Вы тут

Патэнцыял тавараабароту Беларусі з Арменіяй — 150 мільёнаў долараў


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Арменія Арменам Саркісянам.


Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што яму прыемна бачыць Армена Саркісяна ў Беларусі. Ён нагадаў, што на днях адбудуцца мерапрыемствы ў рамках Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. На думку беларускага лідара, гэта вельмі важнае і сур'ёзнае пытанне, а візіт Прэзідэнта Арменіі і ўдзел у гэтым мерапрыемстве сведчыць аб тым, што Арменію не проста хвалюе гэтая актуальная праблема.

"Нашу пазіцыю ў гэтым плане ведаеце, — падкрэсліў ён. —Нягледзячы на рознага роду развагі ў дэмакратычнай Арменіі, у асобе Беларусі вы заўсёды мелі і будзеце мець добрых і надзейных сяброў. Мы з вамі працуем і ў эканамічнай адзінай прасторы, уваходзім у склад Еўразійскага саюза, мы з вамі працуем у ваенна-палітычным саюзе, АДКБ. Як бы там ні гаварылі б і ні пісалі, мы свята выконваем нашы дамоўленасці і ўсё, што пакладзена ў рамкі гэтых арганізацый".

Што тычыцца асновы двухбаковых узаемаадносін — тавараабароту — Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты паказчык расце, быў пераадолены спад, прырост больш за 30 %. Кіраўнік беларускай дзяржавы дадаў, што калі прыняць да ўвагі, што некалькі гадоў таму наогул нічога не было, то гэта вынік. "Але калі казаць пра наш патэнцыял, аб таварах, якія запатрабаваны ў нас, вашы ў нас, то, вядома, гэта не тавараабарот. Мы сёння папросту маглі б мець 150 мільёнаў долараў тавараабароту, і гэта значна падняло б нашы адносіны на больш высокі ўзровень", — заявіў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што бакі ведаюць магчымасці адзін аднаго, таму любыя прапановы, якія будуць вылучаны Арменіяй, Беларусь разгледзіць у кароткія тэрміны і прыме адпаведныя рашэнні.

"Ведаю, што вы перажываеце складаныя чарговыя дэмакратычныя перамены, нікуды ад гэтага не падзецца. І, вядома, атрымаць інфармацыю, што завецца, з першых вуснаў ад свайго сябра і калегі — для мяне гэта вельмі важна", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, беларускі лідар падзякаваў Армену Саркісяну за падтрымку групы айчынных журналістаў, якія асвятлялі падзеі ў Арменіі. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, ён асабіста тэлефанаваў Прэзідэнту Арменіі і прасіў, каб іх прынялі для паказу аб'ектыўнай карціны падзей. Армен Саркісян даў інтэрв'ю беларускай прэсе, якое разышлося вельмі шырока.

"Мы зразумелі, што адбываецца ў Арменіі. Гэта вельмі важна для нашага народа. Таму мы ў вашай асобе бачым таго чалавека, які аб'ектыўны, рэальны і гатовы падтрымліваць з Беларуссю адносіны. Мы адкажам узаемнасцю", — запэўніў беларускі лідар.

У адказ Армен Саркісян падзякаваў кіраўніку Беларусі за падтрымку і сяброўства ў драматычныя для Арменіі дні ў красавіку і маі. Ён дадаў, што ніколі не забудзе — як Прэзідэнт і як чалавек — тую ўвагу, якую армянскі лідар атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго слоў, званкі беларускага лідара былі не проста дыпламатычнымі, гэта былі званкі ад сябра, які хоча ведаць сітуацыю і дапамагчы.

Прэзідэнт Арменіі звярнуў увагу, што прыехаў на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы, і назваў Беларусь унікальнай і адной з рэдкіх краін, паколькі вобраз нашай дзяржавы — гэта вобраз стабільнасці і прадказальнасці. "У новым свеце, у якім мы жывем, гэтыя якасці рэдка можна ўбачыць", — канстатаваў ён.

На яго думку, за гэта Беларусь высока цэніцца сусветнай грамадскасцю.

У тэму

У 2017 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Арменіяй склаўся ў аб'ёме 42,7 мільёна долараў (132,9 % да ўзроўню 2016 года), экспарт — 34,5 мільёна долараў (156,8 %), імпарт — 8,2 мільёна долараў (80 ,9 %). Сальда станоўчае ў суме 26,3 мільёна долараў.

У студзені-жніўні 2018 года тавараабарот паміж Беларуссю і Арменіяй склаў 31 мільён долараў і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года ўзрос на 33,7 %, экспарт — 23,6 мільёна долараў (павялічыўся на 29,2 %), імпарт — 7,4 мільёны долараў (павялічыўся на 50,4 %). Сальда станоўчае ў памеры 16,2 мільёна долараў.

Аснову беларускага экспарту ў студзені—жніўні 2018 года склалі малако і вяршкі згушчаныя, трактары і седлавыя цягачы, ялавічына, сметанковае масла, шыны, папера і кардон, мэбля і яе часткі. З Арменіі імпартаваліся моцныя спіртныя напоі, спецыфічныя тавары, лекавыя сродкі.

Экспарт беларускіх паслуг у 2017 годзе склаў 5,6 мільёна долараў (павялічыўся на 23,2 % да ўзроўню 2016 года). Імпарт паслуг — 1,4 мільёна долараў (вырас у 2,6 разы). Сальда станоўчае ў памеры 4,2 мільёна долараў.

У студзені-ліпені 2018 года аб'ём экспарту паслуг у Арменію склаў 4,1 мільёна долараў (павялічыўся на 56,5 % да ўзроўню студзеня—ліпеня 2017). Імпарт паслуг — 0,9 мільёна долараў (вырас у два разы). Сальда станоўчае ў памеры 3,3 мільёна долараў.

У 2017 годзе ў эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Арменіі на суму 8,1 мільёна долараў (7 мільёнаў долараў за 2016 год), у тым ліку прамых — 8 мільёнаў долараў. У Беларусі дзейнічае 57 прадпрыемстваў з армянскім капіталам, у тым ліку 17 сумесных і 40 замежных арганізацый.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.