Вы тут

Беларускія парламентарыі наведалі Германію


На мінулым тыдні адбыўся візіт у Германію дэлегацыі рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентам ФРГ.


Фота sovrep.gov.by

Па запрашэнні германска-беларускай парламенцкай групы Бундэстага з 20 па 23 лістапада рабочая група па супрацоўніцтве з парламентам ФРГ, якую ўзначаліў яе кіраўнік, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Ігар Жук, наведала Германію.

У склад беларускай дэлегацыі таксама ўвайшла намеснік кіраўніка рабочай групы, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук. Адзначым, што гэта першы візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі за апошнія гады. У рамках яго беларускія парламентарыі сустрэліся з віцэ-прэзідэнтам Бундэстага ФРГ Петрай Пау. Адбыўся зацікаўлены абмен меркаваннямі па шырокім спектры пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва і магчымых фарматах далейшага міжпарламенцкага ўзаемадзеяння з членамі германска-беларускай парламенцкай групы.

Між іншым, падчас візіту ў цэнтры ўвагі беларускай парламенцкай дэлегацыі знаходзіліся і іншыя тэмы. Напрыклад, пытанні супрацоўніцтва ў сферах сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця абмяркоўваліся на сустрэчах з кіраўніцтвам і членамі камітэтаў Бундэстага па сельскай гаспадарцы і харчаванні, а таксама па навакольным асяроддзі, ахове прыроды і бяспецы ядзерных рэактараў.

Члены беларускай парламенцкай дэлегацыі правялі таксама сустрэчы ў Бундэсраце, ведамстве федэральнага канцлера і Федэральным міністэрстве замежных спраў ФРГ. З парламенцкім дзяржсакратаром Федэральнага міністэрства ўнутраных спраў Штэфанам Маерам дэталёва абмеркавалі пытанні процідзеяння тэрарызму і нелегальнай міграцыі.

Як паведаміў Ігар Жук, і ў Бундэстагу, і ў Бундэсраце, міністэрстве замежных спраў, на іншых сустрэчах цёпла ставіліся да беларускай дэлегацыі і адзначалі істотную ролю ў міжнароднай палітыцы, якую сёння адыгрывае Беларусь. Мінск, які стаў міратворчай пляцоўкай для ўрэгулявання канфлікту на Украіне, дзе прайшла Мюнхенская канфэрэнцыя па бяспецы, безумоўна, прыцягвае ўвагу міжнароднай грамадскасці.

— На ўсіх сустрэчах адначалася, што Беларусь праводзіць дружалюбную палітыку, не вылучаючы кагосьці асобна. Безумоўна, у нас ёсць стратэгічны партнёр — Расія, аднак наша шматвектарная палітыка, накіраваная на развіццё гандлёвых, эканамічных, культурных, гуманітарных адносін з краінамі Еўрасаюза, у тым ліку Германіяй, не застаецца па-за ўвагай, — адзначыў суразмоўнік.

Што датычыцца міжпарламенцкіх адносін, па словах Ігара Жука, парламентарыі Германіі зацікаўленыя ў наладжванні стабільных кантактаў з беларускімі калегамі. Са свайго боку, старшыня рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентам ФРГ запрасіў нямецкіх парламентарыяў бліжэй пазнаёміцца з вопытам работы органаў мясцовага самакіравання ў Беларусі.

У рамках візіту беларуская парламенцкая дэлегацыя таксама наведала федэральную зямлю Цюрынгія, дзе прайшлі перагаворы з кіраўніком па старшынстве Цюрынгскага ландтага Эльке Хольцапфель і азнаямленне з сістэмай абарачэння тары ў Германіі.

Падчас сустрэчы была дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб заключэнні дагавора аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў і лангдатам Цюрынгіі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Зацікаўленасць з абодвух бакоў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.