Вы тут

Артыст з «Вяселля ў Малінаўцы» вучыць жанчын ва ўзросце 60+ танцам


«Калі б нас 20—30 гадоў таму спыталі: «Ці вы гатовыя вось у такім узросце, як цяперашні, пачаць танцаваць на сцэне?» — мы б толькі за галаву схапіліся! — смяюцца ўдзельніцы танцавальнай групы «Няўрымслівая Клаўдзія». — А цяпер, ужо глыбока на пенсіі, мы адкрылі для сябе новы свет. І адчуваем сябе маладымі! Палепшылася пастава, самаадчуванне... А колькі пазітыву дадалося! Будзем спадзявацца, што ўсякія «альцгеймеры» і «паркінсоны» цяпер не для нас!»


 «Нам сказалі, што гурток будзе весці сапраўдны артыст»

— У гэтым цэнтры шмат усялякіх гурткоў (маецца на ўвазе ТЦСАН Кастрычніцкага раёна сталіцы. — Аўт.), і раптам мы даведваемся, што арганізоўваецца яшчэ адзін — танцавальны, — кажа ўсмешлівая, маладжавая Ніна Папанава (70 гадоў). — Нам сказалі, што яго будзе весці сапраўдны артыст. Усім стала цікава, многія тут жа запісаліся... Але потым большасць адсеялася. Бо тут трэба вельмі хацець танцаваць, пастаянна выкладвацца. Таму адбыўся натуральны адбор. Я заўсёды любіла танцаваць і вельмі хацела навучыцца рабіць гэта па-сапраўднаму прыгожа, але не займалася раней на пастаяннай аснове і правільна рухацца не ўмела. Так што ўпершыню пачала тры гады таму, у 67...

Яркая, энергічная Любоў Квартальная (58 гадоў) прыйшла ў калектыў год таму. Вельмі старалася ўліцца, дома перад люстэркам адпрацоўвала рухі: «біла» частушкі, павароты паўтарала, усё як належыць. «Наш кіраўнік нам кажа: едзеце ў транспарце — словы вучыце, музыку ўспамінайце, — расказвае яна. — У нас усё па-сур'ёзнаму, не думайце! За гэты год ужо з'явіўся прафесіяналізм: нават выступаючы на незнаёмай сцэне, можам сабрацца, і танцуем так, што зала тут жа заводзіцца: пляскае, падпявае».

«Таму што Вячаслаў Клаўдзіевіч вельмі шмат у нас уклаў, — падхоплівае пазітыўная, упэўненая ў сабе Валянціна Андрыянава (68 гадоў). — Вучыў, каб мы былі артысткамі: прыгожа рухаліся, усміхаліся, рабілі правільна паклон, былі ў кантакце з гледачом — вось такія ўсякія нюансы акрамя саміх танцаў».

Дарэчы, Клаўдзій тут няма, але ўдзельніцам групы вельмі спадабалася імя па бацьку іх кіраўніка — Вячаслава Ушакова. Адсюль і нетрывіяльная і такая пазітыўная назва групы — «Няўрымслівая Клаўдзія».

«Не мог без сцэны — чуў у сне апладысменты»

Іх кіраўніку Вячаславу Клаўдзіевічу зараз 71. Біяграфія ў яго цікавая, сцэнічны вопыт велізарны. У свой час ён скончыў харэаграфічнае вучылішча ў Кішынёве, пачынаў кар'еру ў дзяржаўным ансамблі народнага танца Малдаўскай ССР «Жок» (назва ансамбля азначае «танец»). Давялося здымацца і ў кіно, у тым ліку ў вядомым і любімым мільёнамі тэлегледачоў «Вяселлі ў Малінаўцы».

— Мы былі ў працяглым канцэртным турнэ і павінны былі пайсці пасля яго ў адпачынак, — успамінае Вячаслаў Ушакоў. — І тут усяму ансамблю паступае прапанова ад Ленінградскай кінастудыі паўдзельнічаць у здымках новага фільма. Мы, вядома, пагадзіліся. Здымкі праходзілі ў Палтаўскай вобласці, у маленькай вёсачцы Пяскі, недалёка ад гарадка Лубны. Вельмі маляўнічыя мясціны! І ўдзельнічалі ў здымках ледзь не ўсе зоркі тагачаснага кінематографа — цэлая плеяда цудоўных акцёраў! Жылі мы як адна вялікая сям'я — тут жа пасябравалі адзін з адным, разам працавалі і адпачывалі ўсе, акрамя хіба што Мікалая Слічэнкі, які іграў Пятра Бесарабца, памочніка Назара Думы. Ён нядаўна ажаніўся і, як толькі выпадаў вольны дзень, ляцеў у Маскву, да маладой жонкі, а ў нашых вячорках і выхадках амаль не ўдзельнічаў. Лета было гарачае, украінскае сяло — вельмі каларытнае, а прысутныя на здымачнай пляцоўцы людзі — яркія, таленавітыя і вясёлыя, бо практычна ўсе — камедыйныя акцёры. Так што атмасфера была незабыўная. Днём здымкі, а як сцямнее — начныя купанні...

Расказваць пра тыя два месяцы здымак мой суразмоўнік можа гадзінамі. І, дарэчы, Вячаслаў Ушакоў удзельнічаў у гэтым фільме не толькі як танцор. Маладая кабылка Ластаўка, якая да гэтага ні разу не была пад сядлом, заслужанага артыста, якому яе далі, тут жа скінула. Той, пакрыўдзіўшыся, адмовіўся здымацца і з'ехаў дадому.
«А я сказаў: давайце я на яе сяду! — успамінае наш герой. — Сеў — і яна стала мяне слухацца! Так я пачаў здымацца яшчэ і ў якасці конніка!»

Потым Вячаслаў Ушакоў адслужыў у арміі ў Адэсе, скончыў у Маскве Інстытут культуры, з'ехаў па размеркаванні ў Калінінград... І ўжо адтуль у 1979 годзе з жонкай і маленькім сынам па запрашэнні кафедры харэаграфіі нашага Інстытута культуры прыехаў у Мінск. Тут і застаўся выкладаць сцэнічны танец у харэаграфічным вучылішчы і Інстытуце культуры.

«У далейшым жонка дазволіла мне вярнуцца на сцэну, таму што мяне вельмі цягнула туды, нават па начах чуў у сне апладысменты», — успамінае ён. Працаваў у адным са сталічных джазавых калектываў, затым у Белдзяржфілармоніі салістам эстрады. Выконваў танцы народаў свету, амаль 20 гадоў выступаў у стэп-дуэце «Джэслаў» з адной са сваіх вучаніц.

Выйшаў на пенсію Вячаслаў Ушакоў у 2004 годзе, але работу не кінуў. Працаваў у ансамблях народнага танца, такіх як «Крыжачок» і іншыя, харэографам і рэжысёрам, але ў 68 гадоў па стане здароўя ўсё ж прыйшлося сысці. Праўда, сядзець дома склаўшы рукі і, па словах Вячаслава Клаўдзіевіча, «з дыягназам у галаве», яму здавалася немагчымым. І ён вырашыў чымсьці заняцца.

— Аднойчы, праходзячы міма будынка на Брылеўскай, 3, убачыў, што памянялася шыльда, і вырашыў пацікавіцца, што ж гэта такое — тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мяне, даведаўшыся, што я артыст балета і харэограф, тут жа падхапілі! — смяецца Вячаслаў Ушакоў. — А я да гэтага і імкнуўся. І быў рады, калі мне прапанавалі быць валанцёрам. Жонка, вядома, не вельмі задаволеная, што я працую бясплатна. Яна любіць шопінг, ёй увесь час хочацца абновак, а я рады, што непадуладны падобнай спакусе. Таму плюнуў на ўсё: пенсія якая-ніякая ёсць, і добра. Мне прапаноўвалі варыянт, калі ўсе ўдзельнікі ансамбля здаюць пэўную суму за заняткі (у некаторых гуртках так складваюцца). Але я гэтага не захацеў. Сказаў: мой калектыў будзе бясплатны, я са сваіх удзельніц ні рубля не вазьму.

«Публіка мяне дагэтуль любіць»

У Вячаслава Ушакова, дарэчы, уся сям'я артыстычная. Жонка таксама былая танцорка, сын зараз выступае ў Вялікім тэатры оперы і балета. І сам Вячаслаў Клаўдзіевіч не ў стане развітацца са сцэнай.

— На сёння я падрыхтаваў шэраг танцавальных нумароў, якія выконваю, седзячы на крэсле, паколькі па стане здароўя не магу танцаваць стоячы, — кажа ён. — Такіх як, напрыклад, «Сум цыгана»: стары цыган ужо не можа танцаваць, але душа ўсё роўна просіць гэтага, і ён адбівае чачотку, седзячы на лаве. Гэты нумар нядаўна заняў першае месца на адным з конкурсаў. А яшчэ я вырашыў пачаць спяваць. Узяў некалькі ўрокаў у педагога па вакале і ўжо сабраў рэпертуар. Усе песні вясёлыя, завадныя, яны ўздымаюць настрой, тонус, і ў іх можна ўставіць танцавальныя кавалачкі. Літаральна тры дні таму выканаў тры свае песні на канцэрце — гледачы прынялі іх выдатна. Вельмі хачу яшчэ праспяваць «Майскі вальс» Ігара Лучанка.

— Скажыце, чым вас так прываблівае сцэна? — не вытрымліваю я.

— Калісьці я сказаў так: буду працаваць столькі, колькі публіка будзе мяне прымаць. Калі я пакіну сцэну не пад апладысменты, без выкрыкаў «брава!», на наступны ж дзень падам заяву на звальненне. Мне вельмі патрэбна гэтая ўвага публікі.

— А як жа многія людзі абыходзяцца без любові публікі і, здаецца, нядрэнна жывуць?

— Яны яе проста не ведаюць, — усміхаецца Вячаслаў Клаўдзіевіч. — А калі чалавек адчуе сцэну і цяпло залы... Гэта настолькі «завязвае», ледзь ці не родніць з гледачамі, і пасля канцэрту ты гатовы з імі абдымацца, адчуваеш гэтыя флюіды, паток любові, які льецца ад цябе да людзей — і ад іх назад да цябе... Таму я не магу сысці проста так. Скажу шчыра: мару памерці на сцэне.

...Зрэшты, гэта ён гатовы адкласці гадоў так на дваццаць. Наперадзе яшчэ шмат планаў, ды і «Няўрымслівая Клаўдзія» мае ў ім вялікую патрэбу. «Калі мы толькі пачыналі, усе былі закамплексаваныя, а цяпер дзякуючы Вячаславу Клаўдзіевічу мы так разняволіліся, знайшлі ў сабе рэзервы, расквітнелі! Як быццам бы ўсё жыццё танцавалі! — наперабой кажуць удзельніцы калектыву. — І потым, мы адзін аднаму патрэбныя: тэлефануем адна адной, памятаем дні нараджэння кожнай з нас. Разам у тэатры ходзім, у кіно, на экскурсіі па Беларусі ездзім... Самае галоўнае — даём адна адной цяпло. Карацей, у нас цяпер трэцяя маладосць, і яна ў нас прыгожая! Мы ўсе справы кідаем, каб паспець на рэпетыцыю!»

Дарэчы, тут спрабавалі прыцягнуць танцаваць і мужчын, і некаторыя нават прыходзілі паглядзець, але ні адзін не затрымаўся. «Проста яны адразу разумеюць, што не змогуць канкурыраваць з нашым Вячаславам Клаўдзіевічам!» — жартуюць жанчыны...

Святлана БУСЬКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «У нас цяпер трэцяя маладосць, і яна вельмі прыгожая!»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.