Вы тут

Нічога акром праўды


Трыумфам праўдзівага кінематографа можна назваць ХХV Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». І гэта не пра вынікі, гэта пра самі карціны — журы ацэньвала выбар фестывальнай дырэкцыі.


Кадр з фільма «Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары»

Не толькі вымысел

Гэты выбар падаецца невыпадковым не толькі з пункту гледжання канцэпцыі, сфармуляванай у дачыненні да асноўнага конкурсу і з мэтай аглядаць постсавецкую кінапрастору. Гэта выбар, зроблены з думкай пра тое, што ёсць мастацтва кіно сёння ў дачыненні да жыцця на пэўнай тэрыторыі.

Як любое з мастацтваў, ігравое кіно, вядома, канструюе (мадэлюе) гісторыі з выдуманымі героямі. Але калі паглядзець бразільска-партугальскую карціну «Мёртвыя і іншыя», якая стала найлепшай у конкурсе «Маладосць на маршы» і адзначана прызам імя кінарэжысёра В. Турава, то ёсць адчуванне таго, што само жыццё ўваходзіць у кадр і дыктуе ўмовы мастацтву, якому часам не трэба прыдумляць, але варта проста фіксаваць і паказваць тое, што ёсць: рэальны свет унікальнай культуры аднаго з паселішчаў карэнных індзейскіх народаў, за жыццём якіх мы назіраем праз экран, — і гэта фантастычна! Кіно ідзе за чалавекам, якому вельмі лёгка згубіцца ў віры часу, няпроста ўсвядоміць, хто ён, які, адкуль і чаму; распавядае пра народы, якія маюць права заставацца сабой у час глабальных ідэй. Згадваю гэты фільм як адно з самых моцных адкрыццяў для сябе, якое дазволіла разважаць і пра паэтыку, і пра асаблівы візуальны свет, і пра высокі сэнс, які прамаўляецца ціха, але ў выніку ўспрымаецца як адчайны крык: нейкае звышкіно, прыкметы якога хацелася адшукваць ва ўсіх стужках.

Калісьці наш вядомы пісьменнік Алесь Адамовіч казаў, што сучаснаму чалавеку патрэбна звышлітаратура, якая страсяне чалавека і ператворыць яго свядомасць. Ён жа праз уласныя сцэнарыі даў прыклад, як гэта можа быць выкарыстана ў кіно. Бачыў наперад? Невыпадкова ўсё больш прыхільнікаў набывае нон-фікшн у літаратуры. Дакументальнасць прыйшла ў тэатр, у выяўленчым мастацтве з’явіўся кірунак, арыентаваны на актуальнасць. Кіно, якое на пачатку існавання было свайго роду дакументам, які замацоўваў рэальнасць на стужцы, усё глыбей углядаецца ў жыццё і выводзіць яго мастацкае адлюстраванне на новы ўзровень. Таму што мастацтва — сумленнае і шчырае, якое не зводзіць у фантазію і казку, — можа падказаць адказы, бо валодае дзіўнай магчымасцю зазіраць наперад і ацэньваць «сёння» з пазіцыі «заўтра», нават калі дзеля гэтага трэба вяртацца ва «ўчора».

«Чалавек — вось праўда»

Фактычна ўсе 12 фільмаў асноўнага конкурсу пра гэта, з якой бы краіны яны ні былі. Ці то ў разгляд траплялі людзі пэўнай эпохі, якая патрабавала маштабнага паказу (як у кітайскай карціне «Маладосць»), ці то даводзілася вяртацца на некалькі стагоддзяў назад (разам з гераіняй в’етнамскай стужкі «Трэцяя жонка»), каб зразумець, наколькі складаны чалавечы свет, ці то разважаць пра будучыню праз мараль і любоў (балгарскі фільм «Ірына») альбо намацваць арыенціры жыццёвага шляху (разам з героямі кыргызстанска-расійскай карціны «Сулейман гара»), ці змагацца за праўду супраць карысталюбцаў і моцных асоб, якія жывуць за кошт слабасці іншых, як у сацыяльнай драме «Ласкавая абыякавасць свету», што прадстаўляла Казахстан. Так, чалавечую сутнасць разбураюць часам абставіны, якім складана супрацьстаяць, сцвярджае рэжысёр Адзільхан Ержанаў, адзін з самых актыўных абаронцаў чалавека, голас якога гучыць супраць сацыяльнай несправядлівасці. Але і сам чалавек спрыяе самаразбурэнню і знішчэнню, калі дапускае сабе недазволеныя ўчынкі.

Што павінна раптам змяніцца, каб харошы хлопец, напрыклад, жорстка збіў гаспадара, у якога працуе? Ці з палкай напаў на сонных людзей у палатцы? І што з ім адбываецца, калі сядае ў клетку з сабакамі, — даўшы сабе свайго роду прысуд. Фільм «Сэрца свету», што сёлета мае трыумф у Расіі, скарыў і беларускіх гледачоў. Спакой леса, у якім існуе сям’я гаспадара трэніровачнай станцыі для сабак, прыгажосць наваколля (шыкоўныя здымкі!), канкрэтныя людзі, што жывуць справай, — усё адразу ўцягвае унутр гэтага асаблівага свету. І правільны малады чалавек, ветэрынар, які клапатліва даглядае жывёл, ратуе іх ад пакут і гібелі. Пра тое, што з хлопцам нешта адбываецца, задумваемся пасля атрыманай ім весткі пра смерць маці. І вось той, хто шкадуе сабак, раптам упадае ў дзікунскі стан і праяўляе нянавісць да людзей — эколагаў, што надакучваюць гаспадару, на якога Ягор аддана працуе, ды самому ўладальніку станцыі, які пераступае мяжу асабістай прасторы. Фільм, які пры нагодзе варта паглядзець: развагі нібыта на экалагічныя пытанні прыводзяць да думак пра экалогію душы. І часам выгадаваныя лісы больш прастасаваныя да жыцця побач з людзьмі, чым у дзікай прыродзе, а людзі, што выхаваныя ў цывілізацыі, могуць падавацца дзікунамі і перажываюць «ачалавечванне» наноў. Выказванне рэжысёра Наталі Мешчанінавай было ацэнена прызам Прэзідэнта Беларусі «За гуманізм і духоўнасць у кіно». Але прафесійнае журы Асноўнага конкурсу на чале з Юсупам Разыкавым адзначыла працу Сцяпана Дзявоніна як выканаўцы «Найлепшай мужчынскай ролі»: у ёй ёсць разгубленасць, нават адчай, але і надзея.

Зусім іншы характар адлюстраваны ў сумеснай кітайска-французска-японскай карціне «Попел беласнежны». І гэта характар жаночы. Яго выдатна перадала актрыса Чжаа Таа і атрымала прыз «Лістапада» за «Найлепшую жаночую ролю», у якой сумясціліся і юнацкая лёгкасць, і глыбокая асабістая драма чалавека, што перажыў жыццёвую катастрофу. І ўсё на фоне перамен у грамадстве, якія адбываюцца за час зняволення дзяўчынай па імені Цяа: адсядзела яна за свайго каханага, крымінальнага аўтарытэта, якога не здала. Але спадзяецца вярнуцца да яго — а вяртаецца ў іншы свет, іншую сацыяльную рэальнасць. У гэтай рэальнасці ён слабы, нават нямоглы. Але яна адказвае за свой жыццёвы выбар, дзесьці глыбока ў душы разумеючы, што ён можа ўстаць з інваліднага вазка і пакінуць яе чарговы раз. І гэта не пра Кітай, а наогул пра тыя стасункі, што зразумелыя ў любой кропцы свету: што значыць быць моцным, што значыць кахаць. Што значыць пачынаць наноў, нават калі гэта можа адбывацца некалькі разоў. Драматызм адлюстраванай сітуацыі і пранікнёны тон гучання на фоне вонкава нетаропкага, але дынамічнага паводле падзей апавядання, уменне ўбачыць прыклад годных паводзін там, дзе яго шукаць мо наогул было б не варта, — вось чым прыцягнуў стваральнік карціны Цзя Чжан-Кэ, якога адзначылі прызам за «Лепшую рэжысуру». Чалавек усё ж — самая неразгаданая ў свеце з’ява, таму бясконца цікавая мастацтву.

Аднойчы не схлусіўшы

І ўсё, што вакол чалавека: тая прастора, якую ён выбудоўвае для сябе. На тэрыторыі былога сацлагера гэтыя працэсы ідуць актыўна апошнія дзесяцігоддзі. З набыццём незалежнасці ўсё не скончылася, а хутчэй толькі пачалося пераўтварэнне грамадства. Працэс балючы, часам крывавы. А пачынаецца рух далей — з ментальных пераўтварэнняў у соцыуме і ў галовах кожнага канкрэтнага чалавека. Ці не пачынаецца?..

Разважала пра гэта разам з Марыянай, гераіняй фільма «Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары». Румынскі рэжысёр Раду Жудэ не бярэ за аснову нейкі інтрыгоўны сюжэт, нават здаецца, што ў карціне яго і няма. Таму што мы сочым за падзеямі вакол гістарычнай рэканструкцыі, якой займаецца Марыяна. Ёсць нагода: наперадзе свята, дзе на плошчы ўрачыста трэба прадэманстраваць гонар за румынскую нацыю, якая прайшла выпрабаванні на спеласць. Чым глыбей Марыяна вывучае падзеі, што адбыліся ў 1941 годзе ў Адэсе, тым ярчэй разумее: гаворку пра нацыю немагчыма весці без усведамлення ёю ўсіх — не толькі гераічных — момантаў гісторыі. Назвай фільма сталі словы рэальнага палітычнага дзеяча Антанэску, які быў на баку Гітлера. Жанчына вырашае: трэба ўсё паказваць як ёсць, насуперак волі заказчыкаў. Разам з аматарамі-артыстамі яны разыгрываюць на плошчы рэканструкцыю жудаснай трагедыі знішчэння румынамі яўрэяў. Але вынік Марыяну шакуе. Таму што рэакцыя на рэканструкцыю паказвае: грамадства не зрабіла высновы з тых падзей, не асэнсавала свой сорам і ганьбу. І — самае галоўнае — настроі часоў Антанэску не зніклі дагэтуль…

Стваральнікі фільма прама, без алегорый і метафар гавораць непрыемныя рэчы. І ёсць падставы разважаць разам са стваральнікамі пра тое, што гісторыя не даруе няўвагі да сябе, якія б непрыемныя бакі яна ні адкрывала: рух без перашкод магчымы, калі своечасова прыбіраць схаваныя камяні са шляху. Карціна моцнага публіцыстычнага гучання з сэнсам, які сёння актуальны шмат для якіх народаў, атрымала «Золата “Лістапада”»: лепшы фільм фестывалю аказаўся па-магутнаму бескампрамісны. І гэта нават трэнд на сёлетнім фестывалі: мінулыя і сучасныя падзеі паказваць без прыўкрас, не баючыся разварушыць раны, што дагэтуль крывавяць.

Гэта датычыцца і сербскай карціны «Груз» рэжысёра Огнена Главоніча: часы косаўскага крызісу, натаўскіх бамбардзіровак, разруха і зусім непрывабны ландшафт на шляху кіроўцы, што вязе сакрэтны груз у Бялград. Яшчэ адна складаная карціна прымусіла задумацца пра патрэбу не проста перажываць, а асэнсоўваць падзеі ва ўсёй іх паўнаце з маральнага пункту гледжання. Фільм няпросты для сербскага грамадства, дзе дагэтуль эмацыянальны складнік істотны і існуе падзел з нагоды стаўлення да падзей нядяўніх войнаў. У фільме «Груз» журы адзначыла «Лепшы сцэнарый».

І далей экзамен па найноўшай гісторыі. Польская стужка «Аднойчы ў лістападзе» — яшчэ адна спроба звярнуцца да людзей, якія адказныя за выбар і далейшы лёс сваёй краіны. Мы бачым сённяшні дзень з пытаннямі аб правах чалавека і магчымасці асабістага выбару ў дэмакратычных умовах. Гісторыя Марэка і яго маці, што апынуліся баз жылля, разгортваецца на фоне дэманстрацый за моцную Польшчу. І так, можна лічыць гэта ўздымам патрыятызму, але, апынуўшыся ўнутры дэманстрантаў, азіраючы яго вачыма згубленага сабакі, разумееш, наколькі энергія натоўпу можа быць небяспечнай. Можна было б тут спісаць частку напружання на мастацкую падачу. Але рэжысёр Анджэй Якімоўскі выкарыстаў рэальныя дакументальныя кадры нядаўніх дэманстрацый. Зноў рэальнасць узмацняе мастацтва. І гэта было адзначана: прыз за лепшую аператарскую работу імя Ю. Марухіна прысуджаны аператарам Адаму Баерскаму і Томашу Рафе.

І мастацтва, якое вышэйшае за рэальнасць. Фільм Рамана Бандарчука «Вулкан» — адна з самых сюррэалістычных неадназначных карцін «Лістапада» таксама звярнула на сябе ўвагу журы і атрымала прыз за «Лепшае гукавое (музычнае) рашэнне фільма». Найноўшы сюррэалізм, у якім насамрэч згадваецца рэальнасць, але ў гіпертрафіраваным адлюстраванні: місія АБСЕ ва Украіне знікае, а герой, якога падазраюць у здрадзе, вымушаны хавацца, пры тым, што сам пацярпеў. Цудоўны фон — Херсонская вобласць — быў абраны невыпадкова, бо гэтыя мясціны рэжысёр ведае. І любіць. Гэта адчуваецца ў гукавым фоне, у шыкоўных кадрах воднай стыхіі ці сланечнікавых палёў, у паказе людзей і іх думках пра повязь з зямлёй, якую яны, нягледзячы на адсутнасць працы, грошай і відавочную спустошанасць, не хочуць пакідаць. Гэта адлюстравана без пафасу і з гумарам, які можа дазволіць сапраўдны патрыёт, які заўсёды жадае, каб было лепш. Асабліва таму, што родныя мясціны працягваюць сілкаваць людзей і даюць ім магчымасць існаваць у нашым вымярэнні, не саступаючы месца міражам і ценям. Гэта ўжо цяпер. Ужо наш час. Ужо наша адказнасць за сваю зямлю.

Кінамайстры не проста канстатуюць гэта. Яны падзяляюць гэтую адказнасць са сваім грамадствам — каб не прыйшло да спусташэння. Сапраўды, гэта сёлета асноўная тэма Асноўнага конкурсу.

Ларыса ЦІМОШЫК

P. S. Мы працягнем гаворку пра астатнія праграмы сёлетняга «Лістапада» ў наступных нумарах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.