Вы тут

Лукашэнка: Крэдыты Кітая трэба скіроўваць на падтрымку прыватнага бізнесу


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Віцебскага футравага камбіната. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці па вырабу аўчыны і пушніны, а таксама з вытворчасцю гатовых вырабаў. Беларускі лідар таксама наведаў цэхі прадпрыемства, яму прадставілі асартымент выпускаемай прадукцыі.


Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Віцебскі футравы камбінат пасля мадэрнізацыі стаў вельмі салідным прадпрыемствам - падарункам народу да свята. Прэзідэнт растлумачыў, што ён сам, члены ўрада і іншыя вышэйшыя службовыя асобы павінны паказаць людзям, што зроблена за мінулы год, - да 7 лістапада.

Беларускі лідар адзначыў, што ў Беларусі вялікая колькасць нявыбраных камерцыйных кітайскіх крэдытаў, парадку сямі мільярдаў, пры гэтым ёсць яшчэ і танныя. Прэзідэнт расказаў, што не так даўно распарадзіўся, каб спынілі арыентавацца толькі на буйныя прадпрыемствы. «Ёсць талковыя прыватнікі, якіх мы ведаем, не проста шарлатаны з вуліцы, вось ім трэба дапамагаць. Яны за 20-30 мільёнаў створаць нам сотні тысяч працоўных месцаў», - сказаў ён.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, не абавязкова выдзяляць на будаўніцтва новых прыватных прадпрыемстваў сотні мільёнаў. За прыкладам далёка хадзіць не трэба: узяць той жа Віцебскі футравы камбінат. У яго рэканструкцыю і мадэрнізацыю інвеставалі парадку 24 мільёнаў долараў, а ў будучыні колькасць працоўных месцаў плануецца павялічыць да 500. Мадэрнізацыяй займаўся холдынг «Марка».

Беларускі лідар пахваліў прадпрыемства і адзначыў, што калі б генеральны дырэктар «Марка» Мікалай Мартынаў сябе не зарэкамендаваў, то ён не размаўляў бы ні пра які холдынг.

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка і сам аддае перавагу прадукцыі «Марка». І на сам камбінат Прэзідэнт прыбыў у чаравіках гэтай фірмы. Ён адзначыў, што на яго абутак звяртаюць увагу і кіраўнікі іншых дзяржаў, напрыклад, Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Беларускі лідар распавёў аб іх прыватнай гутарцы: казахстанскі лідар пацікавіўся, адкуль у Лукашэнкі такія чаравікі, той назваў беларускага вытворцу, а Назарбаеў не паверыў. У адказ кіраўнік дзяржавы зняў чаравік і прадэманстраваў назва вытворца - «Марка». «І не трэба італьянскае, і не трэба французскае», - дадаў Прэзідэнт.

Даведка

Унітарнае вытворчае прадпрыемства «Віцебскі футравы камбінат» было ўведзена ў строй 30 кастрычніка 1975 года. Яно з’яўляецца адзіным прадпрыемствам нашай краіны, якое спецыялізуецца на перапрацоўцы розных відаў пушна-футравай сыравіны і пашыве вырабаў з яе – адзення, галаўных убораў, аксесуараў.

У адпаведнасці з указам Прэзідэнта аб мерах па развіцці гарбарна-футравай вытворчасці і вытворчасці абутку ў снежні 2013 года сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Марка» набыло «Віцебскі футравы камбінат» у мэтах яго рэканструкцыі, мадэрнізацыі і фінансавага аздараўлення.

З 2014 у рамках інвестыцыйнага праекта па стварэнні і мадэрнізацыі вытворчых магутнасцяў па выпуску абутку да 5 мільёнаў пар у год і рэканструкцыі футравага камбіната з улікам стварэння холдынгу «Марка» на 2013-2024 гады праводзіцца рэканструкцыя і мадэрнізацыя «Віцебскага футравага камбіната» пад вытворчасць футра і швейных вырабаў з яго.

У цяперашні час на плошчах прадпрыемства – сучасная вытворчасць, магутнасць па перапрацоўцы – 300 тысяч шкур аўчыны, 250 тысяч скурак пушной сыравіны ў год і пашыў вырабаў з іх.

За перыяд рэканструкцыі і мадэрнізацыі ўнітарнага прадпрыемства засвоена 43,5 мільёна рублёў інвестыцый у асноўны капітал, пастаўлена 401 адзінка тэхналагічнага абсталявання, створана каля 300 рабочых месцаў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.