Вы тут

Рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза адзначыла сваё 15-годдзе


Трэба ж, у Белавежскай пушчы ў мінулую суботу ішоў дождж! Але гэта не стала перашкодай для свята. Тут хораша адзначылі 15-ы дзень нараджэння рэзідэнцыі Дзеда Мароза.


Святочная праграма пачалася з прыбыцця казачнага цягніка. Ім прыехалі дзедавы дочкі — Сцюжа, Завея і Мяцеліца. Яны, як вядома, лета праводзяць на курорце, у халодных краінах, а зімой вяртаюцца ў пушчу. Але нашы гераіні дажджу не спужаліся ды актыўна ўключыліся ў святочныя флэш-мобы, у віктарыны, карагоды, іншыя забаўлянкі.

Сам жа казачны Дзед, як заўсёды, вітаў гасцей. Асабліва ён быў рады школьнікам і дашкольнікам. У малых наведвальнікаў распытваў пра іх поспехі ў вучобе, спорце, занятках у гуртках. А потым запрасіў усіх на адкрыццё першага ў свеце помніка Новаму году.

Кампазіцыя гэтага аб'екта складаецца з цыферблата (на якім застыў час без дзвюх хвілін дванаццаць), посаха зімовага чараўніка, яго валёнак і рукавіц, ну і, вядома, мяшка з падарункамі. У гэтыя валёнкі, дарэчы, можна ўступіць, рукавіцу прымераць, патрымацца за дзедаў кій і загадаць жаданне.
І тады яно абавязкова збудзецца. Нездарма ж памятны знак размясціўся каля галоўнай ёлкі рэзідэнцыі.

А дзедава ўнучка Снягурка хоць і хадзіла пад парасонам, ды была вясёлая і ўсмешлівая, запрашала ўсіх удзельнічаць у гуляннях, якія працягваліся цэлы дзень. Вечарам запаліліся агні навагодняй ёлкі, што стала пачаткам святочнай феерыі ў рэзідэнцыі.

У гэты дзень сядзібу наведала шмат турыстаў. Былі госці з усіх рэгіёнаў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. У найбліжэйшы час у рэзідэнцыі чакаюць яшчэ больш наведвальнікаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Снягурка пад парасонам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.