— Гэта быў закінуты калгасны дом, з якім трэба было нешта рабіць. Я прапанаваў прыстасаваць яго пад патрэбы пажылых жыхароў раёна, каб не сумавалі зімой у адзіноце. Раённыя ўлады ідэю ўхвалілі, так з'явіўся праект, які падтрымалі на ўзроўні ПРААН. На добрую справу была накіравана міжнародная дапамога і шмат чаго зроблена за кошт мясцовага СВК «Жалезінскі». Гаспадарка перакрыла дах, адрамантавала памяшканні, замяніла вокны. Дом атрымаў новае жыццё, а пенсіянеры — магчымасць правесці зіму з камфортам, — расказвае па дарозе да сацыяльнай установы старшыня Лапаціцкага сельсавета Сцяпан Байцоў.
Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых, хіба што шыльда ў акне нагадвае пра яго прызначэнне. У хаце пахне гарохавым супам і каўбасой, цёпла і ўтульна — сапраўды, як дома. Пастаяльцы жывуць на ўсім гатовым. Не трэба клапаціцца ні пра дровы, ні пра ежу. Сацыяльны работнік Наталля Журкова і прыгатуе, і прыбярэцца, і памые бялізну. Наталля добра ведае звычкі сваіх падапечных і заўсёды гатова ім дагадзіць. «Вось наварыла супу гарохавага. Аднаму дзеду тваражку і кефіру купіла, другому асобна курыныя крылцы зварыла», — дае яна справаздачу.
Самы малады пастаялец — Яўген Васількоў, яму ўсяго 61 год. Мужчына, як той казаў, у росквіце сіл. Але толькі на выгляд. Цяжка жыць аднаму, асабліва ў вёсцы, дзе жыхароў па пальцах можна пералічыць. Пра дом у Лапацічах даведаўся ад сацработнікаў. Яны ж і дапамаглі яму сюды дабрацца. Жыве на новым месцы з 26 кастрычніка, і яму ўсё падабаецца. У Перагоне, кажа, нават тэлевізара не было. А тут увесь набор бытавой тэхнікі. Пенсія ў яго невялічкая, калі б застаўся дома зімаваць, не звёў бы канцы з канцамі. А тут плата сімвалічная — каля 8 рублёў у месяц за паслугі сацработніка (адзін візіт — 61 капейка). Плюс 100 рублёў на камуналку і прадукты. Сацработнік купляе ўсё, што пенсіянеры пажадаюць, і па іх жа заяўках гатуе.
Уладзімір Нікіценка з Шаламоў тут ужо другі год, нават дадому не ездзіў. У Магілёве жыве сястра Тамара Арлова і двое пляменнікаў Ігар і Жанна, але ў госці да яго яны не прыязджаюць.
— Знаёмых у вёсцы ўжо не засталося, а тут хоць нейкае жыццё, — уздыхае ён. — Аднойчы нават у клубе быў.
Асноўны занятак пастаяльцаў — пагутарыць ды тэлевізар паглядзець. Вельмі падабаецца «Поле цудаў» з яго нязменным вядучым Леанідам Якубовічам. Вясёлы ён чалавек і вынаходлівы. Цікава яго слухаць.
У Віктара Мізгайлы дачка і сын у Санкт-Пецярбургу, шмат гадоў абяцаюць прыехаць, але бацька ўжо і на-
дзею ўбачыць іх страціў. Апошні раз прыязджалі, яшчэ калі іх маці жывая была. А яе вось ужо 15 гадоў як няма.
— Хоць бы прыехалі, хату бацькоўскую адрамантавалі, — крыўдзіцца ён. — Я ж ужо зусім слабы стаў.
Сацработнік кажа, што хата яе падапечнага хоць і старая, але на яе аднойчы ўсё ж такі знайшоўся пакупнік. На жаль, рэалізаваць маёмасць не атрымалася. Дачка не дазволіла. А ў яе ўсе дакументы на дом. Угаворвалі, нагадвалі пра закон і адказнасць даглядаць сваю нерухомасць, а яна ўперлася: не буду бацькоўскую хату прадаваць. Дом развальваецца, а яна з Піцера не едзе. Летам Віктара Іванавіча вазілі ў Слаўгарад паглядзець на родныя сцены. Самастойна ездзіць ён ужо не ў сілах — як-ніяк 88 гадоў.
— Без праважатага не магу, — уздыхае мужчына, — трачу прытомнасць. Ногі баляць, ужо нікуды не хаджу. Нават у краму. А раней часта наведваўся.
Установа яму падабаецца. Ад дзяцей дапамогі няма, а чужыя вось даглядаюць. Хоць, відаць па вачах, што сумуе па доме. «Там усё роўна лепей, — не стрымліваецца стары. — Да аднаго знаёмага зойдзеш, да другога — у мяне шмат знаёмых. А тут прыходзіцца кантактаваць з імі па тэлефоне».
Слаўгарадчанка Ніна Дзем'янкова, якой ужо 90 з «хвосцікам», пакуль што чалавек новы. У яе распараджэнні цэлы пакой. На сустрэчу з карэспандэнтам прыбралася, апранулася ў белую кашулю і чорны сарафан. «Я ж у райвыканкаме працавала, — кажа яна. — Прывыкла падбіраць адзенне з густам».
Андрэеўна з задавальненнем расказвае пра сваё жыццё. А было яно ў яе складанае і суровае. Ваеннае ліхалецце, бежанцы, канцлагер — усякага нагледзелася. Радавалася, калі жыццё пакрыху стала ўваходзіць у каляіну. З мужам пабудавалі вялікі дом у вёсцы Міхайлоў — гэта зусім недалёка ад Слаўгарада. А калі муж памёр, прадала сваю нерухомасць і пераехала ў Слаўгарад бліжэй да сына. Калі ён захварэў, дапамагала нявестцы даглядаць. Пакуль жылі ўтраіх — не скардзілася, але потым унучка з вялікай сям'ёй пасялілася. Старому чалавеку цяжка ладзіць з маладымі, вось яна і вырашыла нешта змяніць у сваім жыцці. Пайшла ў райвыканкам ды папрасіла выдзеліць асобны пакой у інтэрнаце. Там ёй не адмовілі, папрасілі пачакаць, пакуль рамонт у пакоі зробяць. А часова прапанавалі пажыць у доме сезоннага знаходжання ў Лапацічах.
Андрэеўна ўдзячная за клопат: «Наша Наташа анёл-ахоўнік, дапамагае ва ўсім. Калі б было здароўе, села б на аўтобус ды з'ездзіла да сына ў Слаўгарад. Але ногі падводзяць. Ды і ціск пад 180, рытм сэрца збіваецца».
Дарэчы, сын у Слаўгарадзе не адзіны ў Ніны Андрэеўны — ёсць яшчэ дзве дачкі ў Мінску. Яны звалі маці да сябе, ды ёй у іх не спадабалася. Там жа жыве і яе брат, таксама ў гадах — на дзевяць гадоў маладзейшы за яе. Калісьці ў іх сям'і было восем дзяцей, а засталіся толькі яны з братам. Унукаў налічыла каля дзесяці, ёсць і праўнукі. Згадвае, што калі 90-годдзе яе адзначалі, гасцей быў поўны дом. Але вялікая сям'я яшчэ не гарантуе бесклапотную старасць.
— Для чалавека галоўнае — не застацца ў адзіноце, — лічыць Сцяпан Байцоў. — І мы клапаціліся пра тое, каб людзі змаглі пажыць тут у сваё задавальненне. Ім не трэба займацца ацяпленнем, гатаваць ежу. Можна, канешне, было б паехаць у дом састарэлых, але там зусім іншыя ўмовы. Трэба афармляць дакументы, плаціць пэўную суму з пенсіі. А шмат хто жадае проста перазімаваць недзе, а летам вярнуцца дадому і заняцца градамі. І мы ім даём такую магчымасць.
У тэму
Вольга Іванова, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слаўгарадскага райвыканкама:
— Наша галоўная задача — клопат пра сацыяльна неабароненыя катэгорыі насельніцтва. І мы вельмі актыўна займаемся развіццём мясцовых ініцыятыў, у тым ліку за сродкі грантаў. З апошніх — гэта школа бяспечнай жыццядзейнасці для інвалідаў і пажылых грамадзян, якая распачала работу ў маі. Праводзім там семінары, запрашаем на іх ратавальнікаў, работнікаў газавай службы, РАУС, бальніцы і гэтак далей. Крыху раней адкрылі ў Слаўгарадзе цырульню і швейны цэх для адзінокіх і маламаёмных. Калі раней цырульнік працаваў там на паўстаўкі, то зараз такі попыт, што прыйшлося аформіць двух майстроў на поўныя стаўкі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?