і стварыць больш спрыяльныя ўмовы для працы педагогаў. Сёння настаўнік не ведае, ці то яму больш увагі надаваць падрыхтоўцы вучня да атэстацыі ў выглядзе напісання пераказу, ці то ў выглядзе выканання тэста для паступлення ў ВНУ. Гэтыя пытанні цяпер адпрацоўваюцца ў форме эксперыменту. Да яго падключаюцца псіхолагі і педагогі. Яны глядзяць, як лепш выбудаваць гэтую атэстацыю, аналізуюць яе асаблівасці, недахопы. Нечаканасці ў гэтым пытанні не будзе", - запэўніў Ігар Карпенка.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?