Вы тут

Што адбываецца ў Юравічах?


«Не ўсё так проста. Не ўсё адназначна. Гэта вынік тых стасункаў, якія тут гадамі складаліся», — так сёння часцей за ўсё гавораць у Юравічах, дзе адбылося рэзананснае забойства.


Фота sk.gov.by

Пакуль у далёкім палескім аграгарадку Юравічы Калінкавіцкага раёна ідзе следства наконт гучнай крымінальнай справы, людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці: просяць не называць сапраўдных прозвішчаў, не фатаграфаваць твараў. Бо дагэтуль не ўпэўнены, як усё закончыцца на гэты раз. Затое дакладна ведаюць: шмат разоў тым, хто сёння названы падазраваным, усё сыходзіла з рук. Вось і мой суразмоўнік таксама застанецца ананімным. Але ж спачатку нагадаем сутнасць рэзананснай справы.

У аграгарадку Юравічы Калінкавіцкага раёна ў ноч з 3 на 4 лістапада кампанія мясцовых жыхароў жорстка збіла двух мужчын і прычыніла пашкоджанні цела жонцы аднаго з пацярпелых. Вечарам 4 лістапада 45-гадовы пацярпелы памёр у бальніцы. Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрымалі траіх раней судзімых грамадзян. У момант затрымання ўсе былі ў стане алкагольнага ап'янення.

Цяпер прыватнае меркаванне аднаго з жыхароў аграгарадка Юравічы наконт гэтай трагедыі і прычын, якія да яе прывялі:

— Гэта сітуацыя спела не адзін год. Забойства стала лагічным завяршэннем беспакаранасці, якая тут існавала. Усе жыхары Юравічаў пастаянна баяліся выканання пагроз. Таму большасць меркавала: абы ціха, пацерпім. Такая наша цярплівасць, якая ўсім бокам выйшла. Хоць у аграгарадку ёсць тыя людзі, якія не ішлі на повадзе ў хамства, якое доўгі час дэманстравалі крымінальныя грамадзяне. Яны ж шмат разоў змаглі выкруціцца. Калі нешта здаралася, яны пагражалі: я цябе заб'ю. Людзі так разважалі: «А што мы можам, калі ўчастковы ўсё ведае, але нічога не робіць? Ён жа з імі за руку вітаецца». Відаць, нават ночы такой не было, каб яны нешта недзе не выкралі. Адзін раз іх злавілі, калі ў хату залезлі, другі — калі сабак дваровых пастралялі. За сабак далі ўмоўны тэрмін самаму маладому. Неяк так атрымлівалася, што ўсё дарма праходзіла для гэтых людзей. Між тым, калі была гісторыя з сабакамі, — іх забойцы паднялі лямант, што быццам міліцыя іх затрымала, парушаючы іх законныя правы. І тут праваахоўнікі панаехалі, блогеры ўсялякія — іх абаранялі. Такі гвалт стварылі. Прынамсі, ніхто з праваабаронцаў нават слова не сказаў, што гэтае 17-гадовае «дзіцё» проста так пастраляла дваровых сабак. Цяпер у нас новы старшыня сельсавета, былы дырэктар школы. Ён нічога тут не можа зрабіць. Яго маці жыве цераз агароджу з гэтымі таварышамі. Канешне, не ўсё адназначна наконт матываў гэтага злачынства. Там быў нейкі канфлікт паміж тымі, з кім здарылася бойка. Але той, каго забілі, — ніяк не ўдзельнічаў у гэтых разборках. Ён проста хацеў заступіцца за суседа.

Афіцыйны прадстаўнік следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава паведаміла, што расследаванне крымінальнай справы аб забойстве і замаху на забойства вяскоўцаў працягваецца:

— З першага дня расследавання ў цэнтры пільнай увагі следчых — выяўленне прычын і ўмоў, якія спрыялі здзяйсненню злачынства. Супрацоўнікі Следчага камітэта высвятляюць якасць правядзення суб'ектамі прафілактыкі адпаведнай работы з падазраванымі, дастатковасць прынятых мер па забеспячэнні законнасці і правапарадку ў Юравічах.

Вядома, што падазраваныя на працягу доўгага часу дэманстравалі непавагу да грамадскага парадку, агрэсіўнымі паводзінамі запужвалі мясцовых жыхароў. Напрыклад, 25-гадовы вясковец сем разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж і адзін раз — за незаконную здабычу рыбы. За апошнія восем гадоў ён восем разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за дробны крадзеж, распіццё спіртнога ў грамадскім месцы і парушэнне правілаў дарожнага руху. Дарэчы, тры штрафы так і не выплаціў.

20-гадовы падазраваны раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства і пяць разоў — да адміністрацыйнай — за распіццё спіртнога ў грамадскім месцы, парушэнне ПДР. У яго адзін штраф дагэтуль не выплачаны.

17-гадовы вясковец прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж і незаконныя дзеянні ў адносінах да выбуховага рэчыва. У кастрычніку суд Калінкавіцкага раёна прызнаў непаўналетняга вінаватым у жорсткім абыходжанні з жывёламі і гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Яму далі два гады і адзін месяц абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову і пасля абвяшчэння прысуду малады чалавек быў адпушчаны з залы суда. Між тым раённая пракуратура прынесла пратэст за мяккасць прызначанага пакарання. Дарэчы, з кастрычніка 2017 года па ліпень 2018-га непаўналетні восем разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за захоўванне па месцы жыхарства незарэгістраванай гладкаствольнай зброі, знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, парушэнне ПДР.

Пра такіх звычайна кажуць: кляймо няма дзе ставіць. Менавіта таму злачынства выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Псіхалагічнае становішча ў аграгарадку стала яшчэ больш напружаным пасля здзяйснення невядомай асобай падпалу дома аднаго з падазраваных. Кіраўніцтва Следчага камітэта па Гомельскай вобласці правяло сельскі сход з мясцовымі жыхарамі. Марыя Крываногава расказвае, што ўсе меркаванні вяскоўцаў наконт крымінагеннага становішча ў Юравічах зафіксаваны:

— Нашы супрацоўнікі давялі вяскоўцам інфармацыю пра тое, як ідзе расследаванне крымінальнай справы, зафіксавалі іх меркаванні пра крымінагеннае становішча ў Юравічах, расказалі пра магчымасць ужывання мер бяспекі ў дачыненні да сведак, акцэнтавалі ўвагу на мерах крымінальнай адказнасці за здзяйсненне некаторых відаў злачынстваў, у тым ліку за падпал і неданясенне пра злачынства. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца, яно знаходзіцца на асабістым кантролі начальніка УСК па Гомельскай вобласці. Дарэчы, падчас правядзення следчых дзеянняў і аператыўных мерапрыемстваў былі ўстаноўлены новыя факты па акалічнасцях здзейсненага злачынства. Выяўлены яшчэ адзін эпізод супрацьпраўнай дзейнасці двух затрыманых. Па даных следства, сёлета ў сакавіку двое мясцовых жыхароў, 1998 і 2001 гадоў нараджэння, выкарыстоўваючы тапарышча, збілі свайго аднавяскоўца.

На падставе сабраных па справе доказаў следствам 14 лістапада двум старэйшым грамадзянам прад'яўлена абвінавачанне па артыкулах аб забойстве чалавека і замаху на забойства трох чалавек, здзейсненых групай асоб. 20-гадоваму і непаўналетняму — па артыкуле аб асабліва злосным хуліганстве. Усе трое знаходзяцца пад вартай.

УСК па Гомельскай вобласці звяртаецца да грамадзян, якія валодаюць інфармацыяй пра супрацьпраўную дзейнасць падазраваных, з просьбай паведаміць яе супрацоўнікам Следчага камітэта па тэлефонах: (8 0232) 69-31-23, (8 029) 743-75-45.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.