Вы тут

З таго свету


...Яблыні дзед Архіп садзіў каля вуліцы, прычым прынцыпова: казаў, што гэта — добрае месца.


На той час — і сапраўды, відаць: машын у вёсцы амаль не было — ні сваіх, ні чужых, а вось людзей — многа. І ўсе, на думку дзеда, харошыя. «Вось будуць міма нашай хаты ісці, — разважаў гаспадар, — і па яблычку сарвуць альбо апалы падымуць ды пачастуюцца. Глядзіш — добрым словам успомняць».

І бярозавы сок ён заўсёды збіраў: слоікамі, вёдрамі цягаў у склеп, зліваў у велікаватыя бочкі, дабаўляў трохі цукру, сухога хлеба і вінаграду — пакідаў брадзіць. Каб потым, у летнюю спёку, насіць гатовы прадукт не столькі сабе ў хату — каб людзей частаваць: прыпыняць на той жа вуліцы, перакідвацца слоўцам-другім, а нарэшце казаць: «Пастой, браток (ці сястрыца...), у мяне ж бярозавік ёсць. Мігам прынясу».

Паабяцаўшы, дзед і сапраўды спрытна «занырваў» у досыць глыбокі склеп, набіраў у кубкі халоднага квасу: піў, вядома ж, і сам, але конча з некім, бо «адзін ты з'еш хоць вала, адна і хвала».

Гэтае правіла жыцця дзед даводзіў спачатку дзецям — і сваім, і чужым, потым унукам ды ўнучкам, адна з якіх — самая «малая» і ўжо гараджанка, прыняўшы ў спадчыну хату, з сёлетняй вясны па выхадных прыязджае з сям'ёй у дзедаву вёску — прыглядае за садам, разводзіць кветкі, вучыцца вырошчваць што-нішто з гародніны, як некалі з дзедам, ходзіць у блізкі лес.

...Вось і надоечы з грыбамі адтуль вярталася. Не сказаць, каб шмат назбірала, але, убачыўшы на лаўцы суседку-бабулю, прыпынілася: павітаўшыся, спытала (хоць магла і не пытаць, бо ведала...):

— Цётка Мар'я, вы ж у грыбы не ходзіце? Дык падстаўляйце фартух, я вам трохі насыплю.

— Не, Светачка, не трэба, — стала бараніцца бабуля (фартух між тым ужо падстаўляючы). — Я — абыдуся. А ў цябе ж і муж ёсць, і дзеці — нясі сваім.

Свае — муж і пагодкі-дочкі — пакуль што спалі, але ж хутка маглі прачнуцца, прыйсці ў кухню снедаць. Таму гаспадыня адразу ж уключыла ў разетку чайнік, развяла міску цеста, узялася пячы бабуліны бліны. І ўжо там, ля пліты (мазгі ж не тэлевізар, іх не выключыш), міжволі ўспамінаць свой ранішні паход: думаць, як з гадамі «псуецца», зарастае хмызняком
іх лес (а смеццем — сцежкі ды ўзлескі), як — вочы б не бачылі! — «шарэюць» ад сумніку пазакіданыя гароды, а самае балючае — як хутка старэюць і адыходзяць людзі... Тую ж цётку Мар'ечку ўзяць. Яе Палятушкай некалі звалі, бо яна, адна гадуючы дзяцей, і сапраўды не хадзіла — птушкай лётала, а вось зараз зранку сядзіць на лаўцы...

Зрэшты, не (Света праз акно зірнула на вуліцу): зараз таксама некуды «ляціць» — з кійком, але ж гэтак хутка...

«Да нас? Чаго? — здзівілася Света і ўміг спахмурнела. — Няўжо за грыбы мне дзякаваць будзе? Яшчэ чаго не хапала!»

Бабуля між тым ужо адчыняла дзверы, з парога занепакоена пытала:

— Ты не грыбочкі смажыш?

— Не, што вы... Яны яшчэ неперабраныя стаяць. Рукі не дайшлі, — далажыла Света. — На сняданак будуць бліны са смятанай.

— Вось і добра, што не з грыбамі... Давай мы разам на іх паглядзім, бо ты, дзіцятка, трохі воўчых прынесла...

— Не можа быць! Мне ж дзядуля ўсе паказваў. Я незнаёмых не брала.

— А яны цяпер так «маскіруюцца» — не разбярэш. Але ж гэта во, — дастаўшы грыб з кішэні, паказала бабуля, — белая паганка. І апенек вось гэтых людзі не ядуць.

...Света выключыла пліту (ужо не да бліноў было), разам з суседкай, у чатыры рукі, яны хутка перабралі-перагледзелі ўсе грыбы і знайшлі сярод іх яшчэ тры неядомыя.

Для таго каб (крый бог!) атруціць сям'ю, хапіла б, кажуць, і аднаго.

...Чым аддзячыць бабулі за тое, што перасцерагла, уратавала ад бяды, — Святлана не ведала.

Як не ведала яна і таго, чым жа аддзячыць... дзеду — за яго крылатае «адзін ты з'еш хоць вала, адна і хвала».

Валянціна ДОЎНАР

Р. S. Сярод любімых дзедавых прыказак была, дарэчы, яшчэ адна. Даводзячы некаму з халастых ці незамужніх, што трэба жаніцца, што ў сям'і — ці хоць бы ў пары — лепей век пражывеш (пра алкаголікаў ды наркаманаў тады ў вёсцы не чулі), дзед казаў, што чалавеку, вядома ж, добра аднаму... Але толькі ў прыбіральні.

Р. Р. S. А яблыні яго — тыя, пры самай вуліцы — усё яшчэ растуць.

І яблыкі на іх па-ранейшаму смачныя!

Гэта вам хто хочаш скажа, бо ў акрузе няма, здаецца, людзей, якія (нават маючы сады) дзедавых не каштавалі б.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.