Вы тут

Адкуль бяруцца фанфікі?


Гэтае паняцце ўтварылася ад англійскага fаn fісtіоn (фан-літаратура), што азначае аматарскую варыяцыю па матывах любога арыгінальнага твора: кнігі, фільма, серыяла, мультфільма, комікса, камп'ютарных гульняў. Менавіта па іх і складаецца новая ідэя, дзе аўтар можа без правілаў і абмежаванняў надаць любыя рысы абранаму персанажу, зрабіць яго цёмнавалосым або бялявым, ажаніць з кім заўгодна, вырашыць, будзе канец гісторыі шчаслівы альбо не. Усе фанфікі акумулююцца на сайце «Фікбук», дзе кожны ахвотны можа апублікаваць сваю работу, устанавіць зваротную сувязь са сваімі чытачамі. А карыстальнікі на ім аб'ядноўваюцца ў нефармальныя суполкі, якія цікавяцца якой-небудзь адной тэмай: з серыяла, кнігі, фільма і г. д.

Цікава, а як чалавек пачынае пісаць фанфік і якой мэтай кіруецца, калі са «старога» стварае новае? Аб гэтым і не толькі нам расказала Алена АСТАПОВІЧ. Дзяўчына захапляецца фанфікамі ўжо даўно.


— З чаго пачалося тваё знаёмства з імі?

— Свой першы фанфік я напісала ў 12 гадоў, прычым не ведала, што гэта так называецца. Калі чарговы раз пераглядала «Гары Потэра», абуралася, бо не разумела, чаму ў фільме не ўдзяляецца належнага часу раскрыццю ўзаемаадносін Альбуса Дамблдора і Мінервы Макгонагал. Я была ўпэўненая, што яны былі б добрай парай. Менавіта таму пачала ствараць сваю гісторыю іх кахання. У сшытку накідала літаральна старонку тэксту, зрабіўшы сюжэт такім, якім хацела. Паказала замалёўку сяброўцы, яна сказала, што гэта шэдэўр і трэба яго дапісаць. Атрымаўся тэкст на 15 старонак, які я дала пачытаць настаўніцы па рускай мове. Ужо тады зразумела, што гэта не вельмі добрая работа, але педагог не хацела мяне крыўдзіць, яна сказала, што ўсё нармальна, толькі над дыялогамі варта папрацаваць.

Пасля першай спробы напісання любоўнай гісторыі я пачала пісаць фанфікі па серыяле «Сваты» і публікаваць іх на сваёй старонцы «УКантакце», а потым у розных суполках гэтай сацыяльнай сеткі. У мяне ўтварылася невялікае кола чытачоў, прыкладна чалавек 30, якім падабаўся гэты серыял. Яны пакідалі каментарыі — так я атрымлівала зваротную сувязь, і гэта матывавала працаваць далей.

У 10 класе пачала пісаць драбл (кароткая замалёўка з жыцця персанажаў да дзесяці старонак) па «Ранетках», па любоўнай лініі Людмілы Барзовай і Віктара Шынскага. Гераіню ў фільме іграла Алена Барзова, яна мне падабалася як чалавек і як актрыса, мне хацелася пазнаёміцца з ёй, і я вырашыла напісаць ёй у «Фэйсбуку». Яна адказала мне, што ёй спадабалася мая работа, і мы пачалі перыядычна спісвацца. Алена расказвала пра свае ўражанні, давала парады, дзівілася, што юная дзяўчына так добра можа перадаць вобраз, характар дарослай гераіні фільма.

— Колькі работ у цябе ўжо ёсць на «Фікбуку», пра якіх персанажаў падабаецца пісаць і дзе знаходзіш час для гэтай справы?

— На сёння апублікавана 27, некаторыя з іх скончаныя, некаторыя не, але ў працэсе. У мяне ёсць звычка — паралельна працаваць над некалькімі гісторыямі, і гэта не вельмі добра. Часам забываю, на чым я спынілася, як хацела працягнуць гісторыю, таму саджуся і перачытваю ўсё, зноўку планую развіццё падзей фанфіка.

У асноўным пішу па матывах серыяла «Хадзячыя мерцвякі» альбо па «Гары Потэру». Амаль заўсёды раблю гэта ад першай асобы — жанчыны. Аб'ём маіх фанфікаў вар'іруецца ад дзвюх да сямідзесяці старонак.

Пішу ў любы час, вельмі часта апоўначы пад сумную музыку. Мне не патрэбна цішыня. Каб натхніцца, часта пераглядаю фатаграфіі персанажаў, гляджу розныя відэаролікі, каб пранікнуцца, «злавіць хвалю». Я не заўсёды наперад ведаю, чым павінен скончыцца мой фанфік. Бывае, што задумка адна, а выходзіць зусім іншае.

— Што табе найперш падабаецца на «Фікбуку»?

— Тут усе аўтары і чытачы сочаць за пісьменнасцю. Любому карыстальніку можна выпраўляць памылкі. Гэта называецца «публічная бета», у мяне яна таксама ўключана. Важна, каб работа была без памылак. Да таго ж можна атрымаць узнагароду за пісьменнасць. У мяне яна ёсць. Таксама я з'яўляюся афіцыяльнай бетай з пісьменнасцю ў 95 працэнтаў. Выпраўленне як сваіх, так і чужых недахопаў добра дапамагае мне ў маёй рэдактарскай дзейнасці. Зараз я вучуся на факультэце журналістыкі на спецыяльнасці «Літаратурная работа. Рэдагаванне» і пасля планую працаваць па ёй, мне гэта падабаецца, таму «Фікбук» — добры памочнік для развіцця прафесійных навыкаў.

— Літаратура заснавана на жанрах — раман, апавяданне і г. д. А ці ёсць яны ў фанфіках?

— Так. Самая папулярная катэгорыя фанфікаў — гэта анімэ і манга, а папулярны жанр — слэш (любоўная лінія «м+м»).

— Ці думала выпусціць свае работы ў кніжным фармаце?

— Вельмі часта! Фанаты таксама не раз прасілі зрабіць кніжны зборнік маіх фанфікаў, але, на жаль, пакуль гэта складана ажыццявіць. Любому выдавецтву патрэбна гарантыя, што кніга акупіцца, што яна спадабаецца чытачам, а такую гарантыю даць складана. Хаця ў адной знакамітай кнігі фанфікаў гэта добра атрымалася — я пра «50 адценняў шэрага». Хто ў тэме, той ведае, што першапачаткова гэта была кніга фанфікаў пра «Змярканне».

— Алена, ці ёсць у цябе іншыя захапленні?

— Люблю савецкія фільмы, савецкіх акцёраў. Мая любімая актрыса — Людміла Гурчанка — у свой час настолькі прыцягнула сваёй індывідуальнасцю, што я перагледзела ўсе яе стужкі (а іх больш за 120), серыялы, інтэрв'ю. Мне падабаецца, як яна сябе паводзіла, гаварыла, апраналася. Яна была асаблівай, «несавецкай у савецкім грамадстве». Калі паступала на журфак, пісала пра Людмілу Гурчанку на экзамене.

— Як думаеш, напісанне фанфікаў — гэта назаўсёды?

— Упэўнена. Мяне натхняе літаральна кожны прагледжаны серыял, фільм, і я пачынаю ствараць новую гісторыю персанажаў, якія мне сімпатычныя. Калі пішу, не думаю, якія падабраць словы, проста саджуся і слухаю голас унутры сябе. І таму жадаю кожнаму чалавеку знайсці «тое самае» хобі, якое будзе дастаўляць шмат добрых эмоцый і шчасця.

Дар'я Шлапакова, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Змяніць лёс галоўнага героя

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.