Вы тут

Як у мястэчку Скірмантава «ката пяклі»


«У Дзяржынскім раёне заўтра будуць «ката пячы», — кажу мужу за вячэрай. Той акругліў вочы, маўляў, што за жартачкі на ноч гледзячы.


— Не жарты, а праўда, — стаю на сваім.

— Якія здзекі з жывой істоты, сапраўднае дзікунства! — аж папярхнуўся ён, устаючы з-за стала.

На самай справе я не змахлявала. «Ката пячы» — абрадавае ігрышча, якое калісьці ладзілі продкі. Яны лічылі, што ў самы раз, так бы мовіць, павесяліцца, пацешыць сябе забавамі перад пачаткам каляднага посту, падчас якога забаранялася есці скаромнае, а на вясковых пасядзелках гучна смяяцца і пець. Адрадзіла абрад вялікая прыхільніца самабытных традыцый, загадчыца аддзела Скірмантаўскага дома культуры Наталля Радзько больш як дваццаць гадоў таму. У гэтым дапамаглі ўспаміны свекрыві. Летась самабытны абрад атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Як расказалі арганізатары, раней за дзень да посту, 27 лістапада, нашы прашчуры збіраліся ў найбольш прасторнай вясковай хаце і рыхтаваліся да абраду: гатавалі розныя стравы, але галоўнай з іх была вырабленая фігурка ката (тулава, галава і лапы — з цеста, вушы — са шматкоў сала, хвост — са свойскай каўбасы, а вочы з чарніц) і падвешвалі яе да бэлькі пад столлю. Затым пачыналася гумарыстычнае дзейства. Усе, хто жадаў, па чарзе імкнуліся адхапіць зубамі нейкую частку здобнага вырабу.

Скірмантаўскі кот атрымаўся надзіва тлусты, прыгожа прыбраны, з павязаным на шыі ярка-фіялетавым бантам. Удзельнікі ігрышча ехалі да яго на качарзе ад печкі. Госці ўсяляк чынілі ім перашкоды. Але ўсе ахвотныя настойліва імкнуліся да канчатковай мэты: падскоквалі як найвышэй, каб адкусіць спакуслівы кавалачак. Прычым, ім нельга было смяяцца, дакранацца да ката рукамі. Той, хто выканаў гэтыя ўмовы і пазбавіў вусатага галоўнага ўпрыгожання — хваста, і стаў пераможцам. Як лічылі нашы продкі, такому шчасліўчыку будзе шанцаваць у жыцці. Бо кот у іх уяўленні быў сімвалам сямейнага дабрабыту, згоды, аберагаў хатні ачаг. Таму і ўсхвалялі яго, у тым ліку і такой гульнёй.

Ігрышча ў Скірмантаве суправаджалася жартамі, гумарыстычнымі заданнямі, песнямі, прыпеўкамі. Гучалі музыка, смех, пары танцавалі польку, кракавяк, ночку. Для нежанатых і незамужніх быў зладжаны жартоўны конкурс «голік».

— Падчас такога свята маладыя людзі могуць сустрэць сваё каханне, казалі калісьці. Сучасныя хлопцы і дзяўчаты кожны дзень перасякаюцца на вуліцы, вітаюцца. Можа і падабаюцца адно аднаму, але падысці саромеюцца. А падчас гульні яны могуць бліжэй пазнаёміцца, усміхнуцца, прыабняцца. І ў далейшым, магчыма, пабрацца шлюбам, — адзначае ўдзельніца народнага хору «Весялуха» Наталля Юшкевіч.

Даўней «ката пяклі» не толькі ў Скірмантаве, але і ў многіх вёсках Дзяржынскага раёна: Грынкевічах, Скарабагатаўшчыне, Якутах ды іншых. Наогул, абрад быў пашыраны ў асноўным у Мінскай вобласці ў розных варыянтах: на Лагойшчыне, Бярэзіншчыне, Вілейшчыне, іншых рэгіёнах. Яшчэ сёння старажылы населеных пунктаў Сморкава (Пераможац), Стайкі, Старынкі Вілейскага раёна помняць аб такіх гульбішчах. Літаральна да 1970 года моладзь Старынак збіралася разам «пекчы і гуляць ката», выбіраючы пры гэтым самую вялікую хату, каб было дзе разгарнуцца. «Гулялі ката» толькі незамужнія дзяўчаты і халастыя хлопцы на першы дзень Каляд.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.