Вы тут

«Не патрэбны грошы і клад, калі ў сям’і — згода і лад!» — дэвіз шматдзетнай сям’і Станкевічаў


Сужэнцы Аляксандр і Інга прыдумалі і рэалізоўваюць праект «Вёска малаДАя», сваім прыкладам паказваючы, што жыццё ў сельскай мясцовасці можа быць камфортным і цікавым.

Калісьці Аляксандру, які паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, бацькі прапанавалі на іх невялікія зберажэнні купіць машыну альбо пачаць будаваць уласны дом. Малады чалавек выбраў другое, цвёрда вырашыўшы застацца на малой радзіме. Хоць разумеў, што туды прыйдзецца ўкласці яшчэ нямала ўласных сродкаў і сіл. З часам у дабудаваны сваімі рукамі дом ён прывёў маладую жонку. А потым сям’я павялічылася і цяпер з цяжкасцю змяшчаецца ў легкавое аўто, якое ў дырэктара Дома культуры пасёлка Энергетыкаў таксама з часам з’явілася.


Колькі пакояў, столькі дзяцей

Над дзвярыма пры ўваходзе ў дом вісіць іконка і надпіс: «Калі з дабром прыйшоў заходзь, а калі са злом, прэч ідзі».

— Гэтую таблічку мне на наваселле падарыў сябар, — кажа гаспадар, які выйшаў, каб нас сустрэць. — І, ведаеце, надпіс сапраўды працуе: да нас у хату трапляюць выключна добразычлівыя людзі. Праходзьце, калі ласка!

Пакуль Інга робіць гарачыя бутэрброды на сняданак, Аляксандр пад звонкі акампанемент шасцігадовай Алісы і двухгадовага Арсенія праводзіць экскурсію па доме.

— Наваселле я справіў дванаццаць гадоў таму. Год пажыў у адзіноце, а пасля пазнаёміўся з Інгай і... хуценька перацягнуў яе з горада ў вёску (смяецца). Неўзабаве пасля знаёмства вырашылі, што будзем заводзіць дзяцей. Я адмыслова будаваў вялікі дом, бо заўсёды марыў пра дружную сям’ю. На наваселлі сябры пажадалі столькі дзетак, колькі ў хаце вольных пакояў. У выніку так і атрымалася: у кожнага з трох нашых дзяцей з нараджэння ёсць асобны пакой.

У пакоі старэйшага, 10-гадовага Ромы, нядаўна зрабілі сучасны рамонт. Аднавілі ўсю мэблю, замовілі фоташпалеры з выявай матацыкла на ўсю сцяну. У планах — паступова зрабіць рамонт і ў пакоях астатніх дзяцей.

— Аляксандр, няўжо, калі бацькі паставілі перад выбарам: альбо набываем табе машыну, альбо пачынаем будаваць хату — не было спакусы выбраць першае?

— Іншы, напэўна, так і зрабіў бы. 18 гадоў, узрост, калі хочацца папантавацца перад дзяўчатамі. Я, вядома, разумеў, што калі выберу хату, машыны мне не відаць яшчэ доўга, бо ўсе грошы прыйдзецца ўкладваць у будаўніцтва. Але аб сваім выбары ніколькі не шкадую.

Будаўніцтва расцягнулася на чатыры гады. Практычна ўсё рабілі сваімі сіламі: і сцены, і дах, і ўнутраныя работы. Штовечар Аляксандр, хоць і была магчымасць застацца начаваць у цёткі, вяртаўся з вучобы з Мінска ў Логавішча. І да ночы шчыраваў на будоўлі. Праз год пасля наваселля побач з хатай з’явілася лазня.

— На 23 лютага першы раз прапаліў, — згадвае Аляксандр. — Памятаю, у адзіноце сядзеў і парыўся. Я вельмі люблю папарыцца, матуля нават жартавала: «Табе спачатку трэба лазню будаваць, а потым хату». І цяпер ходзім у лазню усёй сям’ёй штотыдзень. Гэта ўжо стала сямейнай традыцыяй. Акрамя таго, мы вельмі любім вандраваць. У мінулым годзе ездзілі з сябрамі і дзецьмі з палаткамі і лодкай на Вілейскае вадасховішча. Сёлета адпачывалі пад Баранавічамі. Найбольш запомнілася чатырохдзённая паездка, падчас якой наведалі Мірскі, Нясвіжскі і Лідскі замкі, Брэсцкую крэпасць, шклозавод «Нёман»…

Цяпер Аляксандр марыць пра мінівэн, бо тая машына, якую купілі праз два тыдні пасля нараджэння старэйшага сына, для такой вялікай сям’і ўжо цеснаватая.

У ЗАГС з завязанымі вачыма…

За сняданкам Інга з Аляксандрам расказалі гісторыю свайго знаёмства. Пра тое, як хлопец, які працаваў культарганізатарам у вясковым Доме культуры, прыехаў у Дзяржынскі райвыканкам забраць светлавы лазер для клуба. І з першага погляду закахаўся ў бухгалтара аддзела культуры. Дзяўчына адказала ўзаемнасцю.

— Да той сустрэчы я неаднаразова чула пра яго. Сашава мама працуе дырэктарам Дома культуры ў Логавішчы, дык калі заходзіла да нас у аддзел казала: «У мяне такі сын добры, сам вокны ў хаце мые». «Во, — падумала тады сама сабе, — які малайчына!»

— Сасваталі, сказалі: «Тут дзеўка добрая, а ў яго хата ёсць», — падміргвае Аляксандр.

На сценах у доме шмат сямейных фотаздымкаў, у тым ліку і з вяселля. Яно, аказваецца, было незвычайным. Прапанову ажаніцца Аляксандр зрабіў вельмі творча. У той дзень Інга збіралася адзначаць у кафэ сваё 30-годдзе. Але малады чалавек употайкі купіў пярсцёнкі, загадзя дамовіўся з работнікам загса пра дату роспісу, а імянінніцу прывёз туды з завязанымі вачыма.

— Па-іншаму сюрпрыз не атрымаўся б. Пра яго ведалі, акрамя мяне, толькі два чалавекі — мае мама і сястра, — кажа Аляксандр.

— Менавіта з імі я і паехала выбіраць сукенку на юбілей. Калі шчыра, планавала купіць сабе маленькую чорную. Але яны ўгаварылі спыніць свой выбар на доўгай, крэмавага колеру. Перад кафэ Саша сказаў, што ў яго для мяне сюрпрыз, і павёз у Станькава на фотасесію.

— Па парку ходзяць людзі і кажуць нам: «Віншуем маладых!». Інга мне: «Станкевіч, ты ўяўляеш, яны думаюць, што ў нас з табой вяселле!». Я толькі ўсміхнуўся ў адказ. А потым завязаў ёй вочы і павёз у загс. Маўляў, цябе чакае яшчэ адзін сюрпрыз. Памятаю, як развязваю Інзе вочы, і ў гэты момант гучыць марш Мендэльсона... Яна плача, я плачу, рэгістратар плача…

Адным словам, сюрпрыз атрымаўся на славу. Прычым не толькі для Інгі, але і для ўсіх гасцей.

Першыя крокі зрабіў на сцэне

— На сценах, акрамя вясельных, ёсць таксама фотаздымкі з удзелу ў конкурсе «Сям’я года». Як атрымалася, што вы пачалі выступаць сям’ёй на сцэне?

— Першы раз нам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе «Уладар сяла», калі Алісе было два месяцы. Саша напісаў сцэнарый, я нагатавала шмат страў. У якасці групы падтрымкі з намі паехалі свёкар ды кум, яны мужчыны статныя, кожны вагой больш за сто кілаграм. Адзін з іх надзеў маску каня, другі — маску парсюка.

— Так супала, што ў кума майка была ў чорна-белую палоску. Журы падыходзіць, а я экспромтам вырашыў пажартаваць. Маўляў, падзівіцеся, якога ладнага кабанчыка гадуем, з праслоечкай, скрыжаваны в’етнамскі і наш беларускі від... У той дзень мы яшчэ пілавалі і секлі дровы, запрагалі каня, выступалі на сцэне. У выніку атрымалі прыз сімпатый гледачоў, і нам за гэта далі трох трусоў. ...Пару год таму нам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе «Сям’я года». І мы адразу ж пагадзіліся. Інга прынялася шыць касцюмы (яны і цяпер у ліку іншых сцэнічных вобразаў вісяць у шафе. — Аўт.). А я зноў узяўся за сцэнарый. Ён у мяне атрымаўся, як заўсёды, з гумарам.

Гумар, перакананы Аляксандр, дапамагае не толькі на сцэне, але і ў сямейным жыцці. Калі якое непаразуменне ці спрэчка, не трэба назапашваць негатыў у сабе, хадзіць і злавацца. Дастаткова проста пажартаваць, пасмяяцца разам — і напружанне знікае.

— У нас Арсеній яшчэ хадзіць не ўмеў, яму было 10 месяцаў. І я прыдумаў, што падчас прэзентацыі сям’і ён пасядзіць у дзіцячым крэсле, а мы вакол яго штосьці паробім. Па маім сцэнарыі, ён павінен быў у фінале выступлення прайсці ад таты да мамы. І што вы думаеце, мае прагнозы пацвердзіліся — першыя крокі ён зрабіў менавіта на сцэне. Гледачы вельмі цёпла нас прынялі, таму мы атрымалі неймавернае задавальненне ад выступлення. У выніку перамаглі і паехалі прадстаўляць Мінскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе «Сям’я года».

— Вы прадстаўлялі на конкурсе сацыяльна значны праект «Вёска малаДАя». Што азначае асабіста для вас жыццё ў вёсцы?

— Жыццё ў вёсцы — гэта свежае паветра, лес пад бокам, свой участак побач з домам, магчымасць вырошчваць натуральную гародніну і трымаць гаспадарку... Праўда, з гаспадаркі ў нас цяпер засталіся толькі курачкі, якія штодзень радуюць нас свежымі яйкамі. А раней гадавалі і трусоў, і в’етнамскіх свіней.

— Калі жыў з бацькамі, у нас былі і качкі, і індыкі, і куры, і карова, і свінні, і нават конь. Як толькі Інга пагадзілася са мной сустракацца, я яе адправіў даіць карову. Падумаў, калі не спужаецца, не ўцячэ, значыць мой чалавек.

— А калі я першы раз прыехала да яго ў госці, мы пайшлі разам складваць дровы. Рамантыка, праўда? — смяецца Інга.

— Зноў жа, правяраў напэўна…

— А як жа ж, нашто гультайку браць? — таксама ўсміхаецца Саша. — Дзяцей змалку стараемся прывучаць да працы. У Ромы гэтым летам з’явілася асобная градка, якую ён даглядае. Памятаю, у маім дзяцінстве, калі мы з сястрой прасіліся на возера купацца, бацькі казалі: «Калі градкі прапалолі, можаце ісці». У нас выхаваўчы працэс пабудаваны такім жа чынам — праз заахвочванне. Акрамя таго, мы беражліва захоўваем традыцыі святкавання беларускіх народных абрадаў. І стараемся перадаць іх дзецям. Абавязкова святкуем асноўныя каляндарныя святы — Купалле, Каляды. Ходзім па вёсцы ад хаты да хаты на Шчодрык. Ромка і Аліса якраз нядаўна пыталіся, ці пойдзем сёлета калядаваць.

— Мы нізашто не прамянялі б свой дом на гарадскую кватэру. Таму стварылі ў Інстаграме суполку «Вёска малаДАя» і папулярызуем жыццё ў вёсцы.

— Тут, у нас, нічым не горш, чым у горадзе. Камунікацыі ўсе ёсць: газ, святло, вада. У 2019 годзе правялі інтэрнэт. Старшыня сельсавета сказаў, што і асфальт у вёсцы хутка з’явіцца. Дзяцей у школу возіць школьны аўтобус. Раней у Стоўбцы ў басейн ездзілі, ужо пабудавалі сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс бліжэй, ва Уздзе. Вельмі зручна, што ў будынку Дома культуры ў пасёлку Энергетыкаў, дзе я працую, ёсць гурткі, куды дзеці ходзяць пасля школы. Рома займаецца каратэ, Аліса — танцамі. У мяне заканчваецца праца, я іх забіраю, і едзем разам на машыне дадому. І ў нашым Логавішчанскім клубе дзеці наведваюць гурткі.

— Летам ім у вёсцы наогул раздолле. Цэлымі днямі гуляюць на вуліцы. Захочуць — агародамі пайшлі да бабулі. А ў горадзе дзяцей адных з кватэры не выпусціш нават у двор.

— Мая матуля жыве вунь там, бачыце, віднеецца жоўценькая хатка. Калі бацькі побач, гэта вельмі зручна ўсім. Мы ім па гаспадарцы дапаможам, а яны, калі трэба, за дзецьмі прыглядзяць. Дарэчы, давайце пакажам вам свой участак, — прапанаваў Аляксандр. — Якраз збіраўся лазню прапаліць.

Дзеці цёпла апрануліся і з радасцю выбеглі на двор, дасталі цюбінгі, снежкалепы.

— Сёння снегу нягуста, — кажа Інга. — А вось калі шмат нападае, Саша на сваім трактары зграбае яго адмысловай насадкай у цэнтр участка, які стаіць на схіле, і робіць сапраўдную горку.

— Ды такую класную, што не трэба ні ў Раўбічы, не ў Сілічы ехаць, — смяецца Аляксандр.

Звярнула ўвагу, што сцены лазні ды альтанкі, дзе ў сезон сям’я часта збіраецца за сталом, прыгожа размаляваныя. Гэта, як высветлілася, справа рук Інгі. Маючы траіх дзяцей, яна ўмудраецца знаходзіць час на ўласныя захапленні. Майструе з ізалону кветкі-начнікі, у тым ліку і вялікія, у рост чалавека, і дорыць іх сваякам і сябрам. Акрамя таго, майструе заколкі для Алісы, пячэ смачныя торцікі — нядаўна рабіла шматпавярховы сваякам на вяселле.

— Падчас бацькоўскага тыдня вы ў ліку іншых сем’яў ездзілі на «Размову аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава» у Полацк, дзе сустракаліся з Наталляй Качанавай. Ва ўсіх удзельнікаў дыялогу была магчымасць агучыць тое, што хвалюе. Ці былі нейкія прапановы ў вашай сям’і?

— Наша прапанова звязаная з мацярынскім капіталам на будаўніцтва жылля. Сёння атрымаць яго могуць толькі шматдзетныя сем’і, якія стаяць на чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Але ж ёсць і такія, як наша, якія яшчэ да нараджэння дзяцей пабудавалі сабе дом. Разам з тым мы думаем пра будучыню дзяцей. І гатовы назбіраць грошай, дадаваць да мацярынскага капіталу і пабудаваць кватэру, замацаваўшы яе за сынам. Каб, калі яму споўніцца 18 гадоў, у яго ўжо было сваё жыллё.

— Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прасіла ўсіх паказваць на сваім прыкладзе, што вялікая сям’я — гэта цудоўна, каб маладыя пары не баяліся нараджаць двух і больш дзяцей, — дадае Інга. — Што датычыцца нас, то гэта схема ўжо працуе. Пасля ўдзелу ў конкурсах нашу сям’ю часта запрашаюць выступіць на розных мерапрыемствах у школе, у бібліятэцы. Мы з радасцю ходзім, праводзім майстар-класы, ніколі не адмаўляемся!

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Дзяржынскі раён

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.