Вы тут

Адходы павінны ператварацца ў рэчы, а не ляжаць на палігонах


Смеццеправоды цалкам знікнуць з беларускіх дамоў у 2020 годзе, а колькасць смеццевых кантэйнераў у краіне ўзрасце да 150 тысяч. Мяркуецца, што гэта і новыя кірункі перапрацоўкі смецця павялічаць аб'ёмы раздзельнага збору адходаў у краіне настолькі, што ў 2020-м мы зможам перапрацоўваць чвэрць створанага смецця, а яшчэ праз 15 гадоў — ужо палову.


Кантэйнеры пластыкавыя, ацынкаваныя, падземныя

Альтэрнатыва смеццеправодам — кантэйнерныя пляцоўкі са сметніцамі для збору камунальных адходаў і другаснай сыравіны: паперы, шкла і пластыку. А таксама падземныя кантэйнеры для змешаных адходаў. Адна такая ёмістасць замяняе пяць звычайных, выглядае больш эстэтычна, і вывозіць смецце з іх трэба радзей. Галоўнае — знайсці месца, дзе іх можна ўстанавіць з разлікам, што гэта стацыянарная сметніца, змяніць месцазнаходжанне якой будзе ўжо немагчыма.

Больш як 100 падземных кантэйнераў устаноўлена ў Пінску, 70 — у Магілёве, 47 — у Наваполацку. Сёлета 80 такіх прылад будзе закуплена для Магілёва, 30 — для Салігорска, і яшчэ 38 — для Пінска.

— У нормах на добраўпарадкаванне жылых дамоў дагэтуль не прадугледжаны раздзелы, якія датычацца патрабаванняў да збору камунальных адходаў. А ў шчыльнай забудове цяжка знайсці месца для пляцовак, — расказала Ніна КУЛЬБЕДА, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Санітарныя нормы прадугледжваюць размяшчэнне кантэйнерных пляцовак не бліжэй за 20 метраў ад вокнаў дома. Аднак ва ўмовах шчыльнай забудовы гэтую лічбу можна памяншаць да 15 метраў, што адпавядае еўрапейскай практыцы. Праўда, у такім выпадку неабходна агарадзіць пляцоўку і, па магчымасці, зрабіць страху і дзверы. Максімальна дапушчальная аддаленасць кантэйнераў ад жылля нормамі ўвогуле не вызначаецца, у савецкія часы яна складала сто метраў, пракаментавала Марына ТОЎСЦІК, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.

Для паўнавартаснага раздзельнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) — шкла, паперы і пластыку — краіне патрэбна каля 150 тысяч кантэйнераў. Цяпер іх у Беларусі каля 84 тысяч. Пры гэтым шмат сметніц — старыя металічныя ёмістасці па 0,75 м3, якія не маюць колаў і накрыўкі. Так што для зручнага збору ДМР яны таксама будуць заменены сучаснымі пластыкавымі або ацынкаванымі сметніцамі з коламі, накрыўкамі і адтулінамі для сыравіны. Летась у Беларусі з'явілася 9000 новых кантэйнераў, а ў сталіцы сёлета набылі каля 700 новых каляровых пластыкавых кантэйнераў.

— Знешні выгляд адтуліны крыху зменіць кантэйнер для адходаў пластыку, бо людзі прывыклі збіраць смецце ў пакет і ім прыходзілася перад сметніцай па адной бутэльцы вымаць і выкідваць у круглую шчыліну. Цяпер кантэйнеры пад пластык будуць мець і круглую, і прамавугольную адтуліны, куды можна будзе і невялікі пакет пакласці, — падзялілася Ніна Кульбеда.

Пашыраная адказнасць і залогавая сістэма

Цяпер у краіне каля 1600 месцаў, дзе можна здаць ДМР і атрымаць за іх грошы. Асобна арганізаваны таксама пункты збору небяспечных рэчаў: лямпачак і батарэек. Пакрысе мадэрнізуюцца і будуюцца лініі сарціроўкі і дасарціроўкі асобна сабраных адходаў.

— Каб максімальна эфектыўна збіраць для перапрацоўкі той аб'ём упакоўкі, які з'яўляецца ў адходах, у 2020 годзе ў краіне запрацуе дэпазітна-залогавая сістэма збору, — удакладніла прадстаўніца аператара. — Гэта дазволіць збіраць больш як 70 % ПЭТ-бутэлек, шкляной тары і алюмініевых бляшанак. Цяпер на перапрацоўку трапляе, напрыклад, толькі каля 30 % пластыкавай тары. Практыка паказвае, што ў краінах, дзе ўкаранілі такую залогавую сістэму, праз год дасягнулі вяртання ў абарот 70 % бутэлек.

З 2012 года ў Беларусі дзейнічае прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў у практыцы абарачэння з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА). Вытворцы і імпарцёры асобных тавараў і пэўных відаў упакоўкі фінансава адказваюць за тое, каб адходы максімальна прыцягваліся да абароту.

— Яны могуць самі збіраць адходы і перадаваць іх на выкарыстанне ці абясшкоджванне. Аднак такіх мала. Большасць выконвае свой абавязак, пералічваючы аператару грошы, якія ідуць на развіццё ў краіне збору другасных рэсурсаў і перапрацоўку адходаў. На гэтыя ж сродкі ў краіне таксама стымулюецца збор ДМР з бытавых адходаў, — расказала Ніна Кульбеда.

Летась 17 % камунальных адходаў у Беларусі адправілі на перапрацоўку — гэта 650 тысяч тон ДМР. За дзевяць месяцаў сёлета сабралі ўжо 520 тысяч тон. Амаль удвая павялічыўся збор адходаў электроннага і электрычнага абсталявання — 8,28 тысячы тон.

Праектаваць нельга пазбавіцца

У межах Канцэпцыі абыходжання з ЦКА на перыяд 2014—2020 гадоў, зацверджанай Мінжылкамгасам, аблвыканкамы абавязаны паэтапна закрываць смеццеправоды ў існуючай забудоўлі і паралельна тлумачыць грамадзянам, чаму гэта робіцца, зазначыла Марына Тоўсцік:

— У Гомелі і Гродне ўжо завараны ўсе смеццеправоды, і гарады аснашчаны кантэйнернымі пляцоўкамі. У Гродне іх 380, і горад ад гэтага толькі выйграў. Тут прадугледжаны месцы для буйнагабарытных адходаў, спецыяльныя ёмістасці для будаўнічага смецця. Была, напрыклад, скарга, што пляцоўка закрыла агляд выезду з двара аўтамабіляў. Улады вырашылі праблему, устанавіўшы вялікае панарамнае люстэрка, якое дапамагло кіроўцам.

Яшчэ ў 4000 беларускіх дамоў смеццеправоды пакуль функцыянуюць, 2,5 тысячы з іх у сталіцы. Згодна з графікам закрыцця смеццеправодаў на 2018—2020 гады сёлета запланавана пазбавіць ад смеццевага абсталявання яшчэ 1100 шматпавярховікаў, 430 з іх — у Мінску. Мяркуецца, што ў 2020-м смеццеправоды знікнуць зусім.

Пазіцыя Міністэрства ЖКГ адносна наяўнасці смеццеправода ў новым жыллі, якое толькі праектуецца, адназначная — такога абсталявання там быць не павінна. І сёлета, здаецца, меркаванне спецыялістаў пачулі. Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва Беларусі даручана забяспечыць выключэнне арганізацыі смеццеправодаў пры праектаванні шматкватэрных дамоў, акрамя выпадкаў, калі ў гэтых будынках жывуць людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Мінжылкамгас хадайнічае таксама і пра тое, каб тэхнічныя ўмовы на ўладкаванне кантэйнерных пляцовак арганізацыям-забудоўшчыкам выдавалі жыллёва-камунальныя службы.

РДФ-паліва і кампаставанне

У Беларусі развіваюцца таксама новыя кірункі абыходжання са смеццем. Плануецца ўкараніць тэхналогіі выкарыстання арганічных раслінных адходаў шляхам кампаставання. Перш за ўсё, гэта адходы з гарадоў: галіны, абрэзкі дрэў, трава, лістота. Шляхам адкрытага кампаставання ў буртах будуць атрымліваць грунт і выкарыстоўваць яго як тэхналагічны для перасыпкі адходаў на палігонах і як урадлівы — для рэкультывацыі кар'ераў.

Налета ў кожным абласным цэнтры і гарадах, якія ім падпарадкоўваюцца, павінны стварыць пляцоўкі для кампаставання.

— Вытворчасць РДФ-паліва з адходаў на смеццеперапрацоўчых заводах — яшчэ адзін кірунак абыходжання з адходамі. Такое рэчыва можна атрымаць з каларыйных фракцый смецця, напрыклад з адходаў пластыку, якія немагчыма выкарыстаць паўторна як сыравіну для вырабу рэчаў, а таксама гумы, кампазітных матэрыялаў, з той жа ўпакоўкі, якая складаецца з некалькіх слаёў, — падзялілася Ніна Кульбеда. — Такое паліва будзе выкарыстоўвацца на цэментных заводах.

Многія не разумеюць, што адходы — гэта наша агульная праблема, і задача чалавека не толькі ў тым, каб вынесці смецце з кватэры. Узровень спажывання ўзрастае, як і колькасць адходаў. Каб цывілізавана пазбаўляцца ад іх, трэба прыкладаць намаганні, інакш ніяк, упэўнена спецыяліст.

Даследаванні і апытанні, праведзеныя Цэнтрам экалагічных рашэнняў і аператарам другасных матэрыяльных рэсурсаў, паказваюць: каля 30 % насельніцтва краіны разумеюць неабходнасць сартавання смецця і робяць гэта, а трэць з іх увогуле імкнуцца ствараць менш адходаў. Прыкладна 20 % людзей ніколі не будуць займацца гэтым, нават калі ім заплаціць. Астатняя частка насельніцтва (каля 40—50 %) будзе рабіць неабходнае, калі стварыць ім прыдатныя ўмовы.

Ірына СІДАРОК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Выкідваць цывілізавана

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.