Вы тут

Уладзімір Цвірка. Чачэрск


У наступным годзе споўніцца 500 гадоў з таго часу, як Чачэрск упершыню быў згаданы ў пісьмовых крыніцах. А вось археолагі сцвярджаюць, што яшчэ ў Х стагоддзі тут існавала вялікае паселішча радзімічаў. У ХІІ стагоддзі гэта былі землі Чарнігаўскага княства, а недзе з сярэдзіны ХІІІ стагоддзя навакольныя абшары і сам горад увайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага як цэнтр воласці. З самага пачатку XVI стагоддзя Чачэрск быў мястэчкам у Мінскім ваяводстве. Гаспадарылі тут і князі Скіргайлы, і жонка вялікага князя Аляксандра, і Сапегі.


Нельга абысці ўвагай і той значны факт, што Чачэрск некалі меў свой уласны драўляны замак, які налічваў восем абарончых вежаў. Пабудаваны ён быў у пачатку XIV стагоддзя. Ёсць зноў жа пісьмовыя звесткі пра тое, што ўсе драўляныя сцены былі атынкаваныя глінай, каб абараніць бярвенні ад агню. На працягу амаль усяго XVI стагоддзя горад не меў спакою ад шматлікіх рабаўнічых набегаў варожых войскаў.

Вайна 1654—1667 гадоў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай таксама нанесла велізарную шкоду гораду і яго драўлянаму замку. Але, як толькі адшугала полымя страшэнных гадоў, за вельмі кароткі час горад з замкам аднавілі. На гандлёвыя плошчы зноў вярнуліся шматлюдныя штогадовыя кірмашы ды нядзельныя таргі.

Паколькі з 1510 года Чачэрск лічыўся цэнтрам староства і меў усе правы гарадскога самакіравання, у сярэдзіне XVIII стагоддзя мясцовыя ўлады вырашылі пабудаваць гарадскую ратушу з цэглы ў стылі класіцызму з адметнымі рысамі псеўдаготыкі. Будынак атрымаўся незвычайны. У сваёй пластыцы і архітэктурным сілуэце ён такі адзіны ён, а таму адразу добра запамінаецца. Нават сваім выглядам ўвасабляе адметныя рысы характару самога места.

Пойдзем па горадзе далей, да другога архітэктурнага помніка, які вонкавым абліччам уразіць не меней, чым будынак ратушы. Гэта Спаса-Праабражэнская царква. Пабудаваны праваслаўны храм-ратонда з цэглы ў класічным стылі адразу пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Да вялізнага драўлянага купала святыні прымыкае ўзнёслы і ўрачысты прытвор, над якім лунае больш сціплая, але вытанчаная і гарманічная ў рысах званіца.

Захаваўся ў горадзе збудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў класічным стылі двухпавярховы палац Чарнышэўскіх. Непадалёк можна ўбачыць адзін з карпусоў вінакурні ў добрым стане, які, магчыма, як і палац, калісьці належаў былой сядзібе.

Калі не спяшацца, то можна ўбачыць у Чачэрску шмат розных жылых ды гаспадарчых пабудоў, якія захаваліся з ХІХ стагоддзя да нашых дзён. На тым месцы, дзе некалі чапляў хмары сваімі вежамі драўляны замак, засталося толькі, можа, ужо і не вельмі высокае гарадзішча, якое сёння носіць гістарычную назву Замкавая Гара.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.