Вы тут

Цені былых уладальнікаў


Што хаваецца між старонак гэтых выданняў? Пра што гавораць устаўкі, запісы, падклейкі, газетныя ўрыўкі, якія трапілі ў кнігі? Паспрабуем раскрыць некаторыя сакрэты на падставе «рэчавых доказаў», знойдзеных у кірылічных старадруках першай чвэрці XVII ст. з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.


Прыгажосць «фасада» кніг (шрыфт, гравюры, застаўкі, ініцыялы) бачная ўсім. На пачатку ці ў канцы старадрукаў дапытлівы чытач можа даведацца пра выхадныя звесткі: хто, дзе і калі надрукаваў, каму прысвяціў, хто быў замоўцам і фундатарам. Так, у прадмове да Служэбніка (Масква, 1602) паведамляецца, што ён выдадзены па загадзе цара Барыса Гадунова і яго сына царэвіча князя Фёдара Барысавіча. У пасляслоўі да Евангелля (Масква, 1606) адзначана, што кніга выйшла пры дзяржаве Васіля Іванавіча (Шуйскага).

Па-за фасадам хаваецца не менш цікавая прыватная гісторыя асобнікаў, пра якую можна даведацца з рукапісных запісаў былых уладальнікаў, якія засталіся на палях аркушаў. Жонка зрынутага расійскага цара Васіля Шуйскага Марыя, якая вымушана была апошнія гады жыцця правесці ў маскоўскім Новадзявочым манастыры, пажадала свой асобнік Евангелля (Масква, 1617) пакінуць у царкве на «ўспамін душы». Яе жаданне было замацавана запісам. Блізкі па змесце запіс сведчыць пра перадачу ў дар асобніка «Кнігі пра святарства» Іаана Златавуста (Львоў, 1614) для забеспячэння малітваў за супакой душы вядомага пісьменніка XVII ст., скарбніка Троіца-Сергіева манастыра Сымона Азар’іна.

Факт набыцця кнігі Іаана Златавуста «Гутаркі на 14 пасланняў святога апостола Паўла» (Кіеў, 1623) зафіксаваў на сваім асобніку Емельян Украінцаў (1641— 1708), адзін з самых спрытных і паспяховых расійскіх дыпламатаў. Пакінулі свае аўтографы і больш сціплыя асобы: поп Фёдар, казанскі дзяк Васіль Іванаў сын, царкоўны стараста Сямён Светакоў...

Таемны след былых чытачоў можна адшукаць і між зжаўцелых аркушаў старадрукаў. Так, у асобнік Евангелля вучыцельнага (Рахманаў, 1619) у якасці закладкі нейкі чытач (уладальнік) уклаў частку аркуша з напісанай ад рукі малітвай: «Господи ты знал, что от не в муку пойдут, почто же ты нас зародил и на светъ выпустил». Гэтыя словы напісаныя на адваротным баку судовага бланка з надрукаваным тэкстам: «Мировой Съезд помещается», «…неявка одной стороны не лишает другую права представить словесныя объяснения (ст. 171 и 172 Уст. Гр. Суд.)». Унізе прыпісана ад рукі: «Моск уезда 2 стана вв Черкизов».

Гэты адрас, магчыма, меў дачыненне да чытача кнігі. У канцы XIX ст. часткай былой сядзібы князёў Чаркаскіх у сяле Чаркізава Маскоўскага павета валодаў маскоўскі купец Васіль Аляксеевіч Хлудаў (1841 — 1913). Ён быў адным з сыноў вядомага маскоўскага прадпрымальніка, калекцыянера старажытных рукапісаў і старадрукаваных кніг Аляксея Іванавіча Хлудава (1818 — 1882). У адрозненне ад бацькі, Васіль Аляксеевіч атрымаў бліскучую адукацыю, але ў практычнай дзейнасці поспеху не меў. Ён пазычыў вялікую суму грошай, якія яму не вярнулі, ашуканцам удалося ўцягнуць яго ў даволі сумнеўнае прадпрыемства. Пасля шэрагу няўдач Васіль Іванавіч паглыбіўся ў духоўнае жыццё, засяродзіўся на вывучэнні Евангелля, перачытваў кнігі, пакідаючы шматлікія нататкі, і нават захапіўся спірытызмам. Словы малітвы маглі быць напісаны ім (ці невядомай асобай) у час душэўнага ўзрушэння, звязанага з выклікам у суд. Але дакладна мы гэтага не ведаем.

Адзін з былых уладальнікаў асобніка «Гутарак на 14 пасланняў апостала Паўла» Іаана Златавуста (Кіеў, 1623), відавочна, займаўся гаспадарчымі справамі і цікавіўся прадметамі бытавой хіміі. Гэтую выснову мы зрабілі на падставе пакінутай у асобніку паловы рэкламнай улёткі з тэкстам: «Торговля …ьных аптекарскихъ и красильныхъ матеріаловъ … ихъ купцовъ торгующихъ подъ фирмою …тья Усачевы … Москвѣ въ москательномъ ряду въ Нижегородской Ярмарки …льшой москательной лини № 6 и 7 …в Ирбитской Ярмарки …гостинномъ дворѣ № 109/174 110/175 111/176». На адваротным баку зроблены запіс: «1 п 28 ф перцу молот», унізе прыпіска алоўкам: «1 п. 38 ф.». Уладальнік кнігі, відаць, быў заможным чалавекам, наўрад ці простаму абывацелю спатрэбіцца 1 пуд 38 фунтаў молатага перцу. Магчыма, уладальнік кнігі нават меў дачыненне да саміх братоў Усачовых, купцоў першай гільдыі, якія гандлявалі ў апошняй чвэрці XIX ст. маскацельным таварам (прадметы бытавой хіміі) у Маскве.

Сярод былых уладальнікаў кніг вылучыўся невядомы прыхільнік строгай маралі. У зборнік царкоўных правілаў «Намаканон» (Кіеў, 1624) ён дадаў 5 сваіх аркушаў, на якіх уласнаручна пералічыў разнастайныя грахі, якія могуць напаткаць чалавека ў паўсядзённым жыцці: «Аще ли кто муж или жена мигнет блуда ради…», «Аще кто ступит чужой жене на ногу блуда ради с похотию…», «Аще кто кому плюнет на лицо или в рот…». Выкупіць гэтыя грахі можна было захаваннем посту, пэўным лікам малітваў і паклонаў. Верагодна, гэта быў святар, які клапаціўся пра тое, каб прыхаджане жылі набожна і сціпла.

Інфармацыю пра былога ўладальніка кнігі можна «счытаць» нават з падклейкі старонак. Адзін практычны чалавек, які жыў у сярэдзіне XX ст. у горадзе Вольску Саратаўскай вобласці, падклеіў «Трыёдзь кветную» (Масква, 1621) фрагментам газеты «Цемент» (орган Вольскага ГК ВКП(б) і гарадскога Савета дэпутатаў № 68 за суботу 6 красавіка 1946 г.). У выніку на 57-м аркушы старадрукаванай рэлігійнай кнігі з апісаннем богаслужэння ў «вялікі панядзелак» апынуўся перадавы артыкул «За что мы будем бороться в новой сталинской пятилетке». Хутчэй за ўсё, маніпуляцыя з газетай была здзейснена ўжо пасля смерці Сталіна.

На жаль, імёнаў і прозвішчаў апошніх уладальнікаў вызначыць не ўдалося, але паводле «рэчавых доказаў» з іх прыватных кніг мы высветлілі, у які час і дзе яны жылі, даведаліся пра іх сацыяльнае становішча, некаторыя рысы характару і факты з жыцця.

 Алена ЦІТАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.