Вы тут

Перажыць катарсіс


«Заснавана на рэальных падзеях» — часта значыцца ў цітрах да мастацкіх фільмаў. Але наколькі рэальных?.. Якое дапушчальнае спалучэнне фантазіі сцэнарыста і рэальнасці ў такіх фільмах? Дзякуючы гэтым пытанням 18 гадоў таму з п’есай «Споведзь Пілата» ў прафесію драматурга ўвайшоў Андрэй Курэйчык. Потым — і ў кінематограф. У рамках фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm ён правёў майстар-клас «Рэальнасць і праўда ў кіно», дзе падзяліўся сакрэтамі стварэння кіно. Тэма аўтарскай міні-лекцыі сугучная тэме сёлетняга фестывалю: «Заснавана на рэальных падзеях». Конкурс не вымагае досведу рэжысёрскай працы ці глыбокіх мастацтвазнаўчых ведаў: узяць у ім удзел можа кожны, хто мае жаданне падзяліцца са светам уласным адкрыццём, унікальным досведам. Патэнцыяльныя ўдзельнікі, сярод якіх і пачаткоўцы, і неспрактыкаваныя ў свеце кіно аматары, даведаліся правілы стварэння рэалістычнага сцэнарыя, пэўныя тэхналогіі і лайфхакі, якімі карыстаецца сам А. Курэйчык.

На шляху да ісціны...

— ...Кіно — мастацтва маладое. Яно з’явілася толькі ў канцы ХІХ стагоддзя і адразу ж напужала гледачоў сваім рэалізмам. І пакуль што яно застаецца рэалістычным, а рэалізм ставіць мэтай праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці ў яе тыповых рысах. Праўда — тое, што адпавядае рэчаіснасці, што было сапраўды; факт — тое, што адбылося. Яшчэ Андрэй Таркоўскі казаў: «Мэта мастацтва — праўда і ісціна. Астатняе — фальш, кан’юнктура, гульня... Чалавек створаны для таго, каб жыць на шляху да ісціны...» Але мы мала звяртаем увагі на жыццё, мы да яго няўважлівыя, займаючыся творчасцю ў кабінетах, — а менавіта жыццё ёсць прычынай мастацтва. Адпаведна, задача мастака — выявіць канкрэтнасць і непаўторнасць рэальнага факта. Як працаваць з гэтай рэальнасцю? У залежнасці ад таго мастацкія фільмы можна размеркаваць на 4 групы: дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы, маюць месца рэальныя факты; героі — рэальныя, але факты — выдуманыя; героі — выдуманыя, а факты — рэальныя; выдуманыя героі, выдуманыя факты, але дакладная атмасфера і абставіны.

Рэальнасць сама па сабе настолькі складаная і шматмерная, што можа быць інтэрпрэтавана зусім па-рознаму… Усё залежыць ад таго, як яна ляжа ў сцэнарый. Як жа «ўкласці» туды неабдымную гісторыю? Маштабную асобу?..

Ад маштабнага да дробнага

— Любая падзея складаецца з мільярду кампанентаў. Важна вылучыць у ёй самае галоўнае. Прычым для аднаго рэжысёра будзе галоўным адно, для іншага — іншае. Гэта і ёсць асноўная хітрасць: на падставе рэальнай падзеі рэальнага жыцця (а мы разумеем, што яна — бясконцая ў сваім падзейным радзе. Напрыклад, падзея пад назвай «Другая сусветная вайна» можа мець пачатак ад прыходу Гітлера да ўлады, а заканчвацца разбурэннем Берлінскай сцяны) вызначыць межы і знайсці галоўнае.

Спачатку знаходзім зыходную падзею — тую, з якой усё пачалося, без якой нічога не было б. Далей выяўляем герояў, мэты, канфлікты, усе грані тэмы. І як выйсце на фінал знаходзім той момант, які да яго падштурхне, пасля якога няма дарогі назад. Так набліжаемся да кульмінацыі і развязкі, лагічнага афармлення рэальнай падзеі і разумення логікі, таго, да чаго гэта рэальная падзея прывяла.

Асоба — персанаж?

— Рэальнасць героя таксама мае некалькі ўзроўняў. Важна помніць, што мастацтва займаецца чалавекам і нічым іншым. Сама падзея немагчымая для кіно, калі няма чалавечага фактару. Павінен быць герой, праз якога рэальная падзея будзе расказана, чыімі думкамі асэнсавана і праз чые вочы трапіць да гледача.

Ёсць лёс. Сюды ўваходзіць уласна чалавек і ўсё, што яго акаляе, аб’ектыўны і суб’ектыўны бок. І, канешне, асоба рухаецца ў часе. Час утварае арку: з чаго герой пачынае, да чаго прыходзіць і ўсе этапы: крызісы — дасягненні — адкрыцці. Адбываецца своеасаблівая эвалюцыя героя, якую трэба высветліць і правільна расставіць акцэнты.

Калі пра чалавека трэба сказаць нешта дакладна — з яго вобраза трэба выцягнуць квінтэсэнцыю. Яе можна назваць зернем — зерне і ёсць сутнасць вобраза, яго скразное дзеянне — тое, чаго хоча асоба, яе асноўная мэтанакіраванасць. Гэта вызначэнне глыбіннай сутнасці чалавека, яго «разынка», галоўная і характэрная рыса.

Такім чынам, і атрымліваецца персанаж: гэта яго мэта, дзеянні і перашкоды, якія ён пераадольвае, а таксама выбар, які робіць.

Ёсць розныя падыходы да таго, як ствараць рэальных герояў.

Першы: ісці ад псіхалагічнай праўды. (Так было зроблена ў фільме «Рух уверх»: сапраўдны трэнер не быў падобны на мастацкі вобраз, але ў цэлым кіношны персанаж адпавядаў ролі свайго прататыпа).

Другі: шляхам дасягнення поўнага знешняга падабенства, ідэальнага пераўвасаблення. (Напрыклад, галоўныя героі ў карцінах «Жалезная лэдзі» і «Чэрчыль».)

Цікава расказаць рэальную гісторыю — значыць перапрыдумаць яе, гэта складаная перапрацоўка. І праз рэальную гісторыю мы павінны прымусіць гледача перажыць моцныя пачуцці — эмацыянальнае ачышчэнне, катарсіс.

Жыццё — прычына мастацтва. Мы мусім дабівацца максімальнай псіхалагічнай пэўнасці тых фактаў, якія спрабуем данесці праз сцэнар. Гэта праўда і ёсць генеральнай мэтай.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.