Вы тут

Кніжныя навінкі ад «Звязды»


Перад вамі – асенняя падборка кніг, якія нядаўна пабачылі свет у нашым Выдавецкім доме. Ёсць што пачытаць і дарослым, і дзеткам!


“Странные детки”. Жанна Міус

Аўтар гэтай кнігі вясёлых дзіцячых вершаў, напэўна, і сама ў душы крыху дзіця-фантазёр. Менавіта таму на старонках яе кніжкі з’яўляюцца пацешныя выдуманыя словы: слязлівень, усміхарыкі, смехаварыя, белібярдомік, Салодкасонне...

А яшчэ тут хаваецца чароўная істота Лахмарык-Шуршарык, ганарліва сядзіць ля акенца вучоная котачка Марсіэла Пусеўна, гуляюць і танчаць жыхары загадкавай краіны Крыўляндыі, а пальчыкі-падбіральчыкі цягнуць у кішэнькі велізарную колькасць ну ве-е-ельмі карысных штук – ад апельсінавай костачкі да кавалачка старэнькай газеты. Далучайцеся да герояў кніжкі, будзем дзівачыць разам!


“Таямніца незвычайнай школы”. Кацярына Хадасевіч-Лісавая

“Ну што асаблівага можа быць у школьным жыцці?”, – скажаце вы. Настаўнікі, урокі, перапынкі, навучальны год, канікулы…Здавалася б, пра школу мы ведаем усё. А вось і не! Новая кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой (якая, на хвіліначку, не толькі вядомая пісьменніца, але і настаўніца) распавядае пра той бок школьнага жыцця, аб існаванні якога ніхто нават не здагадваецца! Што адбываецца, калі ўсе дзеці і настаўнікі разыходзяцца па дамах? Якую таямніцу захоўваюць школьныя кабінеты і калідоры? Хто жыве ў адной, з выгляду самай звычайнай, школе? А магчыма, не толькі ў ёй... Калі хочаце пабачыць усё на свае вочы, паглыбляйцеся ў сюжэт, падключайце фантазію – і ўсё таемнае стане відавочным.


“Дзень нараджэння”. Наталля Уладзімірава

Каханне – пачуццё, якое па вызначэнні не паддаецца лагічнаму тлумачэнню. Яно можа стаць адным з нязначных “эпізодаў” мінулага, а можа – азарэннем, водбліскі якога будуць асвятляць увесь далейшы шлях. А магчыма, яно ператворыцца ў боль, які надоўга паселіцца ў сэрцы.

Зборнік “Дзень нараджэння” – гэта лірычна-іранічныя, вясёлыя і сумныя навелы пра каханне, пра здраду, пра адзіноту, пра шчасце, пра самае звычайнае жыццё, якое можа паднесці сюрпрыз менавіта тады, калі вы гэтага зусім не чакаеце…


“Планета псов и ягнят. Выбор”. Віталь Кірпічэнка

“Выбор” – трэцяя кніга рамана “Планета псов и ягнят” (да гэтага ў Выдавецкім доме “Звязда” выйшлі кнігі “Адзінцовы” і “Закон і справядлівасць”). Галоўны герой Іван Адзінцоў 15 гадоў правёў у зняволенні, і, хоць атрымаў статус злодзея ў законе, так і не стаў бандытам па сваёй натуры. Адзінцоў заўсёды імкнуўся “насаджаць” справядлівасць – хай і прымітыўна, з дапамогай зброі; змагаўся з рабаўнікамі і забойцамі. На старонках кнігі Іван сустракае Кацю – сваё першае каханне. Шмат гадоў таму менавіта патасоўка з Кацінымі сябрамі, “залатой моладдзю”, стала той адпраўной кропкай, пасля якой хлопец пайшоў па шляху злачыннасці. Ці даруе ёй Адзінцоў, ці зможа забыць мінулыя крыўды? І як галоўнаму герою змірыцца з тым, што яго дачка пакахала сына маёра Перавалава, бо менавіта страж парадку калісьці быў заклятым ворагам Адзінцова і настойліва пераследваў яго? І па якіх законах будаваць сваё жыццё далей? Праблема маральнага выбару яшчэ не раз паўстане перад галоўным героем рамана.


“Зуб мамонта”. Дзмітрый Вінаградаў

Чытачы разам з героямі кнігі адправяцца ў падарожжа па першабытным свеце: паназіраюць за жыццёвым укладам, звычаямі і традыцыямі плямёнаў, пабудуюць надзейнае летняе і зімовае жытло, пазмагаюцца ў небяспечных сутычках з дзікімі жывёламі. Аўтар раскажа падлеткам шмат цікавага: якія выпрабаванні павінны былі прайсці юнакі, каб лічыцца ўмелымі паляўнічымі і сапраўднымі мужчынамі? Як адбывалася выкраданне нявесты з суседняга племя? І чаму нельга было казаць сваё імя чужынцу?

У цэнтры сюжэту – малады паляўнічы Зуб Маманта, які трапляе ў палон да іншага племя. Але мудры правадыр не спяшаецца пазбаўляцца ад непакорлівага юнака – палонны яшчэ можа спатрэбіцца яму ў адной вельмі важнай справе... У якой? Пра гэта вы даведаецеся, пазнаёміўшыся з кнігай бліжэй.


“Обед по нотам”. Мікола Чарняўскі

Як пабудаваць дом і вырасціць лес з дапамогай... алоўкаў? На каго злуецца гром? Хто стоміцца ​​раней – той, хто б'е лынды лежачы або седзячы? Ці ўсё няўмейкі сапраўды не ведаюць, як рашаць задачы і мыць посуд: можа, некаторыя з іх на самой справе нехачухі? Што будзе, калі насарог захоча пацягацца сілай з зубрам, а певень перастане працаваць “будзільнікам”? Ці можна даверыць зайцу ахову градаў з морквай?

Адказы на ўсе гэтыя не самыя сур’ёзныя пытанні вы знойдзеце ў зборніку “Абед па нотах”, куды ўвайшлі вершы вядомага дзіцячага паэта Міколы Чарняўскага, напісаныя ў розныя гады. “Кніга – гэта свята для дзяцей”, – лічыць аўтар. І мы з ім цалкам згодныя!

Алена Карпенка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.