Вы тут

Прэзідэнт: Беларусі не патрэбны ўрад, які не разумее сітуацыі ў народзе


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з першым намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Турчыным.


У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў два пытанні, якія неабходна абмеркаваць.

"Калі мы абнаўлялі, скажам так, наш урад, мы дамаўляліся аб тым, што ў бліжэйшы час вы разбярэцеся з функцыянальнымі абавязкамі членаў урада, апаратам урада і структурай, — нагадаў беларускі лідар. — Часу прайшло ўжо нямала, але цішыня. Я прасіў вас заняцца перш за ўсё гэтым пытаннем, паколькі лепш вас у гэтым ніхто не разбярэцца. Вы кіравалі апаратам урада на пасадзе міністра — ну каму як ні вам цяпер, улічваючы магчымыя недапрацоўкі, недахопы ў арганізацыі працы ўрада ў мінулым, выправіць сітуацыю?"

Прэзідэнт папрасіў першага намесніка прэм'ер-міністра агучыць бачанне некаторых пытанняў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ўрад — гэта калектыўны орган. І рашэнні там прымаюцца калектыўна. Гэта павінна свята выконвацца, я гэтаму надаю вельмі вялікую ўвагу", — сказаў беларускі лідар. 

Акрамя таго, Прэзідэнт адзначыў, што яму паступаюць сігналы, што ўрад бачыць сваю працу па-свойму: маўляў, будзе займацца стратэгіяй, а не паўсядзённымі справамі. “Урад будзе займацца не толькі выпрацоўкай стратэгіі. Гэта, дарэчы, не ваша прэрагатыва, стратэгія ў нас выпрацавана, яна вызначаецца Прэзідэнтам, уносіцца на галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах і сцвярджаецца Усебеларускім народным сходам,” — нагадаў Прэзідэнт. 

Фота БЕЛТА

"Магчымыя нейкія карэктывы і гэтак далей, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Ураду ніхто не забараняе ўносіць прапановы па карэктоўцы, але рашэнні прымае Прэзідэнт. Таму ў гэтай частцы — калі ласка, стратэгіі. Але я магу скзаать па-народнаму: урад Беларусі заўсёды займаўся і рэальным сектарам эканомікі, і іншымі пытаннямі. Таму прыйдзецца рабіць усё: і гной вывозіць на палі, і сеяць, і прыбіраць, і ў станка стаяць, і тэхналогіямі займацца".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: урад, які будзе сядзець у канторы і выпрацоўваць нейкую стратэгію, не разумеючы, што адбываецца ўнізе, у Беларусі не патрэбны.

Другое пытанне сустрэчы — гэта развіццё IT-сферы і цыфравізацыя беларускай эканомікі і краіны ў цэлым. Прапановы па гэтым кірунку былі розныя і зыходзілі ў асноўным ад непасрэдных прадстаўнікоў IT-сферы. "Стварыць ледзь не асобны ўрад па цыфравізацыі краіны, потым стварыць міністэрства цыфравізацыі, яшчэ там, і гэтак далей. Мы ўжо шмат працуем над развіццём IT-сферы, — канстатаваў беларускі лідар. — І пачалося даўно, яшчэ, калі мы стваралі Парк высокіх тэхналогій, вопыт напрацоўвалі. Сёння гэтага вопыту дастаткова для таго, каб здзяйсняць чарговыя крокі ў развіцці нашага не толькі IT-парку, але цыфравізацыі ўсёй нашай Беларусі".

Прэзідэнт дадаў, што гэта, вядома, модна, але справа зусім не ў гэтым: рэч у тым, што будучыня нашай краіны — не толькі ў рэальным сектары эканомікі. Вельмі многае для развіцця дзяржавы і дабрабыту народа можна запазычыць з IT-сферы і цыфравізацыі, упэўнены беларускі лідар.

Пры гэтым ён адзначыў, што ад рэальнага сектара ўсё роўна нікуды не сысці — цыфравізацыя забяспечыць яго больш эфектыўную працу. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Аляксандра Турчына, на якім узроўні знаходзіцца наша краіна, што ў бліжэйшы час неабходна распачаць?

"Ну і адказаць на тыя пытанні, якія задаюць нашы IT-шнікі. Яны, вядома, малайцы. Адчулі, што грошы там можна зарабіць, а для гэтага патрэбныя людзі, і яны гатовыя ўкладаць свае сродкі ў адукацыю, развіццё і гэтак далей. Гэта і добра, таму што льготы ў іх беспрэцэдэнтныя. Трэба паволі ўкладваць сёння, каб атрымаць заўтра большы даход, большы прыбытак, большую рэнтабельнасць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але тым не менш, мы не павінны памыліцца, мы не павінны тармазіць іх і будзем ствараць для іх самыя найвыгадныя ўмовы".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Аляксандру Турчыну неабходна разам з IT- спецыялістамі падрыхтаваць нараду ў Прэзідэнта. І ўжо на ёй, прапрацаваўшы і абмеркаваўшы гэтыя пытанні загадзя, будуць прыняты неабходныя рашэнні.

У адказ намеснік прэм'ер-міністра нагадаў пра поспехі Парку высокіх тэхналогій: у гэтым годзе прырост складзе 400 мільёнаў долараў выручкі.

Каментар у тэму

У першым квартале 2019 года будзе падрыхтавана маштабная (у плане мэтаў і задач, а не колькасці ўдзельнікаў) нарада з удзелам Прэзідэнта па развіцці лічбавай эканомікі ў Беларусі. Аб гэтым распавёў журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У ёй прымуць удзел кіраўнікі тых галін, у якіх перш за ўсё неабходная цыфравізацыя, — сацыяльная сфера, ахова здароўя, адукацыя, ключавыя галіны эканомікі, прадстаўнікі IT і рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій.

На яго думку, прырост IT-сферы на 400 мільёнаў долараў — гэта самая нізкая мяжа, ва ўрадзе разлічваюць на большы вынік. Гэта лічба ўключае і выручку, і прырост экспарту паслуг. "Сёння IT-сферу трэба разглядаць не як нейкі анклаў у краіне з нейкімі льготнымі ўмовамі, а ўжо стварэнне цэлай галіны ў эканоміцы", —  дадаў Аляксандр Турчын.

Паводле слоў першага намесніка прэм'ер-міністра, дабаўленая вартасць выручкі ў сферы камп'ютарных паслуг складае 90 %. Тут жа трэба ўлічваць, што ў сферы ў цяперашні час занята больш за 30 тысяч чалавек з сярэдняй зарплатай больш чым чатыры тысячы беларускіх рублёў.

Што тычыцца пытанняў, якія задаваў Аляксандр Лукашэнка адносна структуры ўрада, то тут Аляксандр Турчын адзначыў, што ёсць пэўныя напрацоўкі, аб якіх было дакладзена, у бліжэйшы час яны будуць фармалізаваны.

"Я б так гучна не казаў, што гэта рэарганізацыя ўрада. Скажам так, гэта магчымае змяненне функцыяналу, у тым ліку і паміж віцэ-прэм'ерамі, — адзначыў ён. — Для глабальных пераменаў заўсёды патрэбныя важкія падставы.Таму зразумела, можа быць падвышаная колькасць міністэрстваў, магчыма, але гаворка ішла некалькі аб іншым".

На нарадзе ўзнімаўся і цэлы шэраг іншых пытанняў, напрыклад, па развіцці транспартна-лагістычнай сістэмы. Яшчэ былі абмеркаваны дакументы, якія датычацца прадпрымальніцтва, — яны таксама ў бліжэйшы час пасля дэталёвай прапрацоўкі будуць агучаны.

Па словах Аляксандра Турчына, з улікам кадравых прызначэнняў паўстала таксама неабходнасць абнавіць склад Савета па развіцці прадпрымальніцтва. “Пакуль на пасадзе старшыні буду працаваць я", — дадаў Аляксандр Турчын.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.