Вы тут

У сталіцы пройдзе калядны фестываль педагагічнага майстэрства


27—28 снежня ў сталіцы пройдзе  VІІІ Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства. Ініцыятыва яго правядзення належыць Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Беларускаму педагагічнаму таварыству.


Кожны год у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў аказваецца тэма, якая з'яўляецца найбольш актуальнай. Сёлета яна гучыць так: “Пазнанне. Інтэлект. Творчасць”. Удзел у калядным фестывалі — абсалютна добраахвотны і ніякіх бонусаў настаўнікам быццам бы не дае, але папулярнасць яго проста “вірусная”. Колькасць месцаў абмежаваная, і трапіць у лік шчасліўцаў удаецца далёка не ўсім. Напрыклад, у гэтым годзе абавязковым патрабаваннем пры рэгістрацыі на фестываль была  наяўнасць метадычнага прадукту па развіцці творчых здольнасцяў навучэнцаў: метадычныя прыёмы, серыі заданняў і публікацыі па тэме.

Калядны фестываль — гэта сапраўдны феерверк педагагічных ідэй. Тэматыка заяўленых тэм майстар-класаў, творчых майстэрняў і ўрокаў для дарослых — на самы розны густ : “Медыя + творчасць”, “Нясумнае праграмаванне. Беларускі арнамент”, “Робат крочыць наперад”, “Рэцэпт поспеху вучнёўскага даследавання”, “Прымяненне сервісаў візуаліацыі інфармацыі на ўроках фізікі і астраноміі”,  “EDUScrum. Школьны ўрок ў фармаце бізнес-праекта”, “Тэатральна-творчыя метады работы на ўроках літаратуры”, “Развіцце крэатыўнасці праз выкарыстанне скрайбінгу”, “Інтэграцыя медыяэлементаў ва ўрок”, “Лайфхак: узлом па жыцці. Як зрабіць навучанне больш цікавым?”, “Фарміраванне дызайнерскіх уменняў у дзяцей у дашкольным узросце”, “Выкарыстанне ЛЕГА-канструктара для развіцця творчых здольнасцей у дашкольнікаў”, “Лэпбук на ўроках інфарматыкі”, “Мультымедыйная тэхналогія: ФотаШоу на службе ў сучаснага педагога” і іншыя.

Традыцыйна вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў фестывалю выклікаюць інтэрактыўныя перапынкі: сёлета іх увазе будуць прапанаваныя творчыя майстэрні “Каляднае бурымэ”, “Навагодняя паштоўка сваімі рукамі”,  “Знаёмае на незнаёмай мове (мастацкія фільмы эпохі СССР на мове смайлікаў)”,  QR-квэст “Загадкі малой радзімы” і іншыя крэатыўныя мерапрыемствы.

Летась удзел у Рэспубліканскім калядным фестывалі ўзялі 500 педагогаў: настаўнікі-прадметнікі, настаўнікі пачатковых класаў, выхавацелі дашкольных устаноў і педагогі-псіхолагі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.